Якою далёкай ні будзе дарога,
Якім бы шырокім ні здаўся прасцяг,
Вяртайся сюды, да святога парога,
Бо тут твой пачатак і тут твой працяг…
Л. Якубовіч
“Усе мы родам з дзяцінства” – гэта знакаміты радок з песні пра нашу Радзіму – Беларусь. Мне вельмі блізкія гэтыя словы. Я ўпэўнена, у кожнага чалавека з маленства застаецца ў памяці тая мясціна, дзе ён пачаў пазнаваць наваколле, той куток зямлі, які яго песціў і гадаваў разам з бацькамі. Для кожнага чалавека гэта самае важнае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому! З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і камень у полі, і гаючая крыніца, і крыж на раздарожжы – усё да болі знаёмае і дарагое сэрцу. Любоў да роднай зямлі, ёсць у сэрцы кожнага з нас. Проста хтосьці адчувае яе вастрэй і глыбей, а іншыя ж у кругавароце паўсядзённага жыцця не задумваюцца пра гэта.
Такі куток, што яскрава запаў у душу і застанецца там назаўсёды, які ўсюды будзе згадвацца з пачуццём удзячнасці і нейкага незразумелага хвалявання, ёсць і ў мяне. У сваёй памяці захоўваю прыемныя ўспаміны пра мясціны майго дзяцінства – зямлю маіх продкаў, любімае месца ўсёй маёй сям’і – вёску Хажова з яе неабсяжнымі прыгожымі краявідамі, цудоўнымі людзьмі і неверагоднай гісторыяй.
Недалёка ад маляўнічай рэчкі Цвецень ужо шмат стагоддзяў жыве вялікая вёска Хажова, якая ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах ў 1434 годзе, як вялікакняжацкае ўладанне ў Вялікім княстве Літоўскім вось такімі словамі: “Даю і дарую на вечныя часы сяло Хажова Судзімонтавічу”. У розныя часы мястэчка належала Радзівілам, Галаўніну, Вішнявецкаму, Агінскім, графу Тышкевічу. Апошнім гаспадаром вёскі (да 1940 года) быў пан Эўгеніуш Хелхоўскі.
За шматвяковую гісторыю вёска насіла розныя назвы: Хажовая, Хашовая, Хажэва, Хожэў, Хожава і, нарэшце, Хажова. Мясцовае насельніцтва так і называе сваю вёску – “Хажова”, а вось госці чамусьці стараюцца назваць яе на манер польскага горада Хожув – “Хожава”. Па ўспамінах старажылаў, назва “Хажова” – вельмі даўняя і з’явілася ў той час, калі паселішча размяшчалася сярод глухіх лясоў, праз якія былі пракладзены сцяжынкі – ходы, з дапамогай якіх жыхары падтрымлівалі сувязі са знешнім светам. Тапанімісты сцвярджаюць, што мястэчка знаходзілася на скрыжаванні чатырох дарог, якія вялі на Заходнюю Еўропу, Скандынавію, Маскву і Кіеў.
Як і належыць старому мястэчку, Хажова мела царкву і касцёл (паводле падання тут было 7 храмаў!). Доўгі час яны “спаборнічалі” паміж сабой за ўладанне душамі і сэрцамі людзей. Самі хажоўцы ведалі, што ўсе яны роўныя паміж сабой – хрысціяне, і не праяўлялі агрэсіўнасці на глебе веравызнання. А вось пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года і ўвогуле сталі талерантнымі, бо не было чаго дзяліць, царква стала адзінай – уніяцкай. Так працягвалася аж да 1839 года, калі расійскімі ўладамі ўніяцтва было ліквідавана і зноў узнік падзел на праваслаўных і католікаў, зноў сталі “спаборнічаць”, хто лепшы храм пабудуе.
А дзе будаваць храм? “Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля” (Зых 3, 5), – так у Старым Запавеце Бог наказаў Маісею ўшанаваць месца, дзе той размаўляў са Стварыцелем. Такія прыклады са Старога Запавету, як гэты выпадак з Маісеем, а таксама дакладныя Божыя наказы адносна пабудовы святыні, сведчаць пра асаблівасць месца Божай прысутнасці, пра тое, што Богу належыць аддаваць найвышэйшую пашану. Менавіта такім і ёсць прызначэнне кожнай святыні. Так атрымалася і з каталіцкай святыняй у Хажове. Калі ехаць з боку Маладзечна, то, уязджаючы ў вёску, з левага боку каля дарогі, на высокім жывапісным узгорку, можна ўбачыць падмуркі будынка. Навуковец-даследчык ды і просты вандроўнік адразу адзначаць, што месца пад пабудову было выбрана вельмі здатнае і прывабнае – узгорак сярод адносна роўнай і плоскай мясцовасці пануе над усёй ваколіцай. Менавіта на гэтым месцы ў 1439 (1440) годзе Алёхна (Аляксандр) Судзімонтавіч, канцлер літоўскі і ўладальнік Хажова, заснаваў касцёл пад тытулам Святога Антонія Падуанскага, хоць варта сказаць, што не ўсе крыніцы паведамляюць аб гэтым будынку. Будынак касцёла некалькі разоў перабудоўваўся, таму што з-за эпідэмій і войнаў прыходзіў у заняпад. Але аб усім па парадку.
Больш дакладнай датай з’яўлення парафіі можна лічыць 1522 г., калі кіравалі гэтай тэрыторыяй князі Збаражскія (у некаторых крыніцах – Збарскія) – выхадцы з роду вялікага князя літоўскага Альгерда. У 1528 годзе зямельны фундуш на альтарыю пры касцёле быў унесены Ганнай Трачонавай і зацверджаны Булай Папы Клімента VII, што магло сведчыць аб пастаяннай прысутнасці тут святара, па ініцыятыве якога і адбылося ў 1543 годзе адраджэнне святыні. Па іншых архіўных крыніцах новы касцёл быў пабудаваны ў 1540 годзе віленскім епіскапам Паўлам Гальшанскім, уладальнікам Хажова.
У выніку вялікай эпідэміі чумы, якая прайшла праз гэты край, ваколіцы Хажова былі апустошаны, а касцёл паступова прыйшоў у заняпад. Толькі ў 1622 годзе пробашч Лебедзеўскі і Хажоўскі, ксёндз Вінцэнт Завадскі, знайшоўшы некаторыя фондавыя дакументы, вярнуў праз суд ранейшую царкоўную ўласнасць і атрымаў сродкі на будаўніцтва храма.
Вайна з Расійскай дзяржавай (1654-1667 гг.) прынесла значную шкоду царкоўным маёнткам на тэрыторыі ўсёй Віленскай епархіі. У час Паўночнай вайны тут (1709-1710 гг.) зноў віравалі эпідэміі заразных хвароб, святыня была знішчына шведамі, мястэчка апустошана. Толькі ў 1733 годзе намаганнямі ксяндза Стэфана Вайноўскага, дэкана Радашковіцкага, пробашча Краснасельскага і Хажоўскага, быў адбудаваны новы касцёл.
У 1746 годзе касцёл Святога Антонія быў значна рэканструяваны, павялічаны ў памерах. Ён уяўляў сабой драўлянае, на каменным падмурку, з трохграннай апсідай збудаванне, завершанае пасярэдзіне трыма купаламі: большы па цэнтры і два меншыя па баках. Закрыстыя была зроблена за галоўным алтаром з асобным уваходам. Было шэсць вокнаў з боку фасада касцёла і два акны ў закрыстыі. Будынак святыні быў прыкладна 14 х 8,5 м (па іншых дадзеных 20,0 х 7,3 м). Касцёл упрыгожвалі чатыры двух’ярусныя алтары: Святога Антонія Падуанскага + Святога Францішка; Святога Ізыдора + Святой Барбары; Святога Тадэвуша + Святой Разаліі; і вялікі “на оптыцы маляваны” з абразом Маці Божай Чанстахоўскай + Укрыжаванне.
Асобна перад будынкам стаяла драўляная, на тры ярусы, пакрытая гонтай, з купалком наверсе, званіца, узведзеная на сродкі Тадэвуша Агінскага, ваяводы трокскага, а таксама пры людской дапамозе. Пры касцёле дзейнічалі альтарыя, брацтва святога Ізыдора, заснаванае ў 1763 годзе, а таксама шпіталь і школа пад апекай манахаў-трынітарыяў з Маладзечна.
У 1781 годзе Хажоўская парафія была самай вялікай у Радашковіцкім дэканаце і налічвала 4911 вернікаў. Да яе прыпісвалі дзве капліцы – палацавую ў Маладзечне і ў маёнтку Тышкевічаў у Ізабеліне (Забеліне). У парафіяльнай школе налічваліся 42 вучні (8 – шляхецкіх, 16 – мяшчанскіх, 18 – сялянскіх).
Будынак былой парафіяльнай школы
У 1842 годзе парафія налічвала 880 католікаў. Пробашчамі касцёла былі: Антоній Магільніцкі (1841-1852), Фелікс Ратовіч (1853-1860), Феліцыян Доўбур (1863-1866) і Антоній Кітовіч (1866-1867).
Лёс апошніх двух святароў быў падобны: і аднаго, і другога адхілілі ад святарства ў Хажове. Феліцыяна Доўбура царскія ўлады абвінавацілі ва ўдзеле ў паўстанні 1863-1864 гг. і адмове ўдзельнічаць у царкоўнай працэсіі, за што ён быў пераведзены на пасаду вікарыя ў Эйшышак. Антонія Кітовіча абвінавацілі ў “перашкодзе вернікам прымаць праваслаўе” і адправілі ў ссылку як “шкоднага для агульнага спакою ў краіне”.
З гэтага часу ў Хажове больш не было пастаяннага святара. Католікаў сталі пераводзіць у праваслаўе. Да тых жа вернікаў, хто не хацеў прымаць праваслаўе пачалі ўжывацца рэпрэсіі. Цікавыя матэрыялы пра гэтыя падзеі ўдалося знайсці ў “Bojownicy kapłani za sprawę kościoła i ojczyzny w latach 1861-1915”. У звароце ад 20 кастрычніка 1867 г. праваслаўнага біскупа губернатару гаворыцца, што “для ўмацавання ў праваслаўі некалькіх тысяч далучаных да праваслаўнай царквы і некалькіх сотняў тых, хто падпісаўся на пераход у праваслаўе, лічыць неабходным выдаліць хажоўскую царкву і просіць мяне звярнуцца з просьбай закрыць гэтую царкву і аддаць яе ў праваслаўную царкву… што ў Хожуве з 1864 года не было пастаяннага святара, таму спісы вернікаў там не правяраліся, а ў тых, што рабіліся, не ўказваліся далучаныя да парафіі хажоўскай вернікі з аддаленых парафій: Маладзечанскай у 1864 г., Хахельскай у 1865 г. і Краснасельскай у 1866 г.”.
Згодна з гэтым жа дакументам усе католікі, якія яшчэ не прынялі праваслаўе, далі згоду перайсці ў праваслаўе, за выключэннем 98 чалавек, калі каталіцкі прыход будзе скасаваны. Улады доўга чакаць не прымусілі, падмануўшы народ, выдаюць загад: “У сувязі з гэтымі звесткамі я не бачу перашкод для выдалення каталіцкай парафіі хажоўскай і адданасці тамтэйшай царкве ў праўленне праваслаўнай духоўнай улады”.
Такім чынам, 25 красавіка 1868 г. у г. Вільні было прынята рашэнне № 1992 аб адабранні царквы ў католікаў (першапачаткова ішла гаворка толькі аб закрыцці касцёла). 3 мая 1868 г. будынак быў перададзены праваслаўным.
Ёсць яшчэ адна версія аб закрыцці касцёла. Нібыта падставай для гэтых дзеянняў было абвінавачванне ў парушэннях пры рамонце, нягледзячы на тое, што раней вернікі ў Віленскай Рымска-каталіцкай кансісторыі атрымалі дазвол на рэканструкцыю храма (вядома, цаглянага), і сабралі для гэтай мэты адпаведную суму грошай сярод мясцовых каталікоў. Але ўлады гэта не спыніла. Царкоўнае абсталяванне і архіў былі вывезены ў Аборкаўскі прыход, а ў 1869 годзе ў гэтым храме ўжо праводзіліся праваслаўныя набажэнствы. Сведчыць пра веліч і дастатак былой парафіі можна толькі па літургічных каштоўнасцях, якія былі дастаўленыя ў Вільню – 4 чашы, 3 патэны, 1 пушка, 30 вот).
Толькі пасля маніфеста Мікалая ΙΙ аб свабодзе сумлення (1905 год) памешчыку Мар’яну Геркуланавічу Хелхоўскаму, уладальніку Хажова ў гэты час, было дазволена пабудаваць тут капліцу. Яе асвяцілі пад гістарычным тытулам у гонар Святога Антонія. У каталогу 1917 года згадваецца капліца Хожув ў парафіі Груздава-Аборак.
У 1918 г. касцёл быў вернуты католікам. З гэтага ж года спачатку вікарыем, а пасля пробашчам тут працаваў ксёндз Валяр’ян Каральчук. Колькасць прыходу ў 1925 г. – 1300 католікаў.
У 1925-1926 гадах быў праведзены капітальны рамонт храма. Колькасць прыхажан няўхільна павялічваецца: 1927 г. – 1300 кат., 1929 г. – 1025 кат., 1930 г. – 1045 кат., 1931 г. – 1055 кат., 1932 г. – 1055 кат., 1934 – 1119 кат., 1936 г. – 1185 кат., 1937 г. – 1209 кат.
У гэты час (1931 г.) на тэрыторыі парафіі знаходзіцца 18 вёсак, 7 фальваркаў, 3 маёнткі, 2 засценкі.
Цяпер цяжка адназначна вызначыць, хто адказваў за парафію пасля смерці ксяндза Каральчука, якая адбылася ў Вільні 12.11.1937 г., і ці не было тут раней падчас яго хваробы намесніка? Можа быць, тады тут працаваў ксёндз Стэфан Ківінскі, пра якога згадваюць некаторыя архіўныя матэрыялы.
У 1938-1939 гг. сваё служэнне тут нёс ксёндз Эдмунд Гадлеўскі, але пры ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР, святар выехаў. Яшчэ не так даўно можна было пачуць успаміны старых прыхажан аб выдадзеных на споведзь лістках, якія кс. Гадлеўскі скрупулёзна правяраў на Каляды. Пры гэтым святары ў парафіі быў даволі добры хор, які спяваў падчас рэлігійных урачыстасцяў. Быў таксама і арган, таму тут заўсёды можна было пачуць гукі чароўнай арганнай музыкі.
Імша ў нядзелю, 1939 год (з асабістага архіва родных былой парафіянкі)
На вялікі жаль няма звестак і пра першыя гады савецкай ўлады ў Хажове. Невядома, хто быў святаром у гэты час, можна толькі сустрэць звесткі аб вывазе святара і маёмасці з плабяніі вайскоўцамі: “У той жа дзень (17.09.1939 г.) мясцовае насельніцтва сыходзілася, каб рабаваць святароў. Але так як у Хожуве ўжо стаялі савецкія войскі, на дом прыходзіў нейкі камісар і казаў: “Пакіньце гэта да заўтра. Заўтра вы прыйдзеце, і мы ўсё паміж вамі падзелім”. Людзі паверылі і пайшлі па дамах. А ўначы пад’ехалі савецкія грузавікі, вывезлі з дома святара і павезлі ў Расію”.
Для большасці ж мясцовых жыхароў касцёл быў вельмі важны. Напрацаваўшыся за тыдзень на палетках, вяскоўцы з вялікай радасцю ў нядзелю ішлі на службу ў касцёл. Там яны забываліся аб усіх цяжкасцях і нягодах, маліліся, а потым вярталіся да хаты з добрым настроем, з новымі сіламі. Вера дапамагала ім выжыць у цяжкія гады ліхалецця, натхняла іх на працу. Але не ўсё так проста.
Пасля Другой сусветнай вайны ўзмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. Святарам было забаронена ездзіць па населеных пунктах і праводзіць работу сярод прыхажан. У пачатку 1947 г. мясцовыя ўлады адабралі тры будынкі, якія належалі хажоўскаму касцёлу: у плябаніі размясцілі пошту, пасялілі настаўнікаў школы і іншых жыхароў, адзін будынак спалілі на дровы.
Будынак былой плябаніі
У гэтым жа годзе ксёндз Пётр Пятровіч Пупін (нарадзіўся ў 1912 г., пробашч хажоўскага касцёла з 1940 г.), чалавек высокай эрудыцыі (валодаў нямецкай, французскай, польскай, літоўскай, рускай, беларускай мовамі), які карыстаўся вялікай павагай у насельніцтва, быў арыштаваны на вакзале ў Маладзечне, па вяртанні з Вільні ад біскупа. Судзілі яго 30 студзеня 1948 г. Прысуд (арт. 72 УК БССР – антысавецкая агітацыя) – 25 гадоў пазбаўлення волі. У 1955 годзе ксяндза П.П. Пупіна адпусцілі, але зарэгістравалі пробашчам Рубяжэвіцкай парафіі (памёр 10.08.1979 г.). На вялікі жаль рэабілітацыі святар пры жыцці не дачакаўся (рэабілітаваны 12 верасня 1995 г.)
З арыштам святара касцёл таксама закрылі, у 1949 г. у ім зрабілі калгасны склад, а ў 1956 годзе ўвогуле разабралі. Вернікам для ўдзелу ў набажэнствах трэба было дабірацца да Краснага (дабрацца на аўтобусе да Маладзечна і далей па чыгунцы да Краснага). З 1990-х гадоў ездзілі ўжо ў касцёл у Маладзечне.
У гады адраджэння рэлігійнага жыцця ў Хажове не было прадпрынята ніякіх работ па аднаўленні былога касцёла. Дом святара па-ранейшаму выкарыстоўваецца як жылое памяшканне для мясцовых жыхароў.
З 2003 г. дадзеная мясцовасць адносіцца да парафіі святога Казіміра і ўключана ў пастырскае служэнне манахаў Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў касцёла святога Піо ў г. Маладзечна.
У цяперашні час захаваліся толькі фрагменты падмуркаў касцёла. На гэтым месцы сёння ўстаноўлены і асвечаны высокі крыж, як памяць аб страчанай спадчыне. Непадалёку ад яго бачны каменныя пліты, напалову ўросшыя ў зямлю. Верагодна, што гэта пахаванні, бо на заімшэлых камянях бачны надпісы.
Сівою травой парастаюць каменні.
Не ўспомніцца, што тут калісьці было...
…Руйнуецца тое, што шчэ не спазнана.
Дамы пахаваны з гісторыяй іх,
Ратуюць адзін – дзесяць не ўратавана.
Мясцін старажыл не пазнае сваіх.
Л. Рублеўская
Каталіцкія вернікі нашай вёскі і цяпер мараць адбудаваць і адрадзіць страчаную Святыню, з якой яны звязваюць сваю гісторыю, мінулае сваёй вёскі, сваіх продкаў.
Цяжка ўявіць сабе народ без мінулага. Мы не можам не думаць аб сваіх гістарычных вытоках, так як яны – аснова нашага сучаснага і нашага будучага. І гэта такая неабходная і такая натуральная повязь часоў ніколі не павінна ні слабець, ні тым больш губляцца. У народзе існуе павер’е, што калі забываеш сваю гісторыю, то яна помсціць за гэта. І каб былыя падзеі не адышлі ў нябыт, каб не памнажаць стратаў, мы павіны памятаць пра свае карані і рабіць усё магчымае для іх зберажэння са свайго боку, а ўсё немагчымае зробіць Бог.
Тэкст і фота: Таццяна Шумель