Божай моцы

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 10, 17–24

Радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Семдзесят два вучні вярнуліся з радасцю і казалі: Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё. А Ён казаў ім: Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось даю вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах.

У той час узрадаваўся ў духу Езус і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо так Табе спадабалася. Усё перададзена мне Айцом Маім. І ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: Благаслаўлёныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Забаўна, як чалавек часамі радуецца, калі пра яго напішуць штосьці добрае ў газеце, або пакажуць ў тэлебачанні. Падобную радасць прыносіць некаторым знаёмства з якімсьці знакамітым чалавекам, або прынамсі аўтограф ад яго. Магчыма, адбываецца гэта таму, што маем дачыненне з рэдкім відам радасці, больш яскравым, чым нешта штодзённае. А можа такім чынам праяўляецца несвядомае прагненне чалавека быць блізка з Усемагутным Богам?

Вучні ў захапленні ад той ўлады, якую атрамалі ад Хрыста. Яны былі сведакамі, як дэманы, здавалася б такія магутныя, на іхняе слова з лямантам уцякаюць з апантаных людзей. Неверагодна! Гэтым захапленнем яны дзеляцца з Езусам. Але Ён, здецца, як быццам бы з іроніяй хацеў сказаць: “Што ж гэта за цуд, што духі падпарадкоўваюцца Божай моцы?” Гэта вельмі звычайная, амаль штодзённая з’ява. Хрыстос перакіроўвае іх увагу на зусім іншую прычыну радасці – “Імёны вашыя запісаны ў нябёсах”. Гэта абяцанне, якое мае нятленную каштоўнасць, гэта радасць, якая ніколі не скончыцца. Заключаецца яна ў асабістым знаёмстве з Богам і прабыванне ў прамянях Яго прыгажосці і славы.

Назіраючы часамі за звышнатуральнымі з’явамі, ці не засяроджваюся я на іх сенсацыйных праявах? Ці не губляю з поля бачання сапраўдныя прычыны радасці – Бога і Яго славу? Ці ўсведамляю сабе каштоўнасць магчымасці сузіраць Бога ў Адарацыі, чуць Яго голас ў слове Божым, прымаць Яго дотык ў святых Сакрамэнтах?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».