Працоўная раніца Людмілы Прывалавай пачынаецца з праверкі пошты і разбору новых замоў. Гадзіннік паказвае восем гадзін ранку, а ў майстэрні ўжо кіпіць праца.

Хтосьці замовіў новы арнат, іншы — алтарны абрус, чакаюць сваёй чаргі два дзясяткі сукенак для Першай Камуніі.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Майстэрня, дзе працуе Людміла, на сёння адзіная ў Беларусі, дзе вырабляюць літургічнае адзенне, а таксама іншыя патрэбныя ў літургіі прадметы — абрусы, харугвы, дываны, вышытыя іконы, бурсы і нават абгорткі для Бібліі і брэвіярыя...

Але пашыць тут можна не толькі гэта. Майстэрня прымае індывідуальныя замовы на сутаны, габіты, паліто.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«Нядаўна манахіні з Віцебскай дыяцэзіі замаўлялі ў нас габіты — прывозілі адзін як узор, каб мы знялі мерку, — прыгадвае Людміла Прывалава. — На замову мы можам пашыць шмат чаго — дыяканскія стулы з эксклюзіўным узорам, паліто з доўгім падолам. Чаго яшчэ не рабілі, так гэта галаўных убораў...»

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Найчасцей сюды прыязджаюць асабіста, каб паглядзець гатовыя тавары і абмеркаваць дэталі. Але пэўная частка замоў — праз сайт.

Ідэю прынеслі капуцыны

Майстэрня SACRIS VESTIBUS працуе ўжо тры гады. Большую частку з гэтага часу — пры парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне, якой апякуюцца браты капуцыны.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«Спачатку мы задумвалі гэту майстэрню як своеасаблівую рэкламу кустодыі, — адзначае бр. Юрый Краўчанка. — Мы ўжо практыкавалі вытворчасць капуцынскага бальзаму і кавы капучына. Ідэя з майстэрняй — больш глабальная. На першых парах справа ішла марудна, бо ў нас не было вопыту. Сёння мы яшчэ выплачваем доўг за набыты станок, але паціху справа рушыцца».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Паводле слоў святара, такая адмысловая «дыверсіфікацыя» — прыклад дзейнасці манаскіх супольнасцяў з-за мяжы. У Вінніцы манахі заснавалі студыю па вытворчаці кінастужак і мультфільмаў, у Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі айцы аблаты выдаюць часопіс «Вадаграй», у Кракаве капуцыны вараць капуцынскі бальзам...

«Яшчэ мы абдумвалі ідэю сталярні, але спыніліся на майстэрні для літургічнага адзення», — заключае святар.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Манах дадае, што раней адным з цэнтраў, дзе шылі літургічнае адзенне, быў Вільнюс, сёння ж многія беларускія духоўнікі набываюць неабходную вопратку ў Польшчы.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«Але не кожны мае такую магчымасць, таму мы стварылі сваю беларускую майстэрню, якая б магла рабіць усё неабходнае на месцы», — заключае капуцын.

«Найбольш папулярная замова — абрус»

Сёння ў майстэрні працуюць шэсць чалавек. Акрамя Людмілы Прывалавай — яшчэ канструктар, вышывальшчыца, закройшчыца і швачкі. «У нас працуюць як католікі, так і праваслаўныя. Але ў працы гэта ніколі не перашкаджала. Усё, што робім, — з клопатам пра людзей».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Людміла Прывалава адзначае, што найбольш папулярны прадмет, які замаўляюць, — гэта абрус.

«Абрусы мы шыем найбольш часта. У ТОП-2 ўваходзяць таксама альбы: каб пашыць адну альбу, як правіла, трэба каля трох гадзін. Куды цяжэй шыюцца сутаны — пасля абмеркі і раскройкі праходзіць 3-4 гадзіны, перш чым святар можа прымерыць першы варыянт. Выраб жа адной сутаны ад пачатку і да канца займае 25 гадзін бесперапыннай працы», — удакладняе Людміла.

майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris 

На першых парах супрацоўніц майстэрні кансультаваў Чэслаў Жук, адзін з найбольш вядомых у Беларусі краўцоў, які шые сутаны. За яго плячыма — 25 гадоў кравецкага вопыту...

У самой майстэрні на сёння пашыта 20 сутан. Як адзначаюць супрацоўніцы, колькасць замоў ад беларускіх святароў залежыць ад літургічнага перыяду.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«Самым спакойным часам можна назваць жнівень. А найбольш ударны — май», — заключае Людміла.

Цікава ведаць:

Кава капучына паходзіць ад часткі капуцынскага габіту — каптура. У нямецкай мове каптур называюць “kapuzi”

«У нас быў выпадак, калі мы абшывалі дыяканскую стулу стразамі»

Кошт кожнай канкрэтнай рэчы, як адзначаюць у майстэрні, найперш залежыць ад матэрыялу, часу і наяўнасці дэкору (вышывак і г.д.). 

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«У нас быў выпадак, калі мы абшывалі дыяканскую стулу стразамі, — распавядае Людміла Прывалава. — У цэлым замовы ёсць, але не так шмат, як хацелася б. Датычна коштаў, то мы сочым, каб у нас было не даражэй за тыя ж самыя рэчы ў замежных крамах».

Майстар Ірына Голуб у SACRIS VESTIBUS прыйшла з маладзечанскага тэхнікума, дзе працавала канструктарам-закройшчыцай. У яе працу ўваходзіць выраб лекала — папяровай асновы для будучых мадэляў, па якіх майструецца эскіз.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Дадаткова Ірына распрацоўвае сцёжкі для мадэлі, а затым апрацоўвае мадэлі адзення на спецыяльнай камп’ютарнай праграме для дызайну вышывак.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Яшчэ адна Ірына — вышывальшчыца Ірына Кандратовіч — сочыць за працай станка, які наносіць на тканіну вышыўку. Адначасова станок вышывае дзевяццю (!) ніткамі, таму важна, каб праца не збівалася.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Краўчыха Тамара Валынец да прыходу ў SACRIS VESTIBUS была раскройшчыцай у гарадскім атэлье. 

«Ніколькі не шкадую, што змяніла працу. Тут праца творчая, а гэта заўсёды прыносіць унутранае задавальненне, — адзначае жанчына. —  Да таго ж заўсёды прыемна бачыць, калі кліент задаволены нашай працай».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Падтрымлівае калегу і партная Вольга Садоўская:

«У кожнага чалавека, улічваючы яго камплекцыю, сваё бачанне таго, як павінна сядзець рэч, — адзначае Вольга. — Дагадзіць кліенту — вялікая адказнасць. Часам трэба пераконваць. Вельмі радуе, калі чалавек задаволены нашай працай: значыць — не дарма».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«Для літургіі ў нас можна набыць усё»

За набыццё фурнітуры ў майстэрні адказвае Валянціна Варанюк, якая працуе пры парафіі Св. Казіміра і вырашае гаспадарчыя пытанні SACRIS VESTIBUS, звязаныя з выездамі і аплатай. 

Звычайна матэрыялы для будучых тавараў жанчына набывае ў Мінску і Польшчы.

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

«У Польшчы штосьці можна набыць танней, чым у Беларусі, але не заўсёды, — адзначае Валянціна. — Штосьці з матэрыялу нам прывозяць беларускія семінарысты, якія вучацца ў Італіі. Не так даўно я была ў польскіх Кельцах на выстаўцы літургічнага адзення і магу сказаць, што наша майстэрня дастаткова канкурэнтаздольная. Сёння ў нас можна набыць усё для літургіі».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Валянціна прызнаецца, што яе засмучае той факт, што беларускія святары пакуль не так актыўна звяртаюцца да іх з замовамі, а працягваюць набываць літургічнае адзенне за мяжой.

«Мы хацелі б развівацца і далей. Хацелі б, каб нашы беларускія святары нас заўважалі. Бо найперш мы працуем для іх. Мы сур’ёзна ставімся да працы — я лічу, што нашы вырабы па якасці не саступаюць таварам з Польшчы. Але ўсё ў Божых руках».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris 

Паводле слоў Валянціны, іх прадукцыяй паціху пачынаюць цікавіцца святары з Расіі. А яна сама плануе прааналізаваць магчымы рынак і ва Украіне.

«Спадзяюся, Бог дасць ласку, каб наша справа развівалася і надалей. Дарэчы, замовы ў нас робяць не толькі святары, але і свецкія, рыхтуючы падарунак духавенству».

 майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris

Аднак, калі справа датычыць сутаны, то набыць яе свецкаму хлопцу будзе не так проста.

майстэрня па вырабе літургічнага адзення sacris 

«Свецкія без праблем могуць набыць у нас комжу. У якасці падарункаў яны замаўляюць арнаты і альбы, але для таго, каб пашыць сутану, хлопец павінен пераканаць нас у тым, што ён семінарыст», — дадае Валянціна Варанюк. 

Жанчына ведае, пра што гаворыць: абодва яе сыны — семінарысты.



Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай
Маладзечна-Мінск

 Паводле: http://Catholic.by