ўмець прабачац

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 46–50

Хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Між вучняў паўстала пытанне: хто з іх быў бы большы? Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, той прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі.

Ян сказаў у адказ: Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі. І сказаў яму Езус: Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

Вучні былі настолькі занятыя пытаннем ўласнай велічы і значнасці, што важнейшая тэма Божага Валадарства адыходзіла для іх дзесьці на другі план. Яны не разумелі сур’ёзнасці наследавання Хрыста. Гэта дзіўна, бо здавалася б, вучні павінны ўжо стаць сур’ёзнейшымі ў адносінах адно да другога і да іншых людзей. Павінны былі б ужо ўмець прабачаць, а не намагацца ўвесь час быць у цэнтры ўвагі. Аднак замест таго, каб быць вучнямі Хрыста і вучыцца ад Настаўніка, яны спрачаюцца, хто з іх важнейшы і зайздросцяць адно аднаму з-за атрыманых ад Бага дароў.

Веліч вучня Езуса заключаецца ў адданасці Богу. Ад гэтага залежыць і яго значнасць перад Богам. Прыглядаючыся да малога дзіцяці - пакорнага і падпрадкаванага бацькам, можна зразумець і ролю хрыстовага вучня ў свеце. Больш можна дасягнуць будучы слугою, чым будучы панам.

Ці паслухмяны я голасу Настаўніка, які хоча ўчыніць мяне сваім вучнем? Якое значэнне мае для мяне вучэнне Хрыста? Што я раблю, каб лепеш пазнаваць яе?

Брат Аляксандр Дзіц OFMCap, Польшча.

 

Бог – Суддзя справядлівы

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 18, 1–5. 10

Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. 

Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сутыкаючыся з якойсьці бядой у сваім жыцці, многія людзі ўзгадваюць праўду веры: “Бог – Суддзя справядлівы: за добрае ўзнагароджвае, а за злое карае”. Моцна спрошчанае разуменне гэтай праўды можа прывесці да высновы, нібыта ўсе беды ў нашым жыцці гэта Божая помста. Аднак жэст Езуса, пра які чуем ў сённяшнім Евангеллі, значна расшырае разуменне Божай справядлівасці. Хрыстос адчувае ў сваіх вучнях прагненне адпомсціць самаранам за грэх непрыняцця. “Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім”. Насамрэч нічога новага - Хрыстос дзейнічае ў тыпова Божым стылі. “Я не прагну смерці грэшніка, а толькі таго, каб грэшнік звярнуў са шляху свайго і жыў” (Эзх 33, 11). Езус яшчэ не аднойчы вернецца ў Самарыю, і прыйдзе Ён зусім не з помстай, а са словам аздараўлення.

Схільнасць помсціць за крыўды досыць трывала ўпісана ў зраненую першародным грахом душу чалавека. Можа таму так лёгка многія і Бога падазраюць ў гэтай чалавечай схільнасці. Помсціць і праклінаць першасна ўмее кожны чалавек, гэтаму не трэба вучыцца. Але ад гэтага можна і варта адвучыцца. Часамі гэта доўгі працэс, аднак ідучы за Хрыстом, не хаваючыся ад Яго ў тыя моманты, калі “паварочваецца” да нас у сваім слове, можам і мы пранікнуцца гэтым тыпова Божым стаўленнем да ворага.

Ці прыбягаю да Божага слова ў тыя моманты, калі зведваю на сабе якуюсці бяду ці крыўду? Колькі ўва мне чалавечай, а колькі Божай справядлівасці?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Сын Чалавечы

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 57–62

Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву. 

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да  Валадарства Божага. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

У літаратуры і ў звычайнай побытавай гаворцы часамі выкарыстоўваецца прыём, які называецца гіпербала. Простая думка выражаецца з дапамогай вобразу больш яскавага і эмацыйнага, чым літаральнае апісанне. Вось і Хрыстос у дарозе са сваімі вучнямі прыводзіць тры падобныя вобразы – пра прыстанішча, пра пахаванне мёртвых і пра руку на плузе. Калі прыслухацца больш глыбока, можна заўважыць, што вобразы гэтыя выражаюць штосьці нашмат больш, чым іх літаральнае гучанне.

“Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву”. Ведаем, што насамрэч Езус многа разоў гасціў ў сваіх сяброў у Бэтаніі, у доме Сымона Пятра, ў Закхея і напэўна ў многіх іншых добразычлівых людзей. Аднак не было ў яго пастаяннага месца. Іншай гіпербалай можна сказаць, што Ён “жыў на чамаданах”. Чыста па-чалавечы, гэта досыць не камфортна, але адначасова сітуацыі гэтыя былі нагодамі пераконвацца, што Айцец Нябесны кожны дзень і ў кожным месцы няспынна клапоціцца пра Яго.

“Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае”. У гэтым сказе Хрыстос не запярэчвае абавязак клапаціцца пра бацькоў ажно да смерці, а расстаўляе прыярытэты, дзе Божыя справы ў жыцці адданага вучня з цягам часу становяцца найважнейшымі сярод важных.

“Хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”. Хто кіраваў плугам або прынамсі бачыў гэты працэс, той ведае, што справа гэтая патрабуе засяроджанасці. Інакш баразна можа атрымацца крывой, плуг можа занадта глыбока зарыецца ў глебу або наадварот, яго выб’е на паверхню. Не атрымаецца добра і пераканаўча абвяшчаць Божае Валадарства калі ўвесь час азірацца на менш важныя справы, такія як сваё мінулае ці ўласныя абмежаванні.

Усе гэтыя вобразы ўпісаны ў своеасаблівую педагогіку Хрыста. Ён фарміруе са сваіх вучняў людзей з асаблівым характарам, якія могуць поўнасцю даверыць Богу свой лёс і свабодна крочыць наперад.

Якое месца ў маім жыцці сярод ўсіх каштоўнасцяў займае справа Божага Валадарства? Ці гатовы я, калі патрэбна, пераглядзець сваю іерархію каштоўнасцяў?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Добрую Навіну

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 10, 1–12

На ім спачне ваш спакой 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прызначыў Пан іншых семдзесят двух вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. 

Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў, і ў дарозе нікога не вітайце. У які дом увойдзеце, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ў іх ёсць, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 

І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае. Калі прыйдзеце ў які горад, і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лепш, чым гораду таму.  

Гэта слова Пана.

catholic.by

Факт прысутнасці ў свеце мноства людзей параненых і стомленых грахом ці абцяжараных разнастайнымі формамі несправядлівасці можа стаць прычынай смутку. Безліч асабістых і грамадскіх праблем можа выклікаць нават пачуццё бяссілля. Аднак Хрыстос глядзіць на свет не як на якоесьці стыхійнае бедства, а як на палетак спелага збожжа са шчодрым ураджаем. Таму ня варта паддавацца роспачы, трэба проста закасаць рукавы і жаць столькі, колькі здолеем агарнуць сваімі сярпамі. Хрыстос высылае сваіх работнікаў абвяшчаць Добрую Навіну менавіта таму, што бачыць свет стомлены дрэннымі навінамі. Людзям неабходна даведацца і паверыць у перамогу дабра над злом, жыцця над смерцю.

Хрыстова пасланне датычыць не толькі ягоных найбліжэйшых дванаццаці апосталаў, але і сямідзесяці двух іншых вучняў. Гэтая асаблівасць чарговы раз нагадвае аб неабходнасці пераадолення ў Касцёле нездаровага клерыкалізму. Хрысціяне, гледзячы на свет, ў якім яшчэ столькі людзей прагне чуць Евангелле, не могуць гэтую місію перакладаць  ўвесь час толькі на святароў, манахаў і манахінь. Свецкія хрысціяне могуць часта дайсці з добрым словам і сведчаннем ў такія куткі грамадства, куды святар нават не мае доступу.

Трэба падкрэсліць, што Езус перад пасланнем і апосталаў, і вучняў дае ім свой іструктаж. Гэта неабходна, каб зберагчы работнікаў ад панікі, калі ўбачаць маштабы і ўмовы працы. Ад гэтага, ў сваю чаргу залежыць і эфектыўнасць жніва. Таму не залежна ад месца, якое займаем у Касцёле, слуханне Ягонага слова павінна рыхтаваць да любой справы.

Як я ацэньваю свет вакол мяне – толькі як хаос і беззаконні ці таксама як перспетыву Божага ўраджаю? Ці не пазбягаю місіі, якую Бог даручае менавіта мне? Ці не спрабую рабіць свет лепшым паводле ўласнага праекту, не слухаючы слова Хрыста?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Адпускайце і будзе вам адпушчана

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 10, 13–16

Хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час Езус сказаў: 

Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш.

Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Такое або падобнае заахвочванне і праслаўленне ўсе мае браты, калі захочуць, могуць з Божым благаславеннем абвяшчаць розным людзям: бойцеся і ўшаноўвайце, хваліце і благаслаўляйце, падзяку ўзносце (1 Тэс 5, 18) і праслаўляйце Пана Бога ўсемагутнага ў Тройцы і Адзінстве, Айца і Сына і Духа Святога, Створцу ўсяго. Чыніце пакаянне (Мц 3, 2), чыніце дастойныя плады пакаяння (гл. Лк 3, 8), бо хутка памрэм. Давайце, і будзе вам дадзена (Лк 6, 38). Адпускайце і будзе вам адпушчана (гл. Лк 6, 37). Калі не адпусціце людзям іх грахоў (гл. Мц 6, 14), Пан не адпусціць вам грахоў вашых (гл. Мц 11, 26), спавядайце ўсе вашыя грахі (гл. Як 5, 16). Шчаслівыя тыя, хто памірае ў пакаянні, бо яны будуць у Валадарстве Нябесным. Гора тым, хто памірае без пакаяння, бо яны будуць сынамі д’ябла (гл. 1Ян 3, 10), якія выконваюць яго ўчынкі (гл. Ян 8, 41) і пойдуць ў полымя вечнае (гл. Мц 18, 8; 25, 41). Асцерагайцеся і ўстрымлівайцеся ад усякага зла і вытрывайце да канца чынячы дабро.

Святы Францішак Асізскі. Незацверджаная рэгула. Раздзел 21.