“Fortuna variabilis,
Deus mirabilis…”
(“Лёс пераменлівы,
Бог надзвычайны…”)
Шыман Старавольскі

“Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца”... Усе чулі такое выслоўе, выкарыстоўвалі, магчыма, у дачыненні да сябе або сваіх блізкіх, сяброў. Але нельга яго ніяк выказаць у адносінах да нашай Святыні, братоў- капуцынаў і сясцёр, якія служаць у касцёле святога Піо.

Давайце паспрабуем разабрацца, так гэта ці не, разам.
Нам вельмі пашанцавала, што ў нашай парафіі нясуць сваё служэнне манахі, поўная назва ордэна якіх гучыць як Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў (OFMCap). Менавіта капуцыны атрымалі дазвол і распачалі будаўніцтва касцёла святога Піо ў Маладзечне. Але ўсё магло быць інакш, таму аб усім гэтым, і не толькі, па парадку.
Горад Маладзечна знаходзіцца на скрыжаванні дарог, якія вядуць на Вільню і Мінск, Маскву і Варшаву. За сваё доўгае жыццё ён спазнаў шмат славы і ганьбы, уздыму і занядбання, росквіту і заняпаду. Упершыню пра Маладзечна згадаў князь Дзмітрый Альгердавіч Карыбут у 1388 г. у сваім прысяжным лісце вялікаму князю Ягайлу і яго жонцы каралеве Ядвізе. У дакументах перыяду сярэднявечча Маладзечна называецца “месцам” (г. зн. горадам), якое належала таму ці іншаму ўладальніку. Уладальнікамі Маладзечна ў розныя часы былі: Заслаўскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Рагозы, Радзівілы, Агінскія, Тышкевічы, якія пакінулі свой след не толькі ў развіцці горада, але і ў яго рэлігійным жыцці.
Па меркаванні некаторых даследчыкаў парафія ў Маладзечне ўпершыню ўпамінаецца ўжо ў 1499 г. Але, на жаль, няма больш дакладнай інфармацыі пра час з’яўлення першых хрысціянскіх храмаў, хоць у даследаваннях пра замак у Маладзечне з’яўляюцца звесткі аб існаванні ў яго інтэр’еры храма памерамі 11 х 24 метры ў выглядзе каменнага збудавання, упрыгожанага фрэскамі. Нягледзячы на тое, што мы ведаем пра функцыянаванне хрысціянскага храма на гэтай тэрыторыі ў XVI і XVII стст., цяжка вызначыць, да якога кірунку хрысціянства ён адносіўся, і хто яго абслугоўваў.
Таксама варта прыгадаць, што для патрэб пражываючых у гэтым раёне католікаў дзейнічалі цэлыя тры каталіцкія парафіі, а менавіта: Краснае Сяло (з 1500 г.), Лебедзева (1476 г.) і Хажова (1489 г.) – і мясцовым святарам мог быць рэкамендаваны клопат аб невялікім рэлігійным аб’екце і ў рэзідэнцыі ўладальніка гэтых зямель. Вядома, напрыклад, што ўладальнік гэтага маёнтка Леў Сапега восенню 1596 года знаходзіўся ў Маладзечне і ажыццяўляў апеку над згаданай замкавай капліцай або існуючай тут царквой Святога Пятра.
Не вельмі проста прыходзілася ўладальнікам Маладзечна. Таму часта ён мяняў сваіх гаспадароў. У пачатку XVІII ст. маёнтак быў перапрададзены сям’і Агінскіх. Новыя ўладальнікі ў пачатку XVIII ст. пабудавалі на месцы замка палац. А вакол палаца разбілі парк. Гонарам гэтага палацава-паркавага комплексу былі яго аранжарэі. У іх вырошчваліся лімоны, гранаты, апельсіны, ананасы. Мелі Агінскія і гадавальнік для саджанцаў, пладовы сад. Апошні налічваў 86 гатункаў пладовых дрэў.
З магнатамі Агінскімі пачынаецца ў Маладзечне і актыўнае развіццё каталіцкай царквы. Тадэвуш Францішак Агінскі (1712-1783 гг., вялікі пісар літоўскі, кашталян трокскі і віцебскі, староста ашмянскі, ветборскі і пшэвальскі, граф на Маладзечне, Залессі, Ізабеліне, Аборку) і жонка Ізабэла-Катажына (1711-1762 гг.), не толькі дамагліся гандлёвых прывілеяў для мясцовага насельніцтва, але і выдзелілі фонд на будаўніцтва новага парафіяльнага каталіцкага храма з намерам перадаць яго якому-небудзь ордэну. Мяркуючы па ўсім, ініцыятарам гэтага была менавіта Ізабэла, якая паходзіць са знатнага магнацкага роду Радзівілаў, бо заснаванне касцёлаў лічылася ў багатых родах свайго роду прыкметай добрага тону: храмы ўзводзіліся на стагоддзі, і гэта было свайго роду інвестыцыяй у будучыню, а таксама і сябры, знаёмыя не будуць сумнявацца ў іх багацці і шчодрасці.

 

Тадэвуш Францішак Агінскі і яго жонка Ізабэла-Катажына Агінская (Радзівіл)


Першапачаткова Ізабэла-Катажына хацела прапанаваць храм францысканцам, аднак яе муж вырашыў прывесці ў свае ўладанні трынітарыяў. На ўтрыманне манахаў ён вылучыў 30 000 злотых, а яго жонка – 9 000 злотых. Звестак жа пра тое, калі дакладна пачалося будаўніцтва царквы няма, невядома таксама ці было гэта проста рэканструкцыяй або пераабсталяваннем будынка. Але мы ведаем дату яе асвячэння – 9 (па іншай версіі ¬– 7) верасня 1758 г., і ведаем, што яна была прысвечана ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Асвячэнне храма здзейсніў ксёндз- біскуп Томаш Зянкоўскі, тагачасны Віленскі суфраган.
Ізабэла-Катажына, аднак, не дачакалася з’яўлення манахаў, бо памерла ў Маладзечне 7 лістапада 1761 года. Пахавалі яе 15 лютага ў Маладзечне ў толькі што пабудаванай крыпце (пахавальні) князёў Агінскіх. Цікава, што пахаванне княгіні адбылося толькі праз тры месяцы, што рэлігійнымі канонамі не віталася. Але ўсім добра вядомы знакаміты прадстаўнік роду Радзівілаў – князь Мікалай Радзівіл (Сіротка), які, вандруючы па свеце, прывёз з Егіпта склад бальзаму, што выкарыстоўвалі для муміфікацыі цел фараонаў. І абрад пахавання ў скляпы, а не ў зямлю, з таго часу стаў культавым для найбагацейшай эліты ВКЛ, да ліку якой і адносіліся Агінскія.
Пастаянная тэмпература і вільготнасць паветра ў магільным склепе стваралі ўмовы для працяглага захавання цел памерлых. Без сумневу касцёл у Маладзечне быў пабудаваны яшчэ і як месца радавых пахаванняў, тым больш, што Агінскія ў гэты час ужо пастаянна пражывалі ў маладзечанскім замку. Такім чынам, мы ўжо ведаем, што першай у радавой пахавальні князёў Агінскіх была пахаваная першая жонка Тадэвуша-Францішка Агінскага, бабуля вядомага палітыка, дыпламата і кампазітара Міхаіла-Клеафаса Агінскага – княгіня Ізабэла-Катажына Агінская (Радзівіл). Тут жа, верагодна, таксама былі пахаваны: старэйшы брат Тадэвуша – стараста маркаўскі Казімір Ігнацій Агінскі (1769 г.) і яго жонка Разалія (з роду Коцелаў), другая жонка Тадэвуша – Ядвіга-Тэрэза Залуская (1793 г.), сын Тадэвуша – Францішак Ксаверы (1814 г.).
Фундушам ад 13.04.1762 г. святыня была перададзена ордэну трынітарыяў. А праз два гады ў Сянно князь Тадэвуш-Францішак Агінскі заключыў другі шлюб з Ядвігай Тэрэзай Залускай. За кошт мужа і жонкі Агінскіх 7 кастрычніка 1768 года з Рыма для маладзечанскага касцёла былі прывезены святыя рэліквіі.
Цэнтрам кляштара быў “прыгожай архітэктуры” касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны на каменным падмурку, пакрыты гонтай. Уваходны фасад пазначаўся дзвюма вежамі, “капула пасярэдзіне” завяршала крыжова-купальную кампазіцыю святыні, увянчаную “вялікімі залачонымі крыжамі”.
Будынак кляштара быў даволі вялікі: на першым і другім паверсе размяшчаліся жылыя памяшканні для манахаў, кабінеты для гаспадарчых патрэб. На першым паверсе налічваліся 5 жылых келляў, кухня з пякарняй, трапезная, “ізба для чэлядзі”, на другім паверсе былі 8 жылых келляў, 2 гардэробы, над трапезнай зала такіх жа памераў “для забавы”. Сцены ўнутры былі атынкаваныя. Будынак так прымыкаў да касцёла, што закрыстыя і хор над ёю другім узроўнем знаходзіліся ўжо ў корпусе. Кляштарны будынак быў прыстасаваны да зімовых умоў: ацяпляўся 7 камінамі. Меў багатую бібліятэку (994 тамы).
У храме было ўстаноўлена 7 алтароў, пра якія заезджыя госці казалі, што не бачылі нічога падобнага па тонкасці разьбы. У галоўным алтары змяшчалася прывезеная з Рыма статуя Езуса Назараніна, у той час як іншыя алтары былі прысвечаны паслядоўна: святому Каэтану, святому Тадэвушу, святому Яну з Матху Маты (занавальнік ордэна трынітарыяў), Маці Божай Ларэтанскай, Укрыжаванаму Пану Езусу і Святому Феліксу (заснавальнік ордэна трынітарыяў).
У будынку кляштара не толькі жылі манахі, якія сачылі за касцёлам і праводзілі там Літургіі, але таксама знаходзілася і парафіяльная школа, дзе манахі займаліся навучаннем дзяцей мясцовай беларускай шляхты, і шпіталь для бедных. У школе вучылі грамаце, арыфметыцы, латыні, спеву і ігры на музычных інструментах.
Кляштар дзейнічаў з 1758 па 1832 гг. Дзякуючы спрыяльнаму збегу абставін будынку кляштара пашанцавала, ён на доўгія гады стаў цэнтрам навукі і асветы нашага краю. Тут размяшчаліся ў розныя гады такія навучальныя ўстановы, як Маладзечанскае павятовае шляхецкае вучылішча, прагімназія, адна з першых на тэрыторыі Расійскай імперыі настаўніцкая семінарыя, гуманітарна-коадукацыйная (што значыць – там маглі вучыцца хлопчыкі і дзяўчынкі) гімназія Тамаша Зана, педагагічнае вучылішча імя Янкі Купалы.

У 1823 годзе касцёл і часткова драўляная частка кляштара згарэлі ад удару маланкі. Аднаўляць касцёл было немэтазгодна, ды і сродкаў на яго аднаўленне ў манахаў не было, таму са згоды дыяцэзіяльных уладаў яны перанеслі набажэнствы ў шырокую закрыстую, размешчаную ў манастырскім будынку. Яго дах, таксама пашкоджаны пажарам, быў адноўлены і пакрыты дахоўкай ў тым жа годзе. Пасля перакрыцці паміж закрыстыяй і “хорам законным” разабралі і такім чынам атрымалі аб’ём (каля 14,5 х 7,5 м), асветлены 8 высокімі арачнымі вокнамі, які стаў санктуарыем новага касцёла. З заходняга тарца зрабілі ўваход, пазначаны 3-яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай 4 пінаклямі і шатром пад маленькай галоўкай з крыжам. Работы выконваліся пад уплывам класіцызму.


У 1830 г. было прынята рашэнне аб ўзвядзенні новай царквы з выкарыстаннем паловы крыла кляштара, у якім знаходзілася сакрыстыя.
Удзел каталіцкіх святароў у паўстанні 1830-1831 гг. прывёў да ганенняў супраць іх. Зведаў ганенні і ордэн трынітарыяў: манахі ратаваліся ўцёкамі, а будынкі манастыроў зачынялі альбо іх перадавалі пад іншыя патрэбы. Такая ж доля спасцігла і кляштар трынітарыяў у Маладзечне. У 1832 г. кляштар зачынілі (за выключэннем трох пакояў на 1-м паверсе, аддадзеных пад плябанію касцёла, пераведзенага ў ранг парафіяльных). Будынак кляштара часткова выкарыстоўваўся як плябанскі дом, частку займала дваранскае вучылішча, ператворанае загадам ад 8 лістапада 1864 г. у настаўніцкую семінарыю праваслаўнага веравызнання, якая рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў. (Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 г. семiнарыя была эвакуiравана ў Смаленск, дзе iснавала да 1920 г.)


Царскія рэпрэсіі тычыліся і канфіскацыі гаспадарчай маёмасці, а таксама рухомых каштоўнасцяў, у тым ліку твораў культуры. Напрыклад, у 1841 г. была канфіскавана каштоўная манастырская бібліятэка, з якой найбольш каштоўныя 576 тамоў былі вывезены ў Вільню.
Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. царскі ўрад пачаў арганізоўваць на базе раней існуючых каталіцкіх школ і польскай сістэмы адукацыі новую расійскую адукацыю, ствараліся семінарыі, для навучання настаўнікаў, якія будуць удзельнічаць у садзейнічанні працы над узвышэннем праваслаўнай веры. Спробам уладкавання такога аб’екта ў сценах манастыра супрацьстаялі католікі, а найбольш пробашч Аляксандр Янушэўскі, які пратэставаў супраць прызначэння царквы на праваслаўную царкву, за што быў пакараны.
Такім чынам, пасля паўстання 1863-1864 гг. касцёл рашэннем уладаў быў зачынены і 11 лістапада 1864 г. (па іншых звестках у 1865 г.) каталіцкая парафія была скасавана, католікі ў колькасці 684 чалавек былі далучаны да суседняй парафіі ў Хажове. Храм стаў уласнасцю праваслаўнай царквы, а грошы, атрыманыя ад участка трынітарскага маёнтка аддалі на будаўніцтва цаглянай праваслаўнай Пакроўскай царквы, якая будавалася ў 1865-1868 гг.
У 1865 годзе на месцы касцёла, верагодна, з выкарыстаннем часткі паўночнага крыла былога кляштара, была пабудавана прыхадская Свята-Міхайлаўская царква.

Маладзечна, вул. Замкавая, Трынітарскі касцёл, перададзены праваслаўнай царкве (1876-1914), фота Kazimier Lachnovič


Лёс католікаў Маладзечна быў не вельмі простым і лёгкім. Пасля закрыцця царквы ў Хажове тутэйшыя парафіяне і маладзечанцы былі далучаныя да парафіяльнай царквы ў Аборку, размешчанай амаль у 30 км, хоць магчыма, што жыхары некаторых вёсак карысталіся размешчанай крыху бліжэй (каля 10 км ад Маладзечна) парафіяльнай царквой у Лебедзеве.
Маніфест царскай улады аб свабодзе сумлення 1905 года зняў частку абмежаванняў з каталіцкай царквы. Таму, хутчэй за ўсё, і католікі Маладзечна спрабавалі вярнуць стары храм ці пабудаваць новую царкву. Але пакуль гэтую інфармацыю яшчэ патрэбна пацвердзіць.


Даже упав, вновь решайся на взлет,
Жизнь твои крылья не зря мастерила.
Помни, что Бог никогда не дает
Ноши, которая нам не по силам.

Татьяна Карлова


Прыхаджане Маладзечна не трацілі надзею і верылі, што ім надарыцца магчымасць маліцца і слухаць слова Божае ў родным горадзе. І цуд здарыўся, бо “Бог дае надзею тым, хто марыць! Дае цуд тым, хто верыць! І ніколі не пакідае тых, хто ідзе з Ім!”.
У лютым-верасні 1918 года Маладзечна быў акупаваны нямецкімі войскамі. Уварванне нямецкіх войскаў у горад супала, верагодна, з адкрыццём першай капліцы і засяроджваннем рэлігійнага жыцця вакол яе. У выніку рэвалюцыйных баёў горад апынуўся ў зоне кіравання бальшавіцкай улады, затым на працягу года з ліпеня 1919 па ліпень 1920 года ён быў акупаваны польскімі войскамі. Праўда, адразу пасля ўварвання палякаў будынак касцёла пры былым трынітарскім кляштары вярнулі католікам. Пасля рэстаўрацыі касцёл асвяцілі пад тытулам Святога Казіміра. У былым кляштарным корпусе размясцілася гімназія. Побач з касцёлам св. Казіміра з’явілася прыдарожная цагляная каплічка, узведзеная пасярод бульвара на скрыжаванні былых вуліц Замкавай і Афіцэрскай.
Узноўленая ў 1918 годзе (па іншых звестках у 1919 г.) парафія, якая налічвала 2000 католікаў, належала да Віленскай архідыяцэзіі. Аднаўленне парафіі звязана з іменем Андрэя Цікоты – першага пробашча адноўленага маладзечанскага касцёла Святога Казіміра. Менавіта тут ён пачаў сваю пастарскую дзейнасць. З 1917 па 1918 г. айцец Андрэй працуе пробашчам у Маладзечна, і засноўвае там трохкласную польскую школу. Па блаславенні біскупа Эдварда Ропа карыстаўся ў душпастырскай дзейнасці беларускай мовай. 31 мая 2003 г. у Рыме афіцыйна пачаўся працэс беатыфікацыі архімандрыта Андрэя Цікоты.

кс. Андрэй Цікота

Касцёл св. Казіміра


Пасля кс. Андрэя Цікоты пробашчамі парафіі ў Маладзечне былі:  1919 г. – кс. Вацлаў Драб, 1919-1921 гг. – кс. Баляслаў Гудэйка, 1921-1924 гг. – кс. Юзаф Равінскі, 1924-1926 гг. – кс. Адольф Рамецкі, 1926-1928 гг. – кс. Лёнгін Іванчык, 1928-1934 гг. – кс. Павел Чэслаў Дабулевіч, пасля 1934 г. – кс. Юзаф Маліноўскі, 1934-1967 гг. – кс. Баляслаў Лазоўскі.
З 17 верасня 1939 г. горад (статус атрыманы ў 1929 г.) увайшоў у склад БССР і стаў цэнтрам аднайменнага раёна. З гэтага часу пачынаюцца рэпрэсіі супраць католікоў у сілу іх польскага паходжання. Напрыклад, святару забаранілі перамяшчацца па горадзе ў духоўным адзенні, забралі кнігі хрышчэнняў і шлюбаў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны. Затым у 1956 годзе яго практычна цалкам разабралі, і пабудавалі на яго месцы ліцейны корпус станкабудаўнічага завода, у якім ад храма засталіся толькі часткі бакавых сцен (вуліца Замкавая, 21). З успамінаў, сабраных Т. Акуневіч, мы ведаем, што ўжо “у пачатку 1960 гадоў царква павінна была быць зачынена, але прыхаджане яе трымалі”. Гэта значыць, што выплачваліся падаткі і ключы не аддаваліся, такія храмы ўлада адносіла да непрацуючых, хоць і не зносіла і, у той жа час, не дапускала вялікіх набажэнстваў”. Усё паказвае на тое, што толькі пасля смерці ксяндза Баляслава Лазоўскага, гэта значыць пасля 1967 года, царква ў Маладзечне была зачыненая, а будынак знесены, што было досыць лёгка зрабіць, бо, як успамінаюць сведкі тых гадоў: “яна была пабудаваная з дрэва”, праўда, “была прывезеная цэгла на царкву, каб яе аднавіць, пры польскай уладзе… але ўсё разабралі самі людзі”.
Будынак у сваім гістарычным афармленні існуе па сённяшні дзень. Цяпер тут размяшчаюцца завадскія склады. Яго корпус пабудаваны з цэглы, атынкаваны, прамавугольны ў плане, з бакавымі рызалітамі, анфіладнай планіроўкі. Першы паверх перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, перакрыцці другога паверха плоскія, бэлечныя. У такім выглядзе будынак быў аб’яўлены помнікам архітэктуры позняга барока. Людзі, якія тут працавалі і працуюць, напэўна, і не ведаюць, што пад іх нагамі, пад каменна-бетоннай тоўшчай, магчыма да цяперашняга часу ўсё яшчэ знаходзіцца радавая пахавальня князёў Агінскіх...


Пасля смерці ксяндза Б. Лазоўскага мы нідзе не сустракаем згадкі аб прысутнасці пастаяннага святара ў горадзе.
І зноў новае выпрабаванне для вернікаў… Верагодна, прыхаджане наведвалі касцёл у Красным, які знаходзіўся бліжэй за іншыя храмы. Парафіяльным святаром у Красным з 1984 года быў ксёндз Э. Даўгіловіч-Навіцкі, з іменем якога звязана адраджэнне храмаў не толькі на Маладзечаншчыне, але і ў многіх куточках Беларусі.
Новая гісторыя парафіі святога Казіміра пачынаецца з 2002 года, калі 7 сакавіка рашэннем № 156 Мінскага абласнога выканаўчага камітэта быў зарэгістраваны Статут рэлігійнай абшчыны.
У 2003 годзе дэкрэтам біскупа горад быў падзелены на дзве парафіі, і таму далейшы лёс католікоў цяпер засяроджаны ў дачыненні да дзвюх асобных суполак, а менавіта: парафій Святога Казіміра і Святога Юзафа.
“Чалавек – інструмент у руках Божых. Праз усіх тых людзей, з якімі мы маем зносіны, Бог вядзе нас да сваёй мэты”. Менавіта праз братоў-капуцынаў Бог вядзе нас да сваёй мэты. Менавіта манахі Ордэна братоў меншых капуцынаў пачалі працу па стварэнні новай парафіі Святога Казіміра.
Браты-капуцыны знаходзяцца ў Маладзечне з 1998 года. Гэта быў час адраджэння царквы на Беларусі. У выніку станоўчых пераўтварэнняў, якія адбываліся ў царкве, таксама ўзнікла шмат маладых парафій, якія, аднак, часта не мелі сваіх святароў з пастаяннай душпастырскай апекай, таму звычайнай практыкай было даручаць парафію рэлігійным суполкам на пастаяннай або часовай аснове. Такая ж сітуацыя склалася і ў нашым горадзе. Тагачасны кардынал мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтэк папрасіў братоў прыняць пад апеку парафію Святога Юзафа. Парафія, у якой служылі капуцыны, была даверана братам толькі на пэўны перыяд. Ролю пробашча парафіі святога Юзафа з 1998 года пачаў выконваць а. Гжэгаж Гуральскі (Юзвяк), што паклала пачатак пастаяннай прысутнасці капуцынаў у Маладзечне. З пагаднення з дыяцэзіяльным біскупам вынікала, што браты павінны былі з часам перадаць апеку над суполкай верных дыяцэзіяльнаму святару, што, уласна, і адбылося ў 2003 годзе. Але пасля гэтага браты не пакінулі горад, які палюбілі ўсім сэрцам, а працягнулі сваё знаходжанне, заснаваўшы другую парафію у Маладзечне.
Але, як вядома, шлях да шчасця бывае поўны перашкод, і толькі сутыкненне з цяжкасцямі, у выніку можа прывесці да пэўных мэтаў: “Але як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй думак вашых”. (Ісая 55: 8-9) Таму і будаўніцтва нашай Святыні сутыкнулася з некаторымі цяжкасцямі. У першую чаргу гаворка ідзе пра цяжкасці з праходжаннем праз сіта розных фармальнасцей, звязаных з атрыманнем дазволу на будаўніцтва храма і манастыра. Атрыманне гэтага дазволу залежала ад шматлікіх фактараў, на якія не заўсёды ўплывалі браты і прыхаджане. Колькі ж нерваў і здароўя патрачана, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, а потым, каб зацвердзіць праект?! А калі пачалі будову, наогул стала рабіцца неверагоднае: праблемы сыпаліся, як з “рога изобилия”. Часам здавалася, што нічога ўжо не атрымаецца. Але добрая Божая справа заўсёды будзе мець перашкоды. Аб гэтым сведчыць і жыццё многіх святых, у тым ліку і святога айца Піо, якому вернікі Маладзечна даручылі апеку над будовай новага касцёла. З Божай дапамогай, дзякуючы руплівасці і цярпенню братоў, вялікай самаахвярнасці некаторых вернікаў, якія непасрэдна дапамагалі ў пераадоленні гэтых праблем, дзякуючы шчырай малітве, уся справа рухалася ў правільным кірунку.
Такім чынам быў атрыманы дазвол на будаўніцтва, а ў красавіку 2003 года да гэтай працы быў накіраваны ўжо асобны святар а.Тадэвуш Кавальскі (OFMCap).
Падчас падрыхтоўкі ўсіх фармальнасцей і падачы заявы аб іх станоўчым разглядзе на месцы, дзе ў будучыні павінны былі быць пабудаваны царква і манастыр, часова быў разгорнуты вялікі ваенны шацёр, дзе і праходзіла штодзённая Эўхарыстыя.


7 жніўня 2003 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне крыжа. На Святой Імшы прысутнічала шмат людзей – не толькі мясцовыя жыхары, але і вернікі з іншых парафій. Асвяціў крыж генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа.


Затым за даволі кароткі час была пабудавана капліца Святога Айца Піо па праекце архітэктара А. Яроменкі, у якой таксама здзяйснялася Эўхарыстыя і іншыя святыя сакрамэнты, катэхізаваліся вернікі, праводзіліся сходы асобных харызматычных груп на чале з братамі.


Першая Імша ў пабудаванай цаглянай капліцы адбылася на Божае Нараджэнне ў 2003 г., а 1 лютага 2004 г. адбылося яе асвячэнне.


22 мая 2004 года ў капліцы з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Антонія Пацыфіка Дыдыча атрымаў святарскае пасвячэнне брат Андрэй Жылевіч (OFMCap).


На першапачатковым этапе працы тут дапамагалі: а. Аляксандр Дулінец і а. Сяргей Мацюшонак. Вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы дакументаў і вырашэнні шматлікіх пытанняў аказала Яніна Іосіфаўна Шацько, старшыня касцёльнага камітэта.

А. Тадэвуш Кавальскі OFM Cap і Яніна Іосіфаўна Шацько

 
З часам планы будаўніцтва будучага храма змяняліся: узнікла розніца ў самой канструкцыі, гарадскія ўлады, аддаючы адну з самых прэстыжных будаўнічых пляцовак, патрабавалі хуткасці пры будаўніцтве аб’екта, манахі- капуцыны вырашалі праблемы, звязаныя з пошукам фінансавых рэсурсаў для такога вялікага будынка…
Але кожны дзень – гэта яшчэ адна магчымасць, яшчэ адна прыступка да сонечнага святла, якое прабіваецца праз хмары, яшчэ адзін крок да Бога! Магчыма ўсе гэтыя цяжкасці, звязаныя з будовай, і дадзены для таго, каб ўсе мы змаглі па-сапраўднаму ацаніць Божы дар, які атрымліваем праз братоў-капуцынаў.
У снежні 2005 года пачалося рыццё катлавана пад падмурак новага рэлігійнага аб’екта.


У канцы 2006 года сутарэнні былі цалкам завершаны, і была ўсталявана столь над амфітэатрам.


У будаўніцтве нашага храма ўдзельнічаюць як браты, так і прыхаджане, кожны ў меру сваіх магчымасцяў.

 

 

 

15 чэрвеня 2008 года адбылася прыміцыйная Імша братоў Андрэя Квяцінскага і Алега Шэнды.

27 снежня 2008 года вечныя абеты склалі Юрый Краўчанка і Віталій Бандаронак у прысутнасці Віцэправінцыяла брата Марка Пасюта.


Максім Тамковіч з Маладзечна злажыў 28 снежня 2009 года вечныя манаскія шлюбы.

 

9 мая 2010 года ў нашым касцёле адбылася першая Святая Імша нашага парафіяніна, брата Віталія Бандаронка.
22 верасня 2010 г. браты Віталій Юркевіч і Юрый Краўчанка атрымалі ў нашым касцёле Святога Піо (а дакладней, яшчэ ў капліцы) прэзбiтэрскае пасвячэнне.


24 красавіка 2011 г., на Пасхальны Трыдыум, вернікі і браты-капуцыны на чале з пробашчам парафіі а. Арыушам Малыска, перайшлі ў новы касцёл.
З боку капуцынаў працавалі і працуюць у будове касцёла і душпастырстве наступныя браты: Гжэгаж Юзвяк (Гуральскі), Тадэвуш Кавальскі, Аляксандр Дулінец, Сяргей Мацюшонак, Арыуш Малыска, Тадэвуш Тапольскі, Яраслаў Крыловіч, Валерый Кунгер, Андрэй Букштан, Алег Вайцяховіч, Генрых Кучынскі, Юрый Краўчанка, Андрэй Квяцінскі, Францішак Бука, Анатоль Ярошка, Віталій Бандаронак, Андрэй Шэстакоў, Ігар Колзун, Андрэй Багдановіч, Уладзіслаў Мінько, Андрэй Жылевіч.


25 чэрвеня 2015 года гэта вечныя шлюбы ў нашым касцёле склалі браты Ігар Колзун і Максім Варанюк.

 


А 6 мая 2018 г. наш парафiянiн новапрэзбiтэр айцец Максiм Варанюк, якi атрымаў прэзбiтэрскае пасвячэнне 4 мая ў Докшыцах (абрад пасвячэння ў касцёле Святой Тройцы здзейсніў біскуп Рэйк’явіка (Ісландыя) Давід Тэнцэр, які таксама з’яўляецца капуцынам) у нашым касцёле ўпершыню цэлебраваў Святую Iмшу.


23 чэрвеня 2019 года ў нашым касцёле цэлебраваў сваю першую Святую Iмшу наш парафiянiн капуцын Аляксандр Астраушка, якi 22 чэрвеня атрымаў святарскае пасвячэнне ў Смалявiчах ад генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.


13 чэрвеня 2021 года ў нашым касцёле, у сваёй роднай парафіі, цэлебраваў сваю першую Святую Імшу бр. Ян Садоўскі, якому 12.06.2021 у капуцынскім касцёле ў в. Копішча, што пад Мінскам (р-н Новая Баравая), ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


27 лістапада 2021 года ў нашым касцёле Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне брату дыякану Уладзіславу Мінько.


12 снежня 2021 года, у III Нядзелю Адвэнту, у нашым касцёле Яго Эксцэленцыяй ксяндзом-біскупам Юрыем Касабуцкім быў здзейснены абрад благаславення касцёла ў гонар св. Піо.


19 кастрыніка 2022 г. у касцёле з’явіўся вельмі прыгожы і старажытны Крыжовы Шлях, выкананы ў 1886 годзе ў Баварыі. Крыжовы Шлях атрыманы ад дыяцэзіі Трыер у Германіі і патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі.


Да цяперашняга часу будаўніцтва касцёла працягваецца. Браты-капуцыны спрыяюць дзейнасці і развіццю касцёла і парафіі. У цяперашні час гэта браты: Ігар Колзун (пробашч), Андрэй Жылевіч, Андрэй Шэстакоў, Уладзіслаў Мінько.

Было б несправядлівым, калі б мы не адзначылі ў гісторыі нашага касцёла працу сясцёр з ордэна Місіянерак Святой Сям’і (MSF), якія, нараўне з братамі, з’яўляюцца не толькі ўпрыгожваннем нашага касцёла, а яго душой.

Сёстры гэтага ордэна на працягу многіх гадоў нясуць сваё служэнне ў нашай парафіі. У цяперашні час тут працуюць с. Бернадэта Клім MSF, с. Аляксандра Рыбалтоўская MSF і с. Кацярына Грынчык MSF.


Служэнне нашых сясцёр накіравана на катэхізацыю і ўмацаванне веры не толькі дзяцей і моладзі, але і дарослых, якіх яны рыхтуюць да прыняцця сакрамэнтаў, праводзяць заняткі, сустрэчы, рэкалекцыі і сумесны адпачынак, духоўна апякуюцца супольнасцямі, якія існуюць у парафіі. Акрамя таго сёстры з любоўю і стараннасцю працуюць у закрыстыі, робячы ўсё магчымае і немагчымае для больш глыбокага і ўрачыстага перажывання Літургіі, упрыгожваюць наш касцёл, ладзяць тэатральныя пастаноўкі і святы. Сёстры не шкадуючы ні сябе, ні сваіх сіл, ні часу, стараюцца перадаць свае веды, вопыт, мудрасць усім нам, вядуць нас да Бога. 220 дзяцей і падлеткаў у гэтым навучальным годзе прыходзяць на заняткі да сясцёр, каб паглыбляць свае веды і пазнаваць Пана Бога.
Кожны храм мае сваю гісторыю, і наш касцёл Святога Піо – не выключэнне. І гісторыя гэтая складаная і непаўторная, сапраўды, гэтак жа, як ахвярныя і непаўторныя браты і сёстры, якія нясуць тут сваё служэнне. Назіраючы за іх самаадданай і самаахвярнай працай, разумееш, што гэта людзі, якія пакліканыя Богам. Пакліканне – самая вялікая тайна душы. Цудоўныя і часам незразумелыя шляхі, якімі ласка Божая прыходзіць у сэрца кожнага чалавека. Кожнае пакліканне вельмі асабовае, індывідуальнае і заўжды непаўторнае. У кожнага з нас сваё пакліканне... У аднаго – быць настаўнікам, у другога – лекарам, у трэцяга – … Пакліканне атрымліваюць усе! Бог выбірае каго хоча і калі хоча. Выбірае таго, хто Яму патрэбны. Бог прызывае чалавека, але не тлумачыць, чаму Ён гэта робіць. Як сказана ў першым пасланні Пятра: “Служыце адзін аднаму, кожны тым дарам, які атрымалі” (1 Пятра 4:10). У кожнага з нашых братоў і сясцёр свой дар, і менавіта праз гэты дар яны прыцягваюць нас, вернікаў, да галоўнага – да Эўхарыстыі, да Свята веры. Менавіта яны адкрываюць нам вароты да Бога. Святарства – гэта шлях, на якiм найбольш рэалiзуецца паклiканне Хрыста: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго” (Лк 9, 23-24).


Словы Шымана Старавольскага, якія я змясціла ў пачатку – “Fortuna variabilis, Deus mirabilis…” (“Лёс пераменлівы, Бог надзвычайны…”) – вельмі дзіўным чынам падыходзяць і да нашага касцёла, гісторыя і лёс якога багатыя і ў многім трагічныя. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, дзякуючы Божай волі, ён жыве, развіваецца і квітнее, бо кожны з нас, як сказаў папа Францішак, “не з’яўляецца госцем у Касцёле, гэта наш дом”. Касцёл Святога Піо – гэта вялікая сям’я, гэта месца, дзе людзі сустракаюцца з Богам і даведваюцца аб бязмежнай любові Божай у адносінах да нас. Мы таксама павінны быць неабыякавымі і патрэбнымі нашай Святыні. Праца ў храме знойдзецца заўсёды, галоўнае – апынуцца вернымі нашаму “працадаўцу”, каб пасля пачуць: “...добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. (Матф. 25:21).
Мне здаецца, у кожнага чалавека ёсць такая святыня, праз якую ён упершыню асабіста сустракаецца з Богам. Для мяне такім выключным месцам на зямлі з’яўляецца касцёл Святога Піо ў Маладзечне – месца, куды хочацца прыходзіць і дзе заўсёды адчуваеш прысутнасць Бога.
Такім чынам, тут сышлося ўсё: мудрыя, разумныя, таленавітыя, харызматычныя браты Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў і сёстры-місіянеркі Святой Сям’і, прыгожы і велічны касцёл, ды і месца – райскі куточак у парку на перасячэнні дарог!

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота і выявы з архіву парафіі, асабістых архіваў а. Андрэя Жылевіча і парафіянаў,  а таксама з Інтэрнэт