дзень 1 00

На гэтай старонцы будзем змяшчаць фота і спасылкі на відэа, а таксама інфармацыю пра тое, як праходзіць пілігрымка Маладзечна - Будслаў. 

Дзень першы, 28.06

Пілігрымка распачалася Святой Імшой а 9-00 з удзелам бп. Юрыя Касабуцкага. "Традыцыйны пілігрым" і ўдзельнік 1-й пешай пілігрымкі Маладзечна - Будслаў, бп. Юрый нагадаў пілігрымам, што яны вырушаюць не проста ў падарожжа, але пойдуць у імя Пана Бога, несучы не толькі заплечнік з рэчамі, але і "заплечнік" з інтэнцыямі. Найважнейшыя рэчы для пілігрыма - гэта малітва, паслухмянасць і ўзаемная дапамога. Пілігрымку вядзе перадусім Пан Бог, які праз кіраўніка, а. Уладзіслава Мінько, паказвае Сваю волю. Таксама пілігрымы сваім стаўленнем адзін да аднаго даюць сведчанне хрысціянскай любові. Галоўная інтэнцыя сёлетняй пілігрымкі - супакой у свеце, паміж краінамі, у сем'ях і ў сэрцах. Пасля біскупскага благаслаўлення каля 180 пілігрымаў, у тым ліку браты капуцыны, францішкане канвентуальныя, сёстры місіянеркі Святой Сям'і, сёстры дамініканкі, вырушылі да Маці Божай і павінны дабрацца да Вілейкі. Жадаем ім і іх добраму пастыру радаснага і трывалага духу!

 дзень 1 0

дзень 1 Вілейка 3

Фота і відэа першага дня на старонках:

https://www.instagram.com

https://vk.com

https://www.facebook.com

Дзень другі, 29.06

Раніца другога дня для пілігрымаў распачалася з удзелу у святой Імшы, прысвечанай ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла.
З гамiлiяй да ўсіх верных звярнуўся Кс. Павел Шчарбіцкi з парафіi Св. Міхала Арханёла, г. Смаргонь.
Разам з пілігрымамі са Смаргоні мы мелі магчымасць адудзячыць прыхажанам парафіі Узнясення Святога Крыжа г. Вілейка і пробашчу за гасціннасць, дзякавалі Богу за новы дзень, шлях, які ён для нас прыгатаваў, людзей, з якімі яшчэ сустрэнемся.
Нягледзячы на прагноз надвор'я, аб якім сведчылі спасылкі ў інтэрнэт сетках, перад святой Імшой, каля касцёла, можна было заўважыць вясёлку, якая, як напісана ў Старым Запавеце, была абвешчана Богам у знак завета паміж Богам і зямлей (Быцце 9:13-16). Таму з даверам ў сэрцы мы вырушылі пад дажджом ў дарогу, працягласцю амаль што ў 24 км у накірунку Вiлейка-Касцяневiчы. І сёння мы яшчэ раз ўпэўніліся ў цвёрдасці Яго абяцання.
Як Пётр і Павел, адказваючы на заклік абвяшчаць Евангелле ўсяму свету, прыклалі шмат намаганняў, каб да як мага большай колькасці людзей данесці праўду аб Уваскрослым і Жывым Хрысце, так і ў пілігрымаў ёсць магчымасць дзяліцца гэтым сведчаннем праз малітву, спевы, танцы, люцкую зычлівасць і ўсмешку.
Каб кожны ўдзельнік пілігрымкі яшчэ больш плённа скарыстаў ахвяраваны час, на шляху прадугледжаны канферэнцыі, пасля якіх кожны можа паразважаць над словамі, задаць сабе пытанні. Сёння са словамі да нас звярнуўся бр. Аляксандар Астраушка, які прадоўжыў разважанні на тэму супакою.
Таксама на працягу дня кожны жадаючы можа падыйсці да святара, каб атрымаць ачышчэнне праз сакрамэнт пакаяння і паяднання.
На прыканцы дня для ўсіх пілігрымаў прадугледжаны вячэра і праграма "Вясёлы вечар" , каб кожны пілігрым мог падсілкавацца і супольна адпачыць.

 дзень 2 0

дзень 2 1

Фота і відэа: 

 https://www.facebook.com/

https://vk.com/

Дзень трэці, 30.06

За плячыма трэці дзень пешага пiлiгрымавання, 9 гадзін малітоўнага падароджа, 23 км у накірунку Касцяневiчы-Крывiчы. Але гэта толькі прамежкавы пункт да галоўнага пункту вандравання.
Традыцыйна дзень распачаўся святой Імшой у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пасля благаславення, пад гучны гук свiстка бр. Уладзіслава мы вырушылі, развітваючыся з гасціннымi жыхарамі вёскі.
Сёння працягваем разважаць над тэмай супакою, і з разважаннямі да пілігрымаў звярнуўся бр.Віктар Мялешка, які раскрываў значэнне слова супакой праз прыклад святога Францішка.
Нягледзячы на спякоту, пілігрымы мелі магчымасць назіраць за цудоўнымі краявідамі, багаццем колераў кветак.
Кожны дзень ў малітве Ружанцовай пілігрымы лучацца з тымі, хто не змог далучыцца да пешай пілігрымкі, ўзносяць словы падзякі і просьбы да Той, якую завуць Каралевай Супакою, да нашай нябеснай Матулі, Марыі.
Напэўна, новай для Маладзечанскай пілігрымкі была праца ў групках, дзе кожны меў магчымасць асабіста паразважаць над словамі з малітвы, падзяліцца думкамі, паслухаць абаснаванне кiраўнiка групкі.
Увечары пілігрымаў чакае малітоўнае набажэнства, як падзяка за пройдзены шлях.

 

дзень 3 3 

Фота і відэа:  

https://www.facebook.com

https://vk.com/

Дзень чацвёрты, 1.07

Напэўна, кожны пілігрым чакаў гэтага дня, калі сам на сам сустрэнецца з нябеснай Валадаркай.
Чацвёрты дзень распачаўся з сустрэчы на супольнай малітве. Пасля ранішняга пасiлку а 9-ай гадзіне пілігрымы вырушылi ў накірунку Крывічы-Будслаў. Перад намі былі апошнія, але не менш значныя 16 км дарогі, поўныя малітваў, разважанняў.
У набажэнстве Крыжовага шляху прайшлі па стацыях, разважалі над збаўчай мукай, прасілі аб прабачэнні ранаў, якія нанеслі іншым, i ў заканчэннi, прыйшоўшы да гары "Перапрашэння", кожны змог папрасіць прабачэнне ў бліжняга, паяднацца праз словы падзякі, або проста адарыць усмешкай таго, хто яе патрабуе. Праз заступнiцкую малітву ружанцовую ўзнеслі свае інтэнцыі да Марыі. Бр. Сяргей Мацюшонак апошні раз у гэтай пілігрымцы звярнуўся з канферэнцыяй, падагульняючы ўсё сказанае на тэму супакою.
I вось, мы дасягнулi мэты свайго вандравання - прыйшлі да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, адзначаючы трыццаты юбілей. За плячыма чатыры дні дарогі, у агульнай колькасці пераадолена 100 км. Апаленыя сонцам, акропленыя дажджом, з мазалямi на нагах, але не страціўшыя жадання ушанаваць святы абраз з запалам ў сэрцы, цеплынёю ў адносінах, з малітвамі і песнямі дзеці, моладзь, дарослыя і людзі сталага ўзросту, кансэкраваныя асобы дзень за днём крочылі да матулі.
Гучным спевам пілігрымы ўвайшлi ў санктуарый, вітаючы Марыю, узносячы хвалу. Лежачы крыжам, прабывалі некаторы час у цішыні ў знак перапрашэння за людскія грахі.
А 18-ай гадзіне, на пляцоўцы перад санктуарыем, ўсе пілігрымы сабраліся на святочную Імшу, кожны з сiмволікай сваёй пілігрымкі. Гэта вельмі цудоўная ласка назіраць, як людзі, прыйшоўшы з розных куточкаў Беларусі, поўныя гатоўнасці ахвяроўваць свой час, адмаўляючыся ад камфортных умоў і пераўзмагаючы фізічны боль, падбадзёрваюць адзін аднаго.
Каб кожны мог ў цёплай атмасферы адпачыць, падсілкавацца, i пазнаёміцца з файнымi людзьмі, на прыкасцельнай тэрыторыі была размешчана капуцынская палатка, дзе моладзь, разам з братамі капуцынамі, частавала кавай, печывам і шмат чым іншым. Валанцёры Caritas плённа бавілі час з дзецьмі, мелі для іх шмат пачастункаў, а таксама знаёмілі ўсіх з мэтай сваей дзейнасці на Беларусі.

 дзень 4 1

дзень 4 11

 Вітай, Марыя, Каралева Супакою!

Фота і відэа:

https://www.facebook.com/https://www.facebook.com/

https://vk.com/

Шматлікія шчырыя словы ўдзячнасці а. Уладзіславу і ўсім святарам ад пілігрымаў і іх родных і блізкіх!

 

Дзякуй медыйнай групе парафіі:

Тэкст: Марыя Туровіч, Кацярына Савянок

Фота і відэа: Вікторыя, Дамініка, Вадзім,

Ірына Фаміна, Эрык Савянок

і ўсе актыўныя пілігрымы