Кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць вучнем Маім

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 14, 25–33

Кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць вучнем Маім

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. 

Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць. 

Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.

Гэтак кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Нас, хрысціян, часамі папракаюць ў тым, што нібыта наша вера сляпая і фанатычная. Тут маецца на ўвазе прыняцце асноваў веры без крытычнага рацыянальнага абгрунтавання. Аднак ў сённяшнім Евангеллі Езус чарговы раз заклікае прыняць Яго і ягонае вучэнне не толькі сэрцам, але і розумам.

Перш чым стаць адданым вучнем Езуса, небходна ў нейкім сэнсе ўявіць або спрагназаваць сваю магчымую будучыню. Зрабіць гэта можна дзякуючы добра пастаўленым пытанням. Па-першае, ці гатовы я панесці пэўныя непазбежныя страты, звязаныя з прыняццем хрыстовага вучэння? Па-другое, наколькі моцна я цаню свабоду, якую гарантаваць можа толькі Бог?

Хоць прыпавесці пра будаўніка вежы і пра караля па сутнасці гавораць пра адно і тое ж, аднак яны ўзаемна дапаўняюцца. Будаўнік выбірае, будаваць ці не будаваць. Трэба толькі прыкінуць, ці зможа завяршыць пачатае. Падобнае выпрабаванне чакае кожнага вучня Хрыста. З энтузіязмам пайсці за Хрыстом не скаладана, складана бывае ісці за Ім. Напрыклад, ці вытрымаеш націск няверуючых сваякоў ці сяброў, якія будуць намагацца абясцэніць тваю веру? Ці сам Хрыстос і Яго каштоўнасці для цябе настолькі важныя, што нічога важнейшага няма і быць не можа?

Кароль таксама стаіць перад няпростым выбарам - прыняць бой з мацнейшым ворагам і загінуць свабодным, ці прасіць міру на ўмовах акупанта. Радыкальнае жыццё евангельскімі прынцыпамі можа прывесці да таго, што будзеш для акружаючыга свету непапулярным, “непаліткарэктным”, “цёмным” і “адсталым”. З іншага боку можна пайсці на міравую са светам і жыць спакойна, але па яго правілах.

Гэтыя словы Хрыста сведчаць пра тое, што Ён не авантурыст, які зводзіць людзей таннымі абяцаннямі. Ён заклікае нас да выбару з дапамогай цвярозага мыслення. Толькі такім чынам можна ўсвядоміць сабе цану свабоды, якую Ён здабыў для нас смерцю і ўваскрасеннем. Гэта дае надзею, што перамога магчыма нават з мацнейшым праціўнікам.

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».