ERC_1017

У Вербную нядзелю з пачаткам Вялікага тыдня завяршыліся велікапостныя рэкалекцыі ў нашай парафіі, якія праводзіў а. Уладзіслаў Мінько OFMCap.

Каб дапамагчы нам годна перажыць Вялікі тыдзень, каб мы былі гатовыя скарыстацца з дару мукі і смерці Езуса Хрыста, а. Уладзіслаў тры дні разважаў над Псальмам 51 (50), які напісаў кароль Давід пасля грэхападзення (2 Кніга Валадарстваў, раздзелы 11-12).

1. У першай частцы псальма аўтар шчыра, ў праўдзе перад сабой і Панам Богам вызнае свой грэх. Кожнае сапраўднае пакаянне, перамена жыцця пачынаецца з таго, што чалавек становіцца ў праўдзе перад сабой і Богам, называе грэх па імені, прызнае крыўду, якую ўчыніў, знаходзіць у сабе тое, што не можа прыняць. Чым раней гэта чалавек зробіць, тым лепш. Гэта абароніць яго ад памылак.  Па тым, якімі спосабамі мы вызнаем свае грахі на споведзі, можна ўбачыць, ці мы сапраўды маем адвагу прызнаць пэўны грэх за сабой.  "Я украў", "я чужаложыў", а не "укралася", "зграшылася", "можа ўкраў", "можа зграшыў".

Каб прызнаць праўду, трэба яе ўбачыць, пазнаць.  Як пазнаць праўду? Хрыстос прызывае заставацца для гэтага ў Яго навуцы. Яго навука - гэта Слова Божае. Гэта першая кніга, якую варта слухаць, чытаць, пазнаваць. Другая кніга - гэта Крыж, які без слоў прамаўляе праўду аб тым, які ёсць грэх, што ён чыніць. Таксама ў кожнага чалавека ёсць сумленне, у якім можна пачуць праўду. Касцёл заахвочвае нас штодня рабіць рахунак сумлення: "Божа, які я сёння? Ці любіў я сёння Цябе, ці любіў іншых людзей, ці любіў сябе?" Рахунак сумлення - гэта малітва да Духа Святога, каб Ён дапамог мне прыгледзецца да майго жыцця. Важна навучыцца яго рабіць. Можна запытацца ў блізкага чалавека, як ён мяне бачыць. Важна шукаць праўду пра сябе, а таксама яе прызнаць. Часам прызнаць гэтую праўду складана, балюча, але калі ёсць жаданне, Дух Святы дапаможа, дасць ласку.

Часта  ад таго, каб прыняць праўду, адпужвае той вобраз Бога, які мы ў сабе маем. Грэх скажае вобраз Бога. Мы баімся, што мы, зграшыўшы, становімся нікчэмнымі ў вачах Бога, што Ён перастае нас любіць, што Ён нас пакідае. Але Бог заўсёды тут, побач. А праблема ў тым, што мы самі пачынаем ад сябе і ад Яго хавацца, апранаем маскі. Пан Бог кажа: "Куды ты пайшоў, я тут, у табе, там, дзе твая рана." Каб Яго сустрэць, трэба вярнуцца да сябе, да праўды аб сабе. Давід гэта добра разумее: "Ты палюбіў глыбокую праўду". Самае прыгожае сэрца для Бога - праўдзівае, якое не баіцца паказаць Яму, якое яно ёсць.

Лепш і больш у запісу (ад 1.02.00 на стужцы часу):  https://www.youtube.com/

Аудыё: дзень 1

Дапаможная картка:

 kartka_den1

2. У другой частцы псальма з вялікай адвагай, якую нават можна палічыць нахабнасцю, Давід просіць Бога ачысціць яго ад граху, аднавіць, вярнуць радасць Божай прысутнасці, зрабіць яго нават лепшым і чысцейшым, чым быў да граху. Бо мае правільны вобраз Бога, ведае бязмежную Божую любоў і міласэрнасць. Давід не зацыкліваецца на граху (чужалоства, падступнае брыдкае забойства), але просіць прабачыць. 

Можна параўнаць Давіда і марнатраўнага сына з прыпавесці (Евангелле ад Лукі, раздзел 15: 11-32). Гэты сын, калі ўсвядоміў свой грэх, вярнуўся да свайго бацькі, адчуваючы сваю нявартасць як сына і жадаючы быць у яго наёмнікам. І большасць тых, хто прыходзіць да споведзі, прыкладна так перажывае: вызнаём грахі і адыходзім, спадзяваючыся, што Бог не палічыць нам гэтых нашых злых выбараў і дасць нам яшчэ жыць, і дасць шанец на жыццё вечнае. Але Давід не так гэта перажывае. Калі яго паставіць на месца марнатраўнага сына, ён бы сказаў прыкладна так: "Ойча, я зграшыў перад Небам і перад табою. Дай мне зноў персцень, сандалі, вопратку і пайшлі весяліцца". У псальме ён просіць назад тое, што меў і нават больш: "Ствары ўва мне чыстае сэрца". Давід ужывае тое самае габрэйскае слова "бара", якое азначае "стварыць з нічога", якое ўжыта ў Бібліі пры апісанні стварэння свету Богам і адпавядае толькі Богу. Давід просіць Бога зрабіць з нічога яму чыстае сэрца. Вось гэта сапраўдны вобраз Бога. У прыпавесці пра марнатраўнага сына Езус нам хацеў паказаць вобраз Бога ў вобразе айца, поўнага любові і прабачэння. Давід гэта ж нам даносіць у сваім псальме, толькі перажывае па-каралеўску, усведамляючы, што ён кароль, і на меншае не згодны. Ён не хоча быть проста памілаваным, а хоча вярнуцца да свайго каралеўскага стану: чыстага сэрца, радасці. Вось так трэба жыць па-хрысціянску: "Калі жаніцца, то на прынцэсе, калі паміраць, то для Божага Валадарства". Замест таго, каб азірацца на свае раны, можна з даверам папрасіць Бога стварыць штосьці новае ў маім жыцці.

Лепш і больш у запісу (ад 2.30.00 на стужцы часу): https://www.youtube.com/

Аудыё: дзень 2

Дапаможная картка:

kartka_den2

3. У трэцяй частцы псальма Давід малюе сабе карціну таго, што будзе рабіць пасля таго, як Бог яму прабачыць: хоча прапаведаваць міласэрнасць і дабрыню Бога бязбожнікам, хоча евангелізаваць. Кожны з нас мае слабое месца, самую балючую рану. Часта, калі чалавек мае адвагу ўвайсці ў яе і перажыць з Богам, то ён адкрывае ў сабе новыя здольнасці, свой геній. Кожны хрысціянін падчас хросту быў намашчаны быць каралём, святаром і прарокам. У вачах Бога мы імі і з'яўляемся. Мы пакліканы да вялікіх рэчаў. Маці Тэрэза з Калькуты казала, што вялікія рэчы - гэта малыя рэчы, зробленыя з вялікай любоўю. Кожны на гэта здольны. Каб сапраўды перажыць пакаянне, трэба пачаць рабіць штосьці добрае. Калі чалавек знойдзе сваю маленькую вялікую справу, сваю місію, то яму не захочацца вяртацца да граху, не будзе часу грашыць. Пакаянне павінна весці да зразумення таго, як я магу перамяняць гэты свет, што я хачу рабіць.

Давід, учыніўшы такі страшны грэх, але такім чынам пакаяўшыся, атрымаў ад Бога больш, чым меў. Нават абяцанне, што з яго роду выйдзе Месія. Сёння спявалі напачатку: "Гасанна Сыну Давіда!". Няхай Давід будзе для нас прыкладам таго, як не баяцца Богу адкрываць сваё сэрца.

Лепш і з прыкладамі ў запісу (ад 58.36 на стужцы часу): https://www.youtube.com/

Аудыё: дзень 3

Дапаможная картка:

kartka_den3

Шчыры дзякуй а. Уладзіславу за рэкалекцыі.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

 

Фота: https://vk.com/        https://www.facebook.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».