Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 10, 38–42

Марта прыняла Яго, Марыя ж выбрала найлепшую частку

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прыйшоў Езус ў адну вёску. І жанчына па імені Марта прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падыйшоўшы, сказала: Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне.  

Пан жа сказаў ёй у адказ: Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Можна старанна выконваць свае абавязкі, быць руплівым каталіком, шмат чытаць і гаварыць пра Бога. Можна нават дапамагаць бедным і ўдзельнічаць ў розных формах евангелізацыі – але ўсё гэта рабіць без Бога. Ці такое ўвогуле магчыма? Так! Саўл, які пазней стаў апосталам Хрыста, таксама быў вельмі руплівым веруючым, быў вучнем аўтарырэтнага настаўніка, быў старанны ў вучобе і адданы Богу (Дз 22,1-3).  Ён дасканала ведаў Святое Пісанне, але бязлітасна пераследваў Касцёл.

Такое здараецца таксама з хрысціянамі, якія шмат ведаюць пра Бога, але ніколі не сустрэліся з Ім асабіста. Гэта, як аналізаваць знешні выгляд чалавека: у што ён апрануты, які абутак у яго на нагах, якая прычоска, вочы і так далей, але ніколі з ім асабіста не паразмаўляць.

Як жа гэта выправіць? У Евангеллі Езус звяртае ўвагу на майго бліжняга, які інакш моліцца, па-іншаму думае, інакш выконвае сваю працу і, здаецца, робіць ўсё не так. Менавіта праз яго Бог хоча мне нешта сказаць: другі чалавек з’яўляецца найлепшым люстэркам для мяне, бо праз розніцу паміж намі мы пазнаём саміх сябе такімі, якімі мы ёсць насамрэч.

Ці здольны я прыняць кагосьці, хто, як здаецца, ніколі са мною не згаджаецца? Ці ўмею ў непрыемным, на першы погляд, чалавеку ўбачыць дабро?

Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».