На нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 15, 1–10

На нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.

Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку.

Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму.

Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі слухаем гісторыю розных сацыялізмаў ХХ і ХХІ стагоддзяў, уражвае стаўленне гэтых сістэм да чалавека, як індывідуума. Камуністычныя і нацыскія фабрыкі смерці лічылі чалавека з яго душой і яго гісторыяй ўсяго толькі расходным матэрыялам для будовы іншага, лепшага як ім здавалася, свету. Сістэмы гэтыя праводзілі рашучае раздзяленне на лепшыя і горшыя класы грамадства або на лепшыя і горшыя нацыі. Горкі вопыт паказаў, што гэта ўтопія. Нават калі хтосьці дзеля дабра грамадства знішчае “горшых”, у пэўны момант пачынае ў прамысловых маштабах нішчыць само грамадства.

Як жа моцна адрозніваецца Божае гледжанне на чалавека, якое выражаецца ў словах і ўчынках Хрыста! Фарысеі і кніжнікі папракаюць Яго ў тым, што Ён разам з імі не выцясняе з грамадства мытнікаў і грэшнікаў, не сартуе на “лепшых” і “горшых”. Езус кіруецца логікай характэрнай для Бога - логікай міласэрнасці. Для Бога лічыцца нават кожны асобны чалавек. Гэта дзіўна, але з прыпавесці пра сто авечак адназначна вынікае, што адна не менш важная за дзевяноста дзевяць. Нават больш за тое - адна згубленая авечка ў гэты канкрэтны момант нават важнейшая за дзевяноста дзевяць сабраных разам.

На жаль, дзяржава, калі палічыць мэтазгодным, можа ахвяраваць адным чалавекам або групай людзей дзеля дасягнення сваіх мэтаў. Бог ніколі так не робіць. Нават калі па-сапраўднаму згубішся, ты ў гэты момант ў Божых вачах застаешся важнейшым за ўвесь свет. Таму Бог высылае свайго Сына, каб шукаў цябе, як бы далёка ты не зайшоў. Проста Бог, гэта не “народны камісар”, а міласэрны Айцец.

Ці не адмаўляю я ў праве на месца ў грамадстве некаторым людзям ці катэгорыям людзей? Ці я, служачы якойсці грамадскай справе, застаюся дастаткова ўважлівым да асобнага чалавека, які жыве каля мяне? Ці не адчуваю сябе ананімным перад Богам? Ці радуюся, калі ў супольнасць Касцёла вяртаецца ўчарашні злачынца і яўны грэшнік?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».