Любі Пана Бога твайго, любі бліжняга твайго

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 12, 28b–34

Любі Пана Бога твайго, любі бліжняга твайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім,і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.

І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апрача Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чаму кніжнік запытаўся, якая запаведзь найбольшая? Справа ў тым, што ў юдэяў 613 запаведзяў і ад часу, калі іх акрэслілі, яны ўсцяж вялі спрэчкі, якія з іх найважнейшыя. Першая запаведзь сярод усіх азначае, што з яе вынікаюць усе іншыя. Выкананне гэтай запаведзі дазваляе захаваць увесь закон. Запомніць усе 613 запаведзяў складана, таму засваенне адной найважнейшай спрашчае заданне.

Першая запаведзь — «Слухай, Ізраэль». Менавіта ад слухання прыходзіць любоў усім сэрцам, усёй душою, усім розумам і ўсімі сіламі, таму што Бог адзіны варты такой адданасці. Дзякуючы гэтай любові да Бога мы адкрываем другую запаведзь, якая «правярае» выканенне першай: любі бліжняга, як сябе самога. Менавіта калі слухаеш Бога, то ведаеш, як любіць самога сябе, а значыць — як любіць і бліжняга. Часам ты сам для сябе з’яўляешся перашкодай, калі, напрыклад, не можаш сабе прабачыць, а як тады ў адносінах да іншага?  Любоў да самога сябе, ажно да ступені любові да ворагаў, заключана ў першай запаведзі. Любіць бліжняга трэба не толькі тады, калі ён да цябе добры, але і тады, калі ён цябе крыўдзіць. Немагчыма, аднак, любіць бліжняга без апоры на запаведзь «Слухай, Ізраэль». Таму абедзьве запаведзі ўзаемна тлумачаць сябе.

Кніжнік падкрэсліў, што любоў да Бога і бліжняга каштоўная значна больш, чым усе ўсеспаленні і ахвяры, якія складаліся ў Ерузалемскай святыні. Такім чынам, на першым месцы ставіцца ўнутраны культ Бога. Што не азначае, быццам усеспаленні і ахвяры страцілі сваё значэнне. Яны напаўняюцца значэннем пры ўмове любові ў сэрцы чалавека.

Тое, чаго хоча Бог, — гэта разумнае дзеянне чалавека, які свабодна любіць Яго ўсім сэрцам, усёй душою, усім розумам і ўсімі сваімі сіламі, якія ёсць ўнутры яго, у тым ліку ірацыянальнымі сіламі: запалам, жаданнямі і прагненнямі.

Па чым ты пазнаеш, што любіш бліжняга як сябе самога?

Чаму панаванне над сабой звязанае з любоўю да Бога і бліжняга?

Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».