Што ж там бялее на фоне нябёсаў,
Што ззяе ў золаце сонечных косаў?
Куды вядзе той гасцінец-дарога?
– То да святыні, услаўленай цудам,
Ўзнесенай некалі з вераю людам
На чэсць Марыі – на хвалу Бога!
Габрыэля Пузыня
Думаю, што не памылюся, калі скажу, што многія з вас па дарозе з Маладзечна ў Мінск праязджалі невялікі пасёлак Радашковічы транзітам, не робячы прыпынкаў і не выяўляючы асаблівай цікавасці да гэтага цікавага населенага пункта. У тым, што вы так паступалі дарма, паспрабую вас пераканаць.
Радашковічы-мястэчка,
Скарб духоўны землякоў.
Да мясцін святых, сустрэчаў
Сюды цягне спеў бароў.
Сцежкі родныя паэта,
Непагасны ліры звон.
Людзі помняць край апеты,
Прыязджаюць на паклон.
Сымон Белы (Колас)
Не ўсе, аднак, абмінаюць Радашковічы. Хтосьці прыязджае сюды паглядзець на прыгожую дзікую прыроду з паляўнічымі ўгоддзямі і лясамі, іншыя – ушанаваць памяць таленавітага паэта. Але пілігрыму-вандроўніку абавязкова варта звярнуць увагу на беласнежны каталіцкі храм Найсвяцейшай Тройцы, выкананы ў стылі позняга класіцызму. Ён занадта вялікі, каб застацца незаўважаным. Ён ахутаны таямніцай, легендамі і містыкай. З яго ўсё пачалося і працягваецца па сённяшні дзень. І калі ў Італіі ўсе дарогі вядуць у Рым, то ў Радашковічах усе дарогі вядуць да яго, да касцёла Найсвяцейшай Тройцы.
Будынак храма выглядае вельмі проста – звонку ён пафарбаваны ў белы колер, не абцяжараны фігурнай ляпнінай або іншымі ўпрыгожваннямі, але, што называецца, з густам: акуратныя лініі фасада згладжаныя плаўнымі абрысамі шматлікіх аконных і арачных праёмаў. Касцёл пабудаваны з дзвюма чатырох’яруснымі вежамі і трыма нефамі (нефы – гэта выцягнутыя памяшканні ў храме), якія падзяляюцца паміж сабой двума радамі квадратных калон. Да нашых дзён унутры ў некаторых месцах на падлозе захаваўся старадаўні арнамент. Перад уваходам у касцёл стаіць брама з трыма арачнымі праходамі. Вежы касцёла і сёння з’яўляюцца галоўнай дамінантай пасёлка. Цікава, што адна вежа карацей іншых. Часам можна пачуць, што гэты касцёл мае тры жыцці. Ці гэта праўда і чаму так, паспрабуем разабрацца разам.
Ні з вайной, ні з бітвай, ні з кірмашом, а менавіта са святыняй звязана першая гістарычная згадка пра Радашковічы і, на маю думку, гэта – сімвалічна.
Радашковічы – прыватнаўласніцкі, потым заштатны горад, размешчаны пры ўпадзенні ракі Гуйкі ў Вязынку, які ўзнік як гандлёва-рамеснае паселішча. Упершыню быў згаданы ў 1447 г., калі віленскі кашталян Пётр Сенька Гедыгольдавіч, спадчыннік Вішнева (Ашмянскі павет, зараз гэта Валожынскі раён) разам з жонкай Багумілай (у некаторых крыніцах Мілохнай) заснавалі тут касцёл святой Тройцы. Вялікі князь літоўскі Аляксандр у 1484 г. перадаў Радашковічы князю Васілю Вярэйскаму, затым мястэчка перайшло яго зяцю Альбрэхту Гаштольду.
Цікавае паходжанне мае назва населенага пункта. Яе можна разглядаць як вытворную ад слоў “радзіцца” і “раіцца” (советоваться), а магчыма і “радавацца” (у беларускім фальклоры ёсць легенда, якая пацвярджае адну з гэтых версій). Сюды ж адносяць і аднакарэннае слова “радзімічы”. Ёсць гіпотэза, што назва паходзіць ад мянушак Радашковіч, Радашкевіч. Складанасць высвятлення паходжання назвы звязана яшчэ і з тым, што на працягу стагоддзяў змянялася яе вымаўленне. У дакуменце 1594 года згадваюцца Радушкевічы, а ў вусным варыянце і сёння можна пачуць Радашкавічы.
У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, мелі у той момант 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. У XVI стагоддзі тут быў пабудаваны драўляны замак з чатырма вежамі (двума квадратнымі, адной круглай і адной прамавугольнай), убудаванымі ў сцены, і пятай вежай унутры двара. Крэпасць атачалі два вадаёмы, трапіць у замак можна было толькі праз пад’ёмны мост. Замак належаў каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту II Аўгусту, які падчас Лівонскай вайны з царом Іванам IV Грозным вырашыў сабраць пад Радашковічамі прыстойнае войска, але сам сюды так і не прыбыў. Ладна пашумеўшы, рыцары разышліся, а гэты ваенны кур’ёз у народзе празвалі жартам “вайной пеўняў”. У год утварэння Рэчы Паспалітай (1569) Жыгімонт II Аўгуст падпісаў прывілей, якім дараваў Радашковічам магдэбургскае права (яно ўяўляла сабой, як цяпер сказалі бы, стандартны пакет нормаў, правілаў, якімі кіраваўся ў сваім жыцці кожны больш-менш буйны горад. Калі горад атрымліваў гэтае права, то ён станавіўся вольным і больш ужо не падпарадкоўваўся наўпрост ані войту, ані старостам, а толькі каралю і вялікаму князю, атрымліваў шмат ільготаў, палёгкі для развіцця гаспадаркі.).
У гэтым жа годзе горад быў аддадзены каралём Жыгімонтам II Аўгустам ва ўтрыманне Каленіцкаму-Тышкевічу. У далейшым Радашковічы былі прыватнаўласніцкім горадам і належалі каралеве Боне Сфорцы, Глебавічам, Агінскім, Масальскім, Радзівілам.
Але ж вернемся да гісторыі нашай Святыні. Фундуш для парафіі і будаўніцтва драўлянага храма, як ужо вядома, быў зроблены ў 1447 годзе Пятром Сенькам Гедыгольдавічам, віленскім кашталянам, з жонкай Багумілай. Гэта быў храм пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, святой Ганны і святога Стэфана, які збіраў у сваіх сценах католікаў з усяго наваколля. Стараннямі ўдавы заснавальніка ў 1484(85) г. ахвяраванні на касцёл былі павялічаны. Гэтыя надбаўкі на царкву зацвердзіў Аляксандр Ягелончык сваім прывілеем, выдадзеным у 1503 годзе.
Але не ўсё складвалася проста і лёгка для жыхароў Радашковіч. Тутэйшая тэрыторыя несла вялікія эканамічныя страты падчас маскоўскіх войнаў, і таму, нягледзячы на тое, што ў 1669 годзе гэта быў дэканальны прыход Віленскай дыяцэзіі, у той час яна перажывала сур’ёзны “эканамічны крызіс”, паколькі падатковыя запісы праз дваццаць гадоў, а значыць, з 1673 года, гавораць пра “падымны” падатак толькі з 6 дамоў, хоць у 1653 г. такі ж падатак збіраўся з 50 дамоў.
Візататар у 1674 годзе пісаў, што тут ёсць касцёл “драўляны, вялікі”, а духоўнае служэнне выконвае святар ксёндз Канстанцін Бжастоўскі.
Падчас Паўночнай вайны вясной 1708 г. у Радашковічах праходзілі перамовы паміж шведскім каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Менавіта адсюль 11 сакавіка Станіслаў Ляшчынскі, якому Віленскі магістрат уручыў ключы ад сталіцы, адправіўся у Вільню. А Карл XII арганізоўваў тут “зімовыя ложы” для войскаў шведска-саксонскай кааліцыі. Каля трох месяцаў з 18 сакавіка па 6 чэрвеня 1708 года знаходзілася ў ваколіцах Радашковіч Стаўка шведскага караля. Падданыя Карла XII чакалі, пакуль дарогі стануць цвёрдымі, і займаліся ўвесь гэты час зборам правіянту для войска, а кажучы простай мовай – рабаваннем мясцовага насельніцтва. Канечне, усе гэтыя падзеі ўплывалі на мясцовых жыхароў…
Дзейнічаў касцёл да 1734 года, але яго стан быў “крытычным”. Падчас пажару, які знішчыў будынак першага касцёла, былі выратаваны партрэты яго заснавальнікаў, якія пасля пабудовы новага касцёла ў 30-я гады XVIII ст. разам з іншымі рэліквіямі ўпрыгожвалі інтэр’ер святыні.
У 1734-1736 гг. на гэтым жа месцы быў узведзены “руплівасцю ксяндза Сымона Мхоўскага, пісара Апостальскага, плябана Радашковіцкага пры дапамозе розных дабрадзеяў” новы касцёл, які ў 1740 г. (па іншых звестках у 1741 годзе) быў асвечаны біскупам жамойцкім Антоніем Дамінікам Тышкевічам пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы і Стэфана мучаніка. Такім чынам пачыналася другое жыццё радашковіцкай святыні. Гэта была драўляная, крыжова-купальная, пакрытая гонтаю і ашалёваная святыня, над якой узносіліся аж 6 вежаў – купал над сяродкрыжжам, 2 вялікія пры ўваходным фасадзе, 2 меншыя каля купала (магчыма, над крыламі трансепта) і яшчэ адна маленькая (сігнатурка) над прэзбітэрыем. Святыня мела 42 сажані ў даўжыню і 15 у шырыню (каля 80х32 м). Уваход у касцёл быў пазначаны гранёным тамбурам-барбаканам – “крухтай акруглай”. Прэзбітэрый фланкавалі 2 сакрыстыі. Усяго ў касцёле налічвалася 7 алтароў. Пяць з іх, двух’ярусных і разьбяных, упрыгожвалі аб’ём санктуарыя.
Галоўны алтар – Найсвяцейшай Тройцы – уяўляў сабой 6-калонную барочную кампазіцыю з фігурамі апосталаў Пятра і Паўла, Яна і Тадэвуша. Бочныя алтары – Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны і святой Ганны. Асабліва прыгожымі лічыліся алтары ў капліцах (у крылах трансепта паміж вокнамі), упрыгожаныя залатымі і срэбнымі дэталямі – святога Тадэвуша і святога Антонія. Яшчэ 2 алтары знаходзіліся ў капліцах, зробленых “пры дзвярах бабінца” (магчыма, у першым ярусе вежаў пры галоўным фасадзе) – Езуса Назараніна і святога Яна Непамука. Партрэты фундатараў – Пятра і Багумілы Гедыгольдавічаў – былі вывешаныя ў прэзбітэрыі каля дзвярэй у сакрыстыю. На хорах знаходзіліся арганы на 10 галасоў. Пад касцёлам былі зробленыя 2 мураваныя скляпы. Купал і сцены касцёла былі распісаныя на біблейскія сюжэты: у купале з алтарнага боку знаходзілася “Тайная вячэра”, злева і справа – “Мельхізэдэк з ахвярай хлеба” і “Ахвяра Аўраама”. Над “Тайнай вячэрай” да самага верху купала змяшчалася выява манстранцыі пад балдахінам, два анёлы па баках трымалі ў руках фестоны. Сцены і столь касцёла былі размаляваны сюжэтнымі сцэнамі, не пазней за 1782 г.
Сучасны выгляд галоўнага алтара
Такім чынам, у будынак барочнага стылю ўклалі нямала сродкаў: і ў багатае аздабленне, і ў сем алтароў унутры храма, і ў званіцу, пабудаваную побач.
Пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы дзейнічалі школа і шпіталь, мелася фундушовая бібліятэка, былі заснаваныя тры брацтвы – святой Ганны, Найсвяцейшай Тройцы і Імя Найсвяцейшай Марыі Панны.
Радашковіцкая парафія, у якой на канец XVIII ст. налічвалася больш за 2300 чалавек, абслугоўвала таксама дзве капліцы – у Новым Двары (сёння Рогаўскі с/с Мінскага раёна) і ў Сычавічах, якая была пабудаваная ў апошнія 15 гадоў XVIII ст. “асобна ад панскага дома, пры гасцінцы, па тыпу касцёла”. Драўляная святыня з абразом Найсвяцейшай Марыі Панны ў алтары дзейнічала да сярэдзіны XIX ст.
У пастырскай працы пробашчу дапамагаў другі святар: 1761 г. – ксёндз Міхаіл Пятроўскі, 1771-1772 гг. – ксёндз Казімір Пжыгодскі, 1777-1781 гг. – ксёндз Стэфан Пазняк, 1779-1780 гг. – ксёндз Ігнат Аляксеран, 1782-1785 гг. – ксёндз Васіль Шапаловіч, 1790 г. – ксёндз Габрыэль Зіхоўскі.
У 1785 г. адбылася візітацыя парафіі, тады згадваецца аб размяшчэнні з 1784 г. у галоўным алтары цудатворнай статуі Пана Езуса Назараніна, пры якой збіраліся шматлікія вернікі як лацінскага, так і грэчаскага абраду.
У 1792 годзе апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў права горада на самакіраванне. З гэтага дакумента мы таксама ведаем, які выгляд меў герб Радашковіч. Гэта быў не зусім звычайны герб, а з рэлігійным сюжэтам: на срэбным полі выява хрысціянскага першамучаніка святога Стэфана, пабітага камянямі. Выкарыстанне падобных рэлігійных сюжэтаў у геральдыцы нашай краіны вельмі рэдкая з’ява.
Святы Стэфан, архідыякан і першамучанік, пераканаўча прапаведаваў Евангелле і смела вёў спрэчкі пра веру. У сваіх казаннях ён ускладаў віну за смерць Езуса Хрыста на Сінедрыён. Фанатыкі ў сінагогах абвінавацілі яго ў блюзнерстве і з дапамогай ілжывых сведак дамагліся асуджэння на смерць (каля 35 г.) Стэфан да смерці быў забіты камянямі і стаў першым у гісторыі царквы пакутнікам. Пры пакаранні прысутнічаў Саўл з Тарса (пасля вялікі апостал Павел). У 415 г. мошчы Святога Стэфана былі перавезены ў Рым і пахаваныя разам з мошчамі святога Лаўрэнція. У хрысціянскім мастацтве Стэфана малявалі безбародым чалавекам, апранутым у дыяканскую далматыку (галоўнае літургічнае адзенне каталіцкіх дыяканаў), у руках якога быў камень, кадзільніца або пальмавая галіна.
З 1798 года парафія ўваходзіла ў склад Вілейскага дэканату Мінскай дыяцэзіі. Пробашчам з гэтага года і да 1804 г. быў ксёндз Антоній Букаты, дапамагаў у душпастырстве ў 1803-1804 гг. ксёндз Юзаф Катупайла.
Ксёндз Пётр Станкевіч (1809-1810 гг.) ператварыў могілкі каля царквы ў прыгожы англійскі сад, які з’яўляўся асаблівым упрыгожваннем святыні. У царкву можна было трапіць праз цікавую, з архітэктурнага пункту гледжання, званіцу і частку сада, прыстасаваную для працэсій, акружаную дрэвамі і кветкамі. Сакрыстыя была багата забяспечаная срэбрам і іншым посудам. Каля Статуі Адкупіцеля віселі зліткі золата і некалькі залатых кольцаў, абсыпаных камянямі. Храм са зручным жылым домам і іншымі пабудовамі, размешчанымі ў садзе, утваралі адно цэлае. Быў яшчэ адзін асобны дом, дзе жылі арганіст і адзін з камендантаў. Фондавая бібліятэка складалася з 82 тамоў твораў рэлігійнага зместу.
Пробашч выконваў свае абавязкі з дапамогай двух пастаянных камендантаў. Абавязкі фундушовыя былі наступныя: кожную нядзелю Імша спяваецца за фундатараў і другая, паводле кананічнага права, за вернікаў. У 1842 годзе парафія налічвала 3 309 католікаў.
Трагічная падзея напаткала храм 19 мая 1853 г. Так як і ў гэты раз храм будавалі з дрэва, ён не вытрымаў выпрабаванняў агнём – згарэў ад удару маланкі. Вось што аб гэтым паведамляе ў сваім рапарце Віленскаму біскупу Вацлаву Жылінскаму ксёндз Ян Драўдзік: “Мы ўжо не маем касцёла. Ад удару маланкі паміж 7 і 8 гадзінамі вечара ўчарашняга дня была знішчана найцудоўнейшая і найлюбімейшая мая [святыня], і цяпер я плебан без касцёла, святар без алтара, і парафія мая... цяпер засталася без малітвы...”.
Калі загарэўся будынак касцёла, людзі кінуліся на яго ўратаванне і, дзякуючы намаганням парафіянаў, было выратавана шмат касцёльнай маёмасці, нават званіца ацалела. “Толькі сігнатура з касцёльнай вежы і драўляная рама ад абраза святога Стэфана над вялікім алтаром згарэлі, але абраз паспелі выхапіць. Увесь астатні інвентар быў уратаваны. Адзінае, што было цалкам пашкоджана, – арган і некаторыя драўляныя рэчы: менса, канфесіяналы, дробныя іконы, лаўкі, амбона”. Па шчаслівым збегу абставінаў партрэты фундатараў будовы першага касцёла таксама былі ўратаваныя ад агню і ў апісаннях маёмасці касцёла, пабудаванага ўжо ў ХІХ ст., фігуруюць як “помнікі мінулага”.
Усім было зразумела, што патрэбны новы будынак касцёла: парафія налічвала 3630 вернікаў, таму ў Радашковічах і яго ваколіцах быў арганізаваны збор сродкаў на будаўніцтва святыні. Нягледзячы на цяжкую хваробу, гэтую працу ўзначаліў ксёндз Ян Драўдзік. Галоўнымі фундатарамі касцёла былі Людвік і Антоній Валадковічы, але шчодрыя ўнёскі зрабілі таксама многія парафіяне, якія палічылі сваім абавязкам удзельнічаць у дабрачыннай акцыі. Значная дапамога прыйшла з Віленскай кансісторыі, дзе адначасова таксама вырашалася пытанне аб распрацоўцы праекта новага касцёла.
29 верасня 1853 г. Віленская губернская будаўнічая і дарожная камісія зацвердзіла фасады, план і разрэз касцёла, складзеныя архітэктарам К. Хршчановічам.
13 мая 1854 г. Віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі даслаў ксяндзу Яну Драўдзіку прадпісанне аб неабходнасці выканання, паводле рымска-каталіцкай традыцыі, рытуалу закладкі краевугольнага каменя новай Божай святыні. Урачыстая падзея адбылася 1 красавіка гэтага ж года, і, на радасць парафіянаў, пачалося будаўніцтва касцёла. Так пачалося новае, трэцяе жыццё радашковіцкага касцёла.
На жаль, ксёндз Ян Драўдзік пасля працяглай хваробы неўзабаве памёр, адпісаўшы ў тэстамэнце чацвертую частку сваёй маёмасці на будаўніцтва святыні. Ён быў пахаваны 21 снежня 1854 года. Абавязкі вілейскага дэкана ў гэты перыяд выконваў ксёндз Антоній Пузылевіч, які прыняў на сябе кіраўніцтва па ўзвядзенні новага касцёла.
Будаўнічымі працамі кіраваў каменшчык з Чарнігаўскай губерні Навазыбкаўскага павета Савелій Клімаў [сын] Влазнеў па кантракце, заключаным яшчэ з ксяндзом Янам Драўдзікам у 1854 годзе. Ён жа ўзяў на сябе абавязкі па вырабе цэглы, вытворчасць якой была наладжаная ва ўладаннях памешчыка Снітко.
Спачатку будаўніцтва касцёла вялося досыць хуткімі тэмпамі. У 1855 г. дэканам касцёла быў прызначаны ксёндз Пётр Жылінскі (1816–1887), аднафамілец ксяндза Вацлава Жылінскага (1803–1863). Але ўжо ў лютым 1856 г. высветлілася, што сродкі, сабраныя на ўзвядзенне святыні, скончыліся, і таму ксёндз Жылінскі звяртаецца у кансісторыю з просьбай аб дадатковым фінансаванні для заканчэння будаўніцтва касцёла. Сродкі былі выдзеленыя, і праца аднавілася. Між тым Савелій Влазнеў пакінуў Радашковічы («по невозможности окончания оной работы»), але дакладныя прычыны яго рашэння і імя яго пераемніка нам не вядомыя.
Будаўніцтва касцёла было закончана ў 1859 г. 3 верасня 1860 г. новая святыня была кансэкравана біскупам Вацлавам Жылінскім пад тытулам Святой Тройцы. Вось як аб гэтай падзеі апавядаецца ў газеце “Kuryer Wilenskie”: “У Радашковічах яго (біскупа – аўт.) вітала прысутнае ў вялікай колькасці духавенства з дзвюх дыяцэзій – з Віленскай і Мінскай. На другі дзень, 4 верасня, у нядзелю, асвяціў тутэйшую царкву наваяўлены святар ганаровы канонік ксёндз Пётр Жылінскі. Падчас абраду гэтага, калі святыя рэліквіі Станіслава біскупа, Фларыяна і іншых мучанікаў пранеслі з працэсіяй перад брамай храма, сам Яго Вялебнасць зрабіў ласку звярнуцца да сабранага народу, які да глыбіні душы ўсхвалявана слухаў словы архіпастыра…”.
“…Пасля пажару ксёндз Драўдзік шчыра клапаціўся пра аднаўленне царквы, але смерць, якую, магчыма, паскорыў гэты няшчасны выпадак, не дазволіла ажыццявіць гэты намер.
У той час Яго Вялебнасць мітрапаліт кіраваў Віленскай дыяцэзіяй і ў пастырскай клапатлівасці ён доўга непакоіўся, пакуль не выбраў у Радашковічы святара, ксяндза Пятра Жылінскага. Раней ён быў пробашчам у суседніх Солах, дзе сам пабудаваў прыгожую царкву. Па волі мітрапаліта ён (кс. П. Жылінскі – аўт.) узяўся за ўзвядзенне на руінах новай царквы, і Бог блаславіў яго.
З дапамогай урада, з ахвяраванняў сваіх новых вернікаў і са свайго асабістага фонду ён пабудаваў малітоўны дом. Ён сам рабіў планы, сам іх выконваў і работамі кіраваў; пасля таго, як былі зняты рыштаванні, звонку паказалася пышная і прыгожая базіліка, а ўнутры – акуратны, сіметрычны і багата ўпрыгожаны каталіцкі храм. Вы не знойдзеце тут бляску, грубай пазалоты, мармуру, фрэсак, але ўсё захапляе, і дух для малітвы абуджаецца. Архіпастыр публічна дзякаваў святару за ўсё гэта, і святар быў варты гэтай падзякі, словы архіпастыра выклікалі слёзы на вачах расчуленых людзей… У новай царкве няма арганаў. Музыка з Мінска і спевакі пад кіраўніцтвам п. Стэфановіча шчыра радавалі і распальвалі людзей, якія маліліся. Доўга-доўга будзе памятаць кожны, хто прысутнічаў пры асвячэнні і набажэнстве ў Радашковіцкім касцёле. Пасля абеду, дадзенага ў плябаніі для духавенства і вернікаў, парафіянкі пачалі збіраць ахвярапрынашэнні на арганы і ў адно імгненне сабралі некалькі сотняў рублёў. Бог дапаможа святым і добрым намерам”.
Пасля асвячэння касцёла працы ўнутры яго будынка і на яго тэрыторыі працягваліся яшчэ некалькі гадоў. У рапарце ад 29 жніўня 1863 г. дэкан П. Жылінскі паведамляў, што “ўсё патрэбнае для набажэнстваў і касцёльнага парадку” ў святыні ёсць, але яшчэ неабходна зрабіць каменную агароджу каля касцёла. Яе праект быў таксама распрацаваны Казімірам Хршчановічам, але, верагодна, з-за адсутнасці сродкаў (патрабавалася сума 1500 рублёў срэбрам) яго так і не рэалізавалі. У сакавіку 1868 г. адміністратар касцёла ксёндз Юзаф Карвоўскі прасіў кансісторыю дазволіць “часова агарадзіць касцёл коллем, бо розныя жывёлы псавалі яго сцены”. Праз шмат гадоў вілейскі дэкан Станіслаў Сульжынскі мусіў зноў узняць пытанне аб каменнай агароджы, без якой прыгожы будынак касцёла «много теряет на эфекте», бо агароджаны згніўшым драўляным коллем. Толькі ў другой палове 1870-х гадоў пытанне нарэшце вырашылася.
У інвентарным апісанні касцёла (прыблізна першая палова 1860-х гг.) паведамляецца: «Костёл… стоит передним фасадом на восток с двумя башнями, которые имеют четыре этажа, длиною 56 арш., шириною 35 арш., вышиною башен 40 арш. В середине своды на 6 столбах, крыша гонтом крыта, а башни – железною листовою бляхою…».
Непадалёк ад касцёла знаходзяцца могілкі, аддаленыя на палову вярсты, акружаныя ровам, у цэнтры – капліца з франтонам, які ўтрымліваецца калонамі. У сярэдзіне XIX ст. на месцы драўлянай была ўзведзеная каменная капліца пад тытулам святога Яна Непамука. Акрамя яе ў канцы XIX ст. парафія касцёла Найсвяцейшай Тройцы абслугоўвала філіі ў в. Будзькі (цяпер Вілейскі раён), а таксама капліцу ў в. Крамянец (цяпер Лагойскі раён). Да 1864 г. да Радашковіцкай парафіі прыпісваўся таксама філіяльны касцёл у в. Батурына (цяпер Вілейскі раён) з капліцамі ў Лукаўцы і Карповічах. У 1866 годзе царскія ўлады скасавалі капліцу ў Батурыне. Колькасць парафіянаў перавышала 2600 чалавек.
Ішоў час, усё здаецца наладзілася ў радашковіцкай святыні, але толькі старажылы памяталі неведагоднае гучанне аргана… Было прынята рашэнне аб вырабе новага аргана для касцёла. Паводле кантракта з мінскім майстрам Бяляўскім, яго праца мусіла быць завершана да 30 жніўня 1861 года з умоваю выканання шэрагу патрабаванняў: каб арган быў з сасновага дрэва, меў механізмы з настройкаю ўсіх 10 галасоў, клавіятуру з чатырох актаваў, фурнітура павінна быць натуральная (костка), мяхоў – тры, адпаведнага памеру і г.д. Арган жа быў зроблены датэрмінова!
Да 1872 года ў гэтай парафіі працаваў ксёндз Антоній Францішак Аўдзевіч, пасля біскуп Віленскі. У 1881 годзе парафія налічвала 2736 католікаў, крыху пазней царская цэнзура запісала скарачэнне колькасці пры рэгістрацыі колькасці каталікоў для павелічэння колькасці праваслаўных, і было дадзена ў 1884 годзе – 2620 католікаў.
У 1885 г. з ініцыятывы ксяндза Напалеона Любавіцкага распачаўся збор сродкаў на рамонтныя працы ў касцёле: новую падлогу, ачыстку і афарбоўку сценаў, рамонт алтароў, замену вокнаў, даху і шмат чаго іншага.
Пасада парафіяльнага святара была выдаленая ў 1885 г. за прыём на споведзь вернікаў, папярэднікаў якіх унеслі ў спісы праваслаўных.
Пасля адхілення ад пасады пробашча ксяндза Станіслава Сульжынскага ад 20 снежня 1885 г., адбылася яго ссылка на працу ў Расію, у Волагду. Касцёл быў зачынены, і вернікаў на працягу двух гадоў не пускалі ўнутр. У 1887 годзе было загадана прыстасаваць храм пад царкву, але прыхаджане не аддалі ключы вілейскаму дэкану ксяндзу Напалеону Любавіцкаму, які прыбыў сюды.
Колькасць парафіі да “ўказу талерантнасці” па дадзеных 1903 г. складала каля 3041 католіка.
На пачатку ХХ ст. у касцёле і яго забудовах былі праведзены маштабныя будаўнічыя працы. У адрамантаванай каменнай агароджы, перад галоўным уваходам у храм, была ўзведзена каменная брама з трыма аркавымі праходамі, якія спачатку зачыняліся драўлянымі дзвярыма.
На касцёльнай тэрыторыі, паводле звестак інвентарызацыі 1911 г., знаходзіліся два пахаванні (маці былога дэкана і кс. Ардынскага), хоць па сцвярджанні ксяндза А. Белазора хаваць нябожчыкаў каля касцёла было забаронена.
У адной са справаздачаў пробашча касцёла за 1911 год паведамляецца пра наяўнасць у касцёле пяці «достопримечательных памятников»: абразы з выяваю святога Юзафа (копія работы Сымона Чаховіча); выявы Маці Божай з Янам Хрысціцелем і Езусам (копія з работы Рафаэля); вітражы, партрэты віленскага кашталяна Пятра і яго жонкі Багумілы Гедыгольдавічаў, а таксама паведамляецца, што ў касцёле ёсць дзве капліцы – святога Антонія і святой Дзевы Марыі.
З канца ХІХ ст. у архіўных дакументах пра стан касцёльнага будынка адзначаецца праблема з галоўным фасадам храма, у якім лопнула сцяна. Аднак абследаванне будынка не выявіла небяспекі гэтага дэфекта, і на стан яго “жыццяздольнасці” дадзеная праблема ніяк не паўплывала. Але праз паўстагоддзя менавіта гэта праблема стала прычынаю для закрыцця касцёла і спынення дзейнасці рэлігійнай супольнасці католікаў, нягледзячы на тое, што пасля Вялікай Айчыннай вайны храм быў зарэгістраваны як “ранее действующий”.
З 28 сакавіка 1930 г. быў прызначаны ксёндз Баляслаў Гудзейка ў Луконіку, а да Радашковіч павінен быў быць накіраваны ксёндз Юзаф Крапіўніцкі (з Крывічоў). У гэты час адбываецца прыкметнае павелічэнне колькасці парафіі, супастаўленне якой вызначалася ў наступныя гады каталогамі: 1931 г. – 1870 католікаў, 1934 г. – 1945 католікаў, 1936 – 2064 католікаў, 1939 г. – 2147 католікаў.
У гэты час (1921-1928 гг.) у Радашковічах існавала беларуская гімназія, катэхізавалі ў горадзе 160 чалавек. Акрамя таго, (паводле звестак 1935 года) дзеці наведвалі катэхезу ў сельскіх школах: Валодзькі (35 чалавек), Верамейкі (25), Пецюля (14), Будзькі (36), Путнікі (10), Парцэвічы (22), Вазгелі (2), Клімонты (16), Хроменц (4), Трыцэвічы (-).
Парафія мела зямельную маёмасць, якая налічвала каля 40 га, і добра абсталяваную сакрыстыю: 13 арнатаў і 4 альбы.
Савецкі перыяд быў цяжкім для радашковіцкага касцёла. Пробашча ксяндза Станіслава Былінскага ў ліпені – жніўні 1939 г. забралі ў войска. І новым пробашчам быў прызначаны ксёндз Стэфан Шыманскі.
У перыяд 1939-1941 гадоў адбывалася канфіскацыя царкоўнай маёмасці (частка памяшканняў адміністрацыі парафіі) і вываз у Сібір і Казахстан польскіх ваенных і службовых сем’яў. Царква была адкрыта, але савецкая ўлада, імкнучыся знішчыць рэлігію і веру ў сэрцах людзей, пастаянна наносіла шкоду царкве і святару. Арганізаванай і сістэматычнай была праца, каб запалохаць святара, не дазволіць займацца пастырствам. Меры былі розныя: рэформа ў школе, згодна з якой ён больш не мог выкладаць рэлігію; прапаганда атэізму; знішчэнне прыдарожных крыжоў і капліц; храмы былі абкладзены непамерным падаткам. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, касцёл працягваў дзейнічаць. У храме збіралася яшчэ шмат людзей, хоць і яны падвяргаліся пераследам з боку новых уладаў.
22 чэрвеня 1941 г. насуперак пагадненню “Рыбентропа – Молатава” нямецкія войскі пачалі вайну з Савецкім Саюзам. Радашковічы былі акупаваныя нацысцкай Германіяй. Змена ўлады не прынесла вялікіх зменаў у жыццё парафіі.
У наступныя гады (1941-1944 гг.) былі рэпрэсіі Германіі, якія закранулі яўрэйскае (у тым ліку і тых, хто прадстаўляў сябе каталікамі), беларускае і польскае насельніцтва.
Пасля Другой сусветнай вайны Радашковічы былі пераведзены ў статус пасёлка. Пасля 1944 г. пачаліся новыя пераследы каталікоў.
У 1946-1948 гг. была праведзена інвентарызацыя касцёла ў Радашковічах, падчас якой была апісана ўся касцёльная ўласнасць. Была падпісана дамова паміж вернікамі Рымска-каталіцкай парафіі Радашковічы і мясцовымі ўладамі. У гэтай дамове дзяржаўныя органы паставілі ўмовы, пры якіх 20 чэрвеня 1947 г. быў вернуты прыхаджанам касцельны будынак і царкоўныя прадметы. У гэтых умовах, сярод іншага, было запісана, што прыхаджане павінны захоўваць вернуты будынак і ўсю маёмасць, і выкарыстоўваць іх у мэтах, для якіх яны былі вернуты, г. зн. для правядзення набажэнстваў. Са сродкаў парафіі аплачваць рамонт, падаткі і т. п. У парафіі павінен быць царкоўны інвентар і прадстаўнікі ўлады могуць бесперашкодна ў любы час правяраць маёмасць. За перавышэнне і невыкананне 12 артыкулаў дамовы на парафію будзе накладзена адміністрацыйная і крымінальная адказнасць, а таксама разрыў дамовы і канфіскацыя царкоўнага будынка і ўсёй маёмасці. Таксама для прававога існавання парафіі быў абраны царкоўны камітэт. Парафія Радашковічы была зарэгістравана 20 лістапада 1947 года і да таго часу налічвала 1200 вернікаў. У маі 1948 года падчас інвентарызацыі касцёла парафія налічвала 1510 вернікаў. У 1946 годзе была адкрыта школа, але доступ святара да яе быў забаронены.
У 1949 годзе ў Заходняй Беларусі праводзілася калектывізацыя. Члены калгаса прыйшлі таксама і на плябанію да ксяндза С. Шыманскага з патрабаваннем, каб святар аддаў калгасу ўсю сваю гаспадарку (у святара былі конь і карова, а таксама гаспадарчыя рэчы) і касцёльную зямлю (20 га зямлі). Святар не аддаваў, і тады ўсё было вывезена ў калгас са словамі: “Усё агульнае”.
Вельмі вялікі падатак быў прызначаны і за выкарыстанне будынка пад касцёл. Людзі стараліся заўсёды плаціць, наколькі гэта было магчыма, каб захаваць храм, каб была святая Імша ў касцёле.
30 красавіка 1950 г. пробашча ксяндза Стэфана Шыманскага арыштавалі (1911 г.н., працаваў тут з 1939 года) і прысудзілі да 25 гадоў працы ў лагеры ў Расіі. Парафія засталася без святара, касцёл быў зачынены.
Перад вяртаннем ксяндза Стэфана касцёл быў афіцыйна зачынены ў адпаведнасці з актам камісіі ад 20 лютага 1956 года, у сувязі з аварыйнай сітуацыяй будынка. У 1956 г. была амністыя для зняволеных святароў, і ў Радашковічы вярнуўся ксёндз Шыманскі, святару было недвухсэнсоўна забаронена служыць Імшу і здзяйсняць святыя сакраманты. Ён быў незарэгістраваны і пазбаўлены пашпарта, пазбаўлены ўсіх правоў на 5 гадоў. Аднак таемна людзі збіраліся, і ксёндз Стэфан служыў Імшу, здзяйсняў святыя сакраманты. Канечне, за непадпарадкаванне рашэнню ўлад святару маглі пагражаць розныя санкцыі, але ўсё гэта ён рабіў ў імя Божае: “І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку, ведаючы, што ў аддзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту” (Кал 3:23, 24).
Яшчэ некалькі гадоў ксёндз Шыманскі жыў у Радашковічах, потым некаторы час у ксяндза Ю. Марсангера ў Красным, а пасля выехаў у Польшу.
Калі касцёльны будынак быў закрыты, калі ў Радашковічах не засталося святара С. Шыманскага – была скасавана дзяржаўнай уладай і парафія, якая некалі мела статус дэканату і багатую гісторыю.
Як гэта часта здаралася ў Беларусі, касцёл і яго будынкі выкарыстоўваліся мясцовымі ўладамі “для использования по своему усмотрению”: першы паверх быў прыстасаваны пад склады завода “Белмастацкераміка”, а на другім быў цэх па вытворчасці парафінавых дэкаратыўных свечак. З цягам часу будынак дайшоў да аварыйнага стану. Але, на вялікую радасць, гэта не стала канцом святыні і мясцовай парафіі!
Вернікі некалькі гадоў праводзілі набажэнства без ксяндза, на кватэры жыхаркі Радашковіч, Вольгі Сайкоўскай. Па панядзелках у яе дом прыходзіла да 50 чалавек. Двойчы вернікі ездзілі ў Маскву з просьбай адкрыць касцёл для набажэнства. Усё безвынікова: тлумачылі, што будынак – у аварыйным стане.
А што людзі? Што здарылася з парафіяй? Не ўсе былі верныя Хрысту ў такім асаблівым выпрабаванні. Некаторыя ж вернікі даязджалі ў касцёл у Красным: хто на конях, а хто і пешшу збіраліся з розных бакоў у гэту святыню, дзе ў гэты час працаваў святар-езуіт Юзаф Марсангер. З 1968 года ўлады перавялі ксяндза Юзафа з Краснага ў Солы, а на яго месца прыйшоў працаваць ксёндз Ян Адамовіч.
Цяпер, калі вы прыедзеце ў Краснае, вы ўбачыце лесвіцу ў касцёл, якая была зробленая з дапамогай людзей, якія прыязджалі з Радашковічаў. Гэта сапраўды кранальнае відовішча – лесвіца на высокую гару з бетону, трывалая, вялікая, як сама вера тых людзей, якія яе рабілі. Не маючы сваёй парафіі, не маючы святара – людзі прыкладвалі свае намаганні, ахвяруючы там, дзе маглі трапіць да святара і храма.
Касцёл у в. Краснае
Час ляцеў. У 1984-1985 гадах у Краснае ўжо прыязджаў новы, малады, энергічны святар Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Аднойчы ксёндз Эдмунд паехаў да Радашковічаў, каб убачыць святыню, а таксама сустрэцца з вернікамі, якія яго запрасілі. Калі ён убачыў усё гэта, убачыў, як людзі плакалі ад радасці гэтай сустрэчы, разам падняўшыся на месца, дзе знаходзіўся касцёльны будынак, ён звярнуўся да людзей, сказаўшы, што тут будуць касцёл і святар. Так на гэтым і скончылася гэтая сустрэча, але гэта быў першы крок на шляху аднаўлення святыні ў Радашковічах. З вялікім энтузіязмам ксёндз Эдмунд пачаў рыхтаваць людзей да вяртання храма і працы. Але вярнуць гэты храм было вельмі цяжка.
15 жніўня 1990 года ў ксяндза Эдмунда начаваў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Размаўляючы з біскупам, узнікла спантанная ідэя паехаць пабачыць Радашковічы. Хутка сабраліся і паехалі ў спартыўных касцюмах, думаючы, што толькі пабачаць. Але, калі прыехалі, і біскуп Тадэвуш убачыў гэты храм, сказаў: “Пойдзем, паразмаўляем з дырэктарам”. У гутарцы ксёндз біскуп папрасіў у дырэктара дазволу 16 жніўня адслужыць святую Імшу. Такім чынам, удзел біскупа ў размове з дырэктарам, а затым і з уладамі, вельмі зрушыў з месца пытанне аб аднаўленні касцёла.
24 лютага 1990 года вернікі афіцыйна звярнуліся да ўладаў з просьбай вярнуць касцёл. Падпісаліся 82 чалавекі. А 3 кастрычніка 1990 года ўладай была зарэгістравана парафія Радашковічы і была падпісана дамова паміж дзяржавай і вернікамі. Колькі радасці было на тварах людзей, здавалася, што шчасцю не будзе канца! Але кіраўніцтва “Белмастацкерамікі”не жадала хутка аддаваць будынак касцёла, у якім размяшчаліся цэхі. І таму, каб паскорыць яго адданне (вызваленне), каб адслужыць Імшу, вернікі прыходзілі і самі дапамагалі выносіць на вуліцу фабрычнае абсталяванне.
15 лістапада 1990 года адбылося пасяджэнне, на якім былі абраныя “дваццатка”, старшыня і іншыя касцёльныя пасады. Пасля таго, як усё было законна ўладкавана, людзі са справы “вяртання касцёла” дбайна перайшлі да справы “аднаўлення касцёла”, таму што будынак быў вельмі запушчаным. Праз 4 дні была пабудавана цагляная сцяна, якая падзяляе касцёльную тэрыторыю і тэрыторыю “Белмастацкерамікі” – такая была ўмова, пастаўленая для вернікаў дырэктарам камбіната. Усе, хто мог працаваць, хоць было вельмі холадна, будавалі сцяну вышынёй 1,8 метра і даўжынёй каля 40 метраў. Аднак, неабходна адзначыць, што пакуль храм уваходзіў у комплекс вытворчых будынкаў, касцёл быў амаль з усіх бакоў забудаваны рознымі пабудовамі прамысловага прызначэння, высокімі цаглянымі платамі, трубаправодамі…
Пазней, 25 снежня 1990 года, адбыўся візіт ксяндза біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў парафію Радашковічы. У каляднай Імшы таксама ўдзельнічалі ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз Францішак Грынкевіч. На гэтую цырымонію прыехалі вернікі з Вілейкі, Маладзечна, Краснага. Ва ўсіх на тварах была радасць, што праз некалькі дзясяцігоддзяў зноў адкрыты ў Радашковічах касцёл, зноў ёсць, хоць і прыезджы, святар, і першае наведванне біскупа пасля 1939 г. Дзеці з кветкамі і вершамі сустракалі архіпастыра. Людзі яшчэ мацней пасля ўрачыстай цырымоніі пастанавілі сабе, што “за наша жыццё мы адрамантуем касцёл, каб нашы дзеці маглі маліцца, каб у нас тут быў пробашч”.
Энтузіязм людзей і святара, вера, надзея і любоў у сумесную працу ўмацоўваюць традыцыі продкаў, забытыя ў перыяд ваяўнічага атэізму. Ён сілкуе святыню ў Радашковічах, святыню, у якой калісьці быў ахрышчаны вялікі нацыянальны паэт Янка Купала.
Першая Імша пасля адбывалася на другім паверсе касцёла, а ў хуткім часе (у 1991 г.) пачаліся і аднаўленчыя работы. Другое асвячэнне (рэкансэкрацыя) адроджанага храма адбылося 3 снежня 2006 г.
Вялікі ўдзел у вяртанні і аднаўленні святыні прымалі Ядвіга Міхайлоўская, Фартунат і Ганна Кіцінскія, Галіна Крачкоўская і іншыя парафіяне. На жаль, гэтыя людзі ўжо адышлі ў вечнасць, але пакінулі свой след у парафіі. Дапамагала ў аднаўленні і парафіянка Марыя Дэвіч.
Да 1992 г. у касцёле пакрысе з’явілася неабходная колькасць абразоў і іншых касцёльных рэчаў. У галоўным алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы, левы бакавы алтар асвечаны ў гонар Маці Божай Чэнстахоўскай, правы – у гонар Божай Міласэрнасці. Для правядзення набажэнстваў прыязджалі ксяндзы Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна і Пётр Пятрага з Краснага (з 1992 па 2005 гг.). У 2002 годзе быў прызначаны пастаянным ксяндзом Аляксандр Тарасевіч, у 2007-2014 гг. – ксёндз Валянцін Станкевіч, 2014-2015 гг. – ксёндз Аляксандр Улас, з 2015 г. і да цяперашняга часу – ксёндз канонік Юрый Быкаў.
Ці маюць якое значэнне ў жыцці касцёла традыцыі? Лічу, што традыцыі адыгрываюць важную ролю ў жыцці як чалавека, так і храма. Яны дапамагаюць захаваць культурную спадчыну і ідэнтычнасць, перадаваць веды і вопыт ад пакалення да пакалення. Традыцыі дапамагаюць людзям адчуваць сябе часткай сваёй культуры і веры, а таксама ўмацоўваюць іх сувязь адзін з адным і з Богам. Яны дапамагаюць захаваць унікальнасць і шматграннасць жыцця і культуры. Вельмі радуе і захапляе, што святары імкнуцца падтрымліваць культуру і традыцыі беларускай зямлі.
Паспрабуем даведацца, якія традыцыі ёсць у жыцці радашковіцкай святыні. Напрыклад, традыцыйна ў пачатку ліпеня пры касцёле па ініцыятыве радашковіцкага пробашча ксяндза каноніка Юрыя Быкава ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы праводзіцца Фэст (рэлігійнае свята з ярмаркай і гуляннямі). Таму што менавіта ў гэтай святыні 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Чаму менавіта тут, спытаеце вы? Вядома, што бацькі паэта арандавалі зямлю ў Вязынцы ў шляхецкай сям’і Станіслава і Алімпіі Замбржыцкіх. Хроснай маці для Янкі і яго брата Мікалая як раз і была запрошана Алімпія Замбржыцкая. Пані Алімпія разам са сваім мужам наведвала касцёл у Радашковічах, таму і вырашана было хрысціць Янку ў гэтым касцёле. Хрысціў будучага паэта ксёндз Станіслаў Сульжынскі.
Вонкава з тых далёкіх часоў храм не пацярпеў. І брама перад храмам захавалася разам з кованай аколіцай. Для брамы вернуты стары каваны крыж. Яго знайшоў на сметніку былы каваль па прозвішчы Кучынскі. Адрамантаваў, прыхаваў да лепшых часоў. Сам да іх не дажыў, але крыж вярнуўся на месца. Пад ім неслі калісьці да алтара свайго першынца Дамінік і Бянігна Луцэвічы…
Але ў самім храме з часоў Янкі Купалы мала што захавалася: невялікая частка керамічнай падлогі, масіўныя дзвярныя завесы, два вернутыя прыхаджанамі абразы і гадзіннік.
Хоць алтар і быў вернуты радашковіцкім вернікам і адноўлены імі, храм яшчэ не набыў сваёй ранейшай утульнасці і тым больш раскошы. Усё ў ім як бы часовае. Толькі гадзіннік, які называюць курантамі, знаходзіцца на сваім пастаянным месцы. Кажуць, што ён быў прывезены з краіны гадзіннікаў – Швейцарыі – і падораны храму заможным дабрадзеем. Магчыма, і ў тое далёкае лета, калі хрысцілі будучага класіка нашай літаратуры, яго бацькі і хросныя з хваляваннем глядзелі на адлік часу і слухалі мяккі голас бою гадзіннага механізму. Хочацца верыць, што менавіта так і было…
Дарэчы вярнуў яго ў храм калекцыянер і аматар-рамонтнік Віктар Зелянко – былы дырэктар Радашковіцкай музычнай школы.
Яшчэ раз хачу вярнуцца да традыцыі Фэстаў. А менавіта да даты 10 ліпеня 2022 г. У гэты дзень падчас Фэсту адбылася вельмі важная падзея – благаслаўленне адноўленай мемарыяльнай кампазіцыі, якая нагадвае пра тое, што менавіта ў гэтым касцёле быў ахрышчаны Ян Луцэвіч – будучы беларускі паэт Янка Купала. Аўтар кампазіцыі – скульптар Сяргей Гумілеўскі.
Для нас асоба Янкі Купалы вельмі важная не толькі таму, што ён наш зямляк: беларус па паходжанні, католік па хросце і паэт па пакліканні. Але і таму, што ён пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну, якая мае не толькі літаратурнае значэнне, але і духоўна-евангелізатарскае. І вось тут хачу прыпомніць урывак з п’есы Янкі Купалы (драма ў пяці актах) “Раскіданае гняздо”: “…Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае!..”.
Традыцыйна ў касцёле адзначаецца таксама ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, парафіяльны адпуст. 4 чэрвеня 2023 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію ў Радашковічах і павіншаваў пробашча парафіі, ксяндза каноніка Юрыя Быкава з 20-й гадавінай з часу прэзбітэрскага пасвячэння.
Яшчэ адна традыцыйная з’ява радашковіцкага касцёла – чароўнае гучанне аргана. Справа з арганам у чарговы раз паказвае нам, што гісторыя развіваецца цыклічна, па спіралі. Калісьці ў храме быў арган, і не просты, такіх у Еўропе былі лічаныя адзінкі. Апошні раз гукі музычнага інструмента гучалі тут больш 60 гадоў таму перад закрыццём касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах. Савецкія ўлады пусцілі арган на металалом і дровы. Толькі некалькі гадоў таму ў парафіі з’явілася магчымасць абзавесціся інструментам. Тут быў невялікі электрычны арган, які ёсць і цяпер, вельмі ціхі. Вернікі спявалі і самі цешыліся тым, што маюць. Сёння ў іх ёсць магчымасць спяваць падчас Імшы і іншых набажэнстваў пад вялікі арган, што, канечне, з’яўляецца вельмі вялікім дасягненнем парафіі і пробашча. Унікальны арган канца XIX – пачатку XX стагоддзя прыбыў у каталіцкі храм з касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе па ініцыятыве ксяндза Юрыя Быкава. Яго збіралі літаральна па дэталях: за аснову быў узяты арган з Браслава, куды майстры дадалі звёны са старадаўніх польскіх арганаў. Рэканструкцыя аргана працягвалася чатыры гады. Рэстаўраваў інструмент арганны майстар маскоўскай філармоніі Дзмітрый Лотаў. Тэхналогія аднаўлення аргана складаная, аднак час і сілы не былі патрачаны дарэмна: пасля рэстаўрацыі арган загучаў 26 галасамі і стаў чацвёртым па велічыні ў каталіцкіх храмах Беларусі пасля Мінска, Гродна і Пінска. Арганісткамі касцёла ў цяперашні час з’яўляюцца Алена Рудакова і Алеся Давідовіч.
Сучасны мураваны касцёл датуецца 1859 годам. Атрымліваецца, што за ўвесь час існавання радашковіцкай парафіі было тры будынкі касцёла, тры жыцці. Такіх грамадзін як радашковіцкі касцёл на Беларусі мала. Ён уяўляе сабой трохнефавую двухвежавую базіліку, з паўцыркулярнай абсідай і двума сакрыстыямі вакол яе. А акустыка каменнага будынка не пакіне абыякавым нікога. У касцёле на адной са сцен вісіць металічны крыж, на святыні напісана “Касцёлу Радашковіцкаму ахвяраваў ксёндз Антоній Аўдыцкі. 1899”. Гэты крыж касцёлу вярнулі з в. Краснае.
У нашы дні касцёл Найсвяцейшай Тройцы патрабуе рамонту.
Такім чынам, касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах – гэта не проста храм, дзе вернікі знаходзяць суцяшэнне, натхненне і духоўную падтрымку, а сапраўдны сімвал каталіцтва, культуры і гісторыі беларускага народа. Гэта альфа і амега каталіцкай веры на легендарнай радашковіцкай зямлі! Кожны беларус абавязкова павінен пабываць у гэтым касцёле!
Тут перасякаюцца таямніцы мінулага і сучаснасці, легенды і факты, ствараючы асаблівую атмасферу загадкавасці і містыкі. Лічыцца, што гэта месца насычана духоўнай энергіяй і сілай і многія людзі прыязджаюць сюды на паломніцтва, каб даверыць Богу свае беды, роспачы, надзеі і спадзяванні...
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй…
Янка Купала
Акрамя гэтага, касцёл Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца крыніцай натхнення для многіх пісьменнікаў, мастакоў і фатографаў, якія атрымліваюць асалоду ад велічнай архітэктуры і прыгажосці навакольнай мясцовасці, таму што “…Я прыйшоў на свет як святло, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры” (Ян 12, 46).
І калі вы ўсё ж такі наведаеце касцёл Найсвяцейшай Тройцы, то ў вашай памяці ён захаваецца як аазіс духоўнага спакою і велічы. Вы адчуеце, што гэты храм стаў не толькі сімвалам каталіцтва, але і адпраўной кропкай вашага ўласнага духоўнага падарожжа.
І калі вы будзеце вяртацца з касцёла, несумненна, я ў гэтым упэўнена, у вашым сэрцы, як і ў маім, зародзіцца непаўторнае пачуццё. Пачуццё, якое будзе нагадваць пра тое, што невялікія месцы, якія здаюцца незаўважнымі і ўтоенымі ад вачэй свету, могуць захоўваць у сабе магутную энергію, глыбокую прыгажосць і таямніцу.
Вяртаючыся да свайго паўсядзённага жыцця, захавайце ў сваім сэрцы тую пяшчоту, якую радашковіцкая святыня абудзіла ў вас. Хай яна будзе вашым компасам, які накіруе вас да дабрыні, міласэрнасці і любові. Няхай касцёл Найсвяцейшай Тройцы застанецца вашай вечнай крыніцай натхнення і напамінам пра тое, што ў гэтым свеце ёсць месца для міру і святла.
Спадзяюся, што змагла вас пераканаць у тым, што Радашковічы аніяк абмінаць не трэба! Усе дарогі вядуць у самае сэрца Радашковіч – да касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Тут вас чакае шмат цікавага і незвычайнага!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Таццяна Шумель, кс. Юрый Быкаў, а таксама з адкрытых крыніцаў Інтэрнэт