Стварыў таксама неба, сонца, зоркі

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 10, 2–12

Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей? 

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Ад пачатку сусвету Бог хоча дабра для чалавека. І мы былі створаныя, каб няспынна захапляцца Яго бясконцай дабрынёй і любоўю. Бо любоў па сваёй прыродзе не жыве толькі для самой сябе, але прагне дзяліцца сабой і даваць сябе іншым. Такім чынам, Пан стварыў для нас зямлю і ўсё, што на ёй ёсць: глебу, расліны, жывёлаў, ваду... Стварыў таксама неба, сонца, зоркі… Напрыканцы стварыў Бог нас і усё даў нам ў спадчыну. Але не стварыў нас самотнымі,“стварыў мужчыну і жанчыну” (Быц 1, 27), каб мы, так як Створца, дзяліліся атрыманай любоўю, а не жылі эгаістычна кожны сам для сабе.

Аднак, пасля першароднага граху чалавек адвярнуўся ад Божай любові і пачаў закрывацца ў самім сабе, у сваіх жаданнях, марах, баючыся таксама, што іншыя яго пакрыўдзяць. С таго часу ў людзях прытупілася здольнасць жыць для іншай асобы. У нашае жыццё ўвайшлі недавер, смерць і боль. Замест таго, каб прызнавацца ў памылках, людзі пачалі апраўдваць сябе, а іншых абвінавачваць. У рэшце рэшта стала неабходна ўсталяваць законы, каб стрымліваць самасуды і абараняць нявінных. Ня гледзячы на тое, што з цягам часу колькасць законаў расла, гэта ўсё роўна не магло стрымаць насілля і ўсталяваць справядлівасць. Бо і законы ствараліся людзьмі параненымі грахом. Так было да часу, пакуль сам Бог не сышоў на зямлю і не ўстанавіў адну найважнейшую запаведзь – Запаведзь любові.

Езус Хрыстус, адзіны бязгрэшны, узяў на сябе правіны ўсяго свету і адпакутаваў за іх на крыжы. Такім чынам Ён стаў Найвышэшым Суддзёю, да Якога належыць апошняе слова і канчатковы прысуд. І судзіць Ён будзе паводле любові.

Наш Збаўца сваёю смерцю і ўваскрасеннем паказаў, што Пан Бог і мой бліжні не з’яўляюцца для мяне не ворагамі, а шляхам да збаўлення, вызваленнем з няволі эгаізму. У выніку тыя, хто даверыліся Хрысту, ўжо не баяцца ні смерці, ні несправядлівага асуджэння з боку іншых, бо аддаюцца ў апеку Таму, хто мае апошняе слова, якое прагучыць на справялівым судзе.

Закон і любоў - што для цябе важнейшае? Якую ролю ў тваім жыцці выконвае закон, а якую любоў? 

Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь.

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».