Мы – толькі момант, Ты, Божа, – вечнасць
Па-над часамі, перад усім.
Мы – пыл смяротны, Ты – Бог спрадвечны,
Бясконцая ласка, жывая любоў.


Гэтыя радочкі як раз пацвярджаюцца тым, пра што я хачу распавесці на гэты раз, а менавіта – пра гарнізонную капліцу святога Францішка Асізскага, якая, на вялікі жаль, не захавалася. Прасочым гісторыю не толькі дадзенай капліцы, але і даведаемся, чаму яна называлася гарнізоннай.


Гісторыю з’яўлення першай святыні ў горадзе – касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі – вы ўжо ведаеце, ведаеце і аб адраджэнні касцёла святога Казіміра. Але амаль адначасова з гэтым касцёлам узнікла і польская вайсковая парафія святога Францішка Асізскага.
Пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 г. Маладзечна апынулася ў складзе Польшчы, і ў 1922 г. у Гелянова (адзін з раёнаў сучаснага горада Маладзечна, а раней – фальварак) быў пераведзены з Вільні “Мінскі Стральцовы полк”, які быў пераменаваны ў 86-ы пяхотны полк Войска Польскага. Гісторыя гарнізона доўжылася з сакавіка 1922 па верасень 1939 года.
Гарнізон, ці як у народзе кажуць “ваенны гарадок”, дзе б ён не знаходзіўся, у цэнтры горада, ці на ўскрайку, заўсёды ўяўляе сабой замкнёны адасоблены ад цывільнага жыцця свет. У межах гарнізона дзейнічаюць свае правілы і парадкі, тут кіруе свая ўлада і часам бывае так, што ходзіць свая валюта. Так было і ў нашым польскім ваенным гарадку. Гэты маляўнічы куток нашага горада і цяпер захоўвае на сваёй тэрыторыі частку былой вайсковай інфраструктуры. Але ў тыя часы Гелянова яшчэ не ўваходзіла ў склад горада, ды і Маладзечна не было горадам. Гэты статус яно атрымала толькі ў 1929 годзе. Тады ж да горада і былі далучаны фальваркі Бухаўшчына і Гелянова.
У 1922 годзе фальварак не мог прыняць на сваёй тэрыторыі ўвесь 86-ы полк цалкам, бо не хапала будынкаў. Таму вайскоўцы былі раскіданыя па тэрыторыі сучаснага Маладзечанскага раёна: асноўныя сілы былі сканцэнтраваныя ў Гелянове, штаб палка знаходзіўся на вуліцы Замкавай у мястэчку Маладзечна, трэці батальён – у вёсцы Краснае, а батальён запасу застаўся каля Вільні – у Новавілейцы.
Улады выкупілі частку зямель у шляхцічаў Васілеўскіх: сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, угоддзі, побач стары скверык, азярцо, на якіх і пачалі будаўніцтва ваеннага гарадка з поўным замкнёным цыклам жыццезабеспячэння. Будавалі надзейна, у разліку на доўгі час выкарыстання. Да гэтага часу захаваліся трохпавярховыя жылыя дамы для афіцэраў і іх сем’яў, будынак былога афіцэрскага клуба і вялікі шматкутны цагляны будынак казармаў. Былі тут пабудаваны тэнісныя корты, басейн, стайні, стрэльбішча з агнявымі рубяжамі.
Многія сяляне ў гэты час атрымалі працу, а колькасць маладзечанцаў з 1921 па 1929 год стала ўтрая большай.
Наогул, першапачаткова на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны планавалася стварыць ланцужок гарнізонаў. Маладзечанскі мог быць значна большым – для пяхотнага палка і артылерыйскага дывізіёна. Тэарэтычна там не выключалася пастаяннае размяшчэнне каля 5000 салдат і афіцэраў. Але маладая Другая Рэч Паспалітая (так называлася польская нацыянальная дзяржава, якая існавала ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі) яшчэ не акрыяла ад наступстваў мінулай вайны, і таму не магла сабе дазволіць марнаваць велізарныя грошы на войска. Аднак і так у канцы 1920-х гадоў ваенны гарадок ужо займаў вялікую плошчу, абмежаваную сучаснымі вуліцамі Драздовіча, Ясінскага, Чайкоўскага і Б. Хмяльніцкага. Гэта быў сапраўдны горад у горадзе, у якім пражывала 68 афіцэраў з сем’ямі і 2200 падафіцэраў і жаўнераў (радавых) рэгулярных войскаў.
У 20-я гады мінулага стагоддзя ў Маладзечне ўзнікла таксама і асобная польская вайсковая парафія святога Францішка Асізскага, якая абслугоўвала, акрамя маладзечанскай, таксама акругі Ашмянаў і Валожына.
Святарамі, звязанымі з гэтай тэрыторыяй праз душпастырства сярод салдат і іх сем’яў былі ў наступныя гады: ксёндз Юзаф Круп (каля 1922 г.), ксёндз Юзаф Чах (1928 г.), ксёндз Уладзіслаў Малаўскі (1929-1936 гг.) (па ініцыятыве гэтага святара стаў будавацца першы касцёл святога Юзафа ў нашым горадзе), ксёндз Міхаіл Завадскі (1934-1935 гг.)
У апошнія месяцы знаходжання тут польскага гарнізона, калі адбываліся зрухі ў сувязі з надыходзячай вайной, мы сустракаем прозвішчы капеланаў: Францішак Юрчык (чэрвень 1938 – студзень 1939 г.), Людвік Брыдацкі (студзень – жнівень 1939 г.). Лёс Людвіка Брыдацкага склаўся трагічна: быў арыштаваны немцамі, вывезены ў Ротэнбург, потым Заксенгаўзен, Дахаў (Германія), дзе і загінуў у 1942 г.
Такім чынам, у 1929 годзе на паўночным уездзе ў гарнізон была ўзведзена трыумфальная арка ў гонар кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудскага. Адкрыццё аркі адбылося ў 1930 г. у час святочных мерапрыемстваў, прысвечаных дзесяцігоддзю 86-га пяхотнага палка.


22 чэрвеня 1930 г. Адкрыццё аркі “Брама абаронцаў Мінскай зямлі”


Паштоўка з выявай аркі. На заднім фоне справа бачна будоўля новых казармаў, будынак якіх захаваўся да нашых дзён

На вайсковым свяце прысутнічаў прэзідэнт Польскай Рэспублікі Ігнацый Масціцкі, якому арганізавалі святочную сустрэчу. Вось як аб гэтай падзеі было напісана ў часопісе “Żołnierz polski”: “Прэзідэнт праходзіў праз пышную арку вышынёй 18 м., якая падтрымлівалася 16 калонамі… Убіўшы цвік у дрэўка сцяга павятовай арганізацыі стральцоў прэзідэнт прыняў парад арміі і школьнай моладзі. Затым ён прыняў удзел ва ўладкаваным у казарме абедзе”.



22.06.1930 г. Урачыстая сустрэча прэзідэнта Польскай Рэспублікі Ігнацыя Масціцкага. Вокладка часопіса “Żołnierz polski”

Гэта было манументальнае збудаванне з галоўным праездам пасярэдзіне і пешаходнымі праходамі па баках, якое зрабіў сілезскі скульптар Кіта. На мармуровых таблічках зіхацелі імёны 316 загінулых салдат з 86 пяхотнага палка. Трыумфальная арка, стаяла якраз паміж двума афіцэрскімі дамамі, там, дзе цяпер знаходзіцца аўтобусны прыпынак “Драмтэатр”. З правага яе боку ўнутры была ўладкованая драўляная лесвіца, па якой можна было падняцца ў службовыя памяшканні, з печкай з белай кафлі і балконам з поручнямі ў бок плошчы перад стадыёнам.
Збудаванне ўпрыгожвалі гранітныя пліты з надпісамі ў гонар польскай арміі і Польшчы, шматлікія барэльефы на ваенныя тэмы, статуі рыцараў, па баках ішла невялікая балюстрада з дарычных калон (па чатыры штукі). Але не ўсе статуі з’явіліся адразу.

На вяршыні аркі спачатку была пастаўлена статуя жанчыны. Гэты вобраз вельмі падобны на знакамітую статую Свабоды ў ЗША, але маладзечанская “Свабода” акрамя факелу, трымала ў іншай руцэ меч, а не кнігу.


Нядоўгі век быў у “Свабоды” – праз некалькі год (ужо ў 1933 г.) па нявысветленых пакуль што прычынах яе замянілі на флагшток. Паабапал аркі, на каменных слупах, былі замацаваны металічныя ланцугі, канцы якіх трымалі ў зубах два каменныя львы на п’едэсталах.


1954 г.

У памяшканнях другога паверха аркі знаходзілася невялікая капліца святога Францішка Асізскага, адкуль палкавы капелан бласлаўляў жаўнераў падчас вайсковых урачыстасцяў. Па нядзелях і ў святочныя дні на плошчы з паўднёвага боку аркі праводзіліся службы, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі гарнізона Войска Польскага, школьнікі і жыхары горада.


1933 г.


Пад балконам капліцы размешчана цытата з польскай рэлігійнай песні-малітвы, прысвечанай Найсвяцейшай Панне Марыі:

Ochromiałym podaj rękę,
Niewytrwałym skracaj mękę,
Twe Królestwo weź w porękę,
O Mario!


Надпіс пад балконам капліцы. 22.06.1930 г.

У верасні 1939 года Маладзечна, як і іншыя гарады Заходняй Беларусі, было ўключана ў склад БССР. З таго часу гарнізон у Гелянове прыпыніў сваё існаванне, як вайсковае паселішча. На першых парах новыя ўлады абмежаваліся толькі пазбаўленнем аркі ад яе “польскага мінулага”: статуі рыцараў былі дэмантаваны, разбіты ўсе ўшанавальныя надпісы і барэльефы ў гонар Войска Польскага, саму арку зносіць не сталі. З капліцы знік звон.
Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што звон з капліцы цяпер знаходзіцца на даху аднаго з будынкаў на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Ён быў выраблены ў 1929 г. у ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы (Украіна) і прысвечаны “Мінскаму стралковаму палку”. Цікава, што дынастыя Фельчынскіх і цяпер валодае гэтай вытворчасцю, толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны яна пераехала ў Польшчу – у горад Пшэмысль на мяжы з Украінай. За час свайго існавання дынастыя Фельчынскіх вырабіла больш за 8 тысяч званоў!
На зване змешчаны надпісы і два барэльефы.

Першы надпіс:

Dzwon ufundowany staraniem Mińskiego pułku strzelców ko czci poległych bohaterów w obronie ziemi Mińskiej
R.P.1929

(Звон выраблены за сродкі Менскага стралковага палка ў гонар асілкаў палеглых пры абароне Менскай зямлі
Р. П.1929).

Другі надпіс:

Imię moje – Irena
Wykonane w odlewni bracia Fielczyńskich w Kałuszy
Artysta Aleksander Borawski

(Імя маё – Ірэна
Зроблены ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы
Мастак Аляксандр Бароўскі).

Надпіс па акружнасці звана:

Poleglym ku czci. Žyjącym ku pamięci. Polsce ku większej chwale

(У гонар палеглых. Жывым у памяць. У славу Польшчы).

На адным з барэльефаў паказаны забіты на вайсковых умацаваннях жаўнер. Побач з ім ляжыць стрэльба, а над ім – Маці Божая. На другім барэльефе – Маці Божая Вострабрамская, а пад ёй фігуры людзей.

 
Маладзечанскі звон “Ірэна” ў час, калі яго знайшлі на даху аднаго з будынкаў на праспекце Незалежнасці ў Мінску

Паверхня звана заляпана фасаднай фарбай, не абышлі яго ўвагай і вандалы, якія пакінулі пасля сябе на званіцы надрапаныя надпісы. Але, на шчасце, расколін на ім няма: звон па-ранейшаму можа клікаць вернікаў на Святую Імшу. У цяперашні час звон знаходзіцца ў музеі гісторыі горада Мінска. Хочацца верыць, што ў хуткім часе ён вернецца, калі не ў Маладзечна, то ў які-небудзь храм, каб служыць па сваім прызначэнні і ўслаўляць імя Божае.
Больш пашанцавала фігурам ільвоў: іх захавалі, бо гэта было ўлюблёнае месца для гульняў і фотаздымкаў дзяцей у той час.


1950-я гг.

Што тычыцца самой аркі, то ў час Вялікай Айчыннай вайны яна ўцалела. Пасля вайны ў памяшканнях былой капліцы Трыумфальнай аркі нават жылі людзі.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе была ўтворана Маладзечанская вобласць. Горад пачаў развівацца і пашыраць тэрыторыю, адміністрацыйны цэнтр Маладзечна быў перанесены з плошчы Свабоды (цяпер плошча Старое Месца) на новапабудаваную плошчу Леніна (цяпер Цэнтральная) з будынкам аблвыканкама і абкама партыі (установы праіснавалі да 1960 года, калі Маладзечанская вобласць была скасавана). Гелянова, якое раней было далёкім ускрайкам Маладзечна, стала значна бліжэйшым да новага цэнтра і зразумела, што рух тут таксама ажывіўся.
У канцы 1950 гадоў была пракладзена прамая дарога Маладзечна – Валожын (Р56), у сувязі з гэтым узмацніўся рух па вуліцы Машэрава ў Маладзечна. У арцы былі тры праёмы, адзін для транспарту і два для пешаходаў. І арка стала перашкодай, бо праз праём, які быў занадта вузкім, немагчыма было раз’ехацца двум аўтамабілям. Таму на пачатку 1960 гадоў у сувязі з павелічэннем аўтамабільнага руху ў Маладзечне гарадскія улады вырашылі разбурыць арку. Шкада, што не знайшлі яны іншага рашэння, каб захаваць дадзеную архітэктурную каштоўнасць.


Аўтобусная станцыя. 1954 г.


Лета 1954 г. Фотаздымак Л.В. Цімафеева

Цікавае супадзенне ці нават знак, пакінуты нашчадкам з мінулага, знайшлі краязнаўцы ў Геленове. У 1960 годзе браму-капліцу знеслі. Куды падзеліся стражнікі-рыцары, невядома, а львоў перавезлі ў вёску Гарадзілава, дзе яны стаяць каля парку і да цяперашняга часу.


Львы з маладзечанскай брамы перамясціліся ў Гарадзілава

У літоўскім Рытавусе, дзе жыў сын Агінскага ад другога шлюбу – Ірэніуш, уваход у парк таксама ўпрыгожваюць львы. Вось такі магічны знак, які ўказвае на повязь гэтых дзвюх мясцін, дзе жылі прадстаўнікі легендарнага роду Агінскіх.
Да гэтага часу захаваліся жылыя дамы, вадакачка, двухпавярховы асабняк у садзе ў раёне цяперашняй вуліцы Маўчанскага, будынак былога афіцэрскага клуба і вялікі шматкутны цагляны будынак казармаў (цяпер інтэрнат політэхнічнага каледжа). Калісьці комплекс меў тэнісныя корты, адкрыты, уладкаваны па нямецкім тыпе, басейн, стайні, стрэльбішча з агнявымі рубяжамі на 25, 50, 100 і 250 метраў, бетанаваныя бліндажы для карэкціроўкі стральбы. Да гэтага часу захаваліся бамбасховішчы. У іх падземных лабірынтах можна заблудзіцца. Раней гэта былі ахоўныя аб’екты. Сюды была падведзена электрычнасць, сувязь, вада. Пасля вайны гэты раён зрабіўся элітным. Тут размясціўся абкам партыі, аблвыканкам, дзейнічала сярэдняя школа №2, куды падбіралі лепшыя педагагічныя кадры.
Але ж сваю адметнасць – Трыумфальную арку – нягледзячы на ўсе поспехі і перспектывы, горад страціў.


Вось так зараз магла бы выглядаць брама-капліца святога Францішка Асізскага. Фотамантаж Уладзіміра Садоўскага

“Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе” (Ян, 2:19). Вельмі хацелася б, каб гэтыя слова датычаліся і архітэктурнай каштоўнасці, пра якую вы даведаліся, якая бачыла шмат важных падзей на сваім шляху. Але... Бог жыве разам з намі! Яго ўлада – аднаўляць разбуранае і ўваскрашаць мёртвае! У цяперашні час у Маладзечне ёсць дзве Святыні, два неверагодна прыгожыя храмы – белы і чырвоны касцёлы: касцёл святога Юзафа і касцёл святога Піо! Касцёл і парафія святога Юзафа адрадзіліся, адрадзілася і парафія святога Казіміра! А вось замест парафіі святога Францішка Асізскага ў нашым горадзе з’явіліся францішкане, а дакладней – манахі, поўная назва ордэна якіх гучыць як Браты Меншыя Капуцыны (OFMCap). Але хто ведае, можа ў недалёкім будучым з’явіцца ў нас у горадзе і трэці касцёл?! Бо як гаварыў апостал Павел: “Investigabiles viae Domini”, што азначае “пути Господни неисповедимы” (Рым. 11:33).
Мы пражываем свой жыццёвы шлях кожны па-свойму: святыя пакінулі пасля сябе святасць, людзі мастацтва – сваю творчасць, вучоныя – навуковыя працы, палкаводцы, кіраўнікі і іншыя значныя людзі пакінулі кожны свой след для гісторыі ўсяго чалавецтва. Сэнс жыцця чалавека ў тым, каб пакінуць пасля сябе ў свеце добры, годны, багаты след сваёй душы, свайго ўнутранага духоўнага Сусвету. Наша з вамі задача – зберагчы тое, што нам дадзена!
Што канкрэтна кожны з нас пакіне на нашай зямлі, залежыць перш за ўсё ад самога чалавека. Вельмі спадзяюся, што мы зможам перадаць будучым пакаленням веру і Святыні, якія не толькі захаваем, але і зробім іх нашмат лепшымі і прыгажэйшымі!

Нас клічуць святыні
Душы – Супакой і Надзея,
Дарогу ў вечнасць яны дапамогуць знайсці.
Дабром і спагадай
Напоўняцца нашыя сэрцы,
І з Божаю ласкай пакрочым далей па жыцці!

 Тэкст: Таццяна Шумель

Фота з асабістага архіва Уладзіміра Садоўскага.

 

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».