23 верасня на адпустовай урачыстай Святой Імшы ў свята нябеснага заступніка нашага касцёла, святога айца Піо, нашая парафіяльная супольнасць вітала гасцей: Яго Эксцэленцыю біскупа Віцебскага і Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Алега Буткевіча, дэкана Вілейскага дэканата ксяндза-каноніка Аляксандра Барылу, ксяндза Уладзіміра Русака, айца Віталя Бандаронка. Святую Імшу ўзначаліў ксёндз-біскуп. 

У гаміліі біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў адметнасць, унікальнасць св. а. Піо сярод святых. Жыццё капуцына а. Піо было надзвычайнай з'явай. Людзі цягнуліся да яго, адчуваючы Божую моц, якая сыходзіла праз яго. Ён імкнуўся ў сваім жыцці рэалізаваць заклік Хрыста: "Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец Ваш Нябесны…" (Мц 5, 48). І паказаў, што гэта магчыма нават для нас, людзей слабых. А. Піо казаў, што Божы Будаўнік праз пастаянныя ўдары збаўчага долата старанна абчэсвае камяні (г. зн. кожнага з нас), рыхтуе іх, каб скарыстаць для Божай будоўлі, Свайго Касцёла. А чым з'яўляюцца гэтыя ўдары долата? Гэта цемра, нашыя страхі, спакусы, духоўны і фізічны боль, пакуты. Гэта тое, чаго мы ў жыцці стараемся абмінуць, пазбыцца, лічым злом. Фенаменальнасць а. Піо ў яго цудадзейнасці, сапраўды, але таксама і ў тым, што ён, 50 год носячы раны Езуса, якія прычынялі боль, а таксама перажываючы шматлікія хваробы цела, адкрыў нам, што  нашыя цярпенні - гэта дар Божай любові.

Варта ўгледзецца і зразумець, што ў нашым сапсаваным грахом свеце, праклятым свеце, з'яўляюцца важнымі не матэрыяльныя рэчы, якія ніколі не змогуць задаволіць нашыя прагненні. Бо хто і калі назваў колькасць грошай, патрэбных для поўнага шчасця? А ёсць важнай духоўная рэчаіснасць, у якой мы можам узрастаць менавіта тады, калі маем недахоп у матэрыяльным.  Святы апостал Павел казаў: "Калі я слабы, тады моцны" (2 Кар 12, 10), "Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста" (Гал 6, 14). Дзіўная рэч: адмаўляючы ў нечым сабе ў свеце матэрыяльным, мы становімся мацней у свеце духоўным. Тое, што ўспрымаецца як зло, ёсць тым, што дапамагае нам увайсці ў духоўнае жыццё, адчуць яго смак, багацце. Але тады, калі перажываем свае абмежаванні разам з Хрыстом, адказваем на Яго заклік: "Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. " (Мц 11, 28). 

Св. а. Піо атрымліваў - і надалей атрымлівае - для сваіх духоўных дзяцей, для ўсіх, хто да яго звяртаецца, незлічоныя ласкі, цудоўныя аздараўленні. Але даваў ён не з сябе, а дзяліўся Божай ласкай, якую меў дзякуючы таму, што свае шматлікія пакуты перажываў, яднаючыся з Хрыстом. У псалме спяваем: "Пане мой і Божа, Ты маё дабро". Праз прарока Ерамію Пан кажа: "Няхай мудры не хваліцца сваёй мудрасцю, няхай моцны не хваліцца сваёй сілаю, багацей няхай не хваліцца сваім багаццем. Той, хто хваліцца, няхай вось чым хваліцца: што ён разумее і ведае Мяне, што Я — Пан" (Ер 9, 23-24). Падзяліцца з іншым чалавекам мы можам толькі тым, што дае нам Бог. З сябе самога мы можам даць у рэшце толькі пустэчу. 

Яго Эксцэленцыя пажадаў прысутным дапамогі св. а. Піо  ў тым, каб шукаць найперш Божага Валадарства, напаўняць сябе і свет вакол нас Духам Божым. А таксама дапамогі гэтага Святога ў тым, каб перажываць свае цяжкасці, не выпускаючы з увагі Хрыста, каб тыя хваробы і цяжкасці, якія прыходзяць, навучыцца прымаць, і ахвяраваць Богу. Гэта заўсёды актуальна, а асабліва цяпер, калі свету гэтак не хапае супакою.

На Святой Імшы таксама маліліся за а. Андрэя Жылевіча, які нядаўна, 8 верасня, адзначаў 25-ю, юбілейную, гадавіну манаскага жыцця. А. Андрэй, звярнуўшыся са словамі падзякі, сказаў, што ў сваім манаскім і святарскім жыцці імкнецца зрэалізаваць словы малітвы св. Францішка аб  духу любові і  падкрэсліў важнасць малітвы, у тым ліку, за кансэкраваных асобаў і святароў.  

Пасля Імшы ўсе жадаючыя павіншавалі а. Андрэя з юбілеем.  

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».