Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 18–22

Ты — Месія Божы. Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх:  А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

На сустрэчу з незнаёмым чалавекам часта прыходзім з гатовымі ўяўленнямі пра яго, якія склаліся з таго, што мы пра яго раней пачулі. Уяўленні гэтыя ў сваю чаргу фарміруюць і пэўныя нашы чаканні да гэтага чалавека. Але ж інфармацыя з чутак, як вядома, не самая аб’ектыўная. У канчатковым выніку і сустрэча можа нас здзівіць або нават расчараваць.

Сённяшнія пытанні Езуса, кім лічыць Яго народ і кім лічаць Яго вучні, гэта таксама пытанні пра чаканні, якія ў іх сфарміраваліся ў адносінах да Яго. Калі Езус для іх як прарок Ілля, то магчыма ад Яго спадзяюцца барацьбы з чужымі язычніцкімі культамі. Магчыма, Ён павінен ачысціць ў народзе тое, што апаганена рымлянамі. Калі ж Ён уяўляецца ім як Ян Хрысціцель, то ад Яго спадзяюцца рашучага слова асуджэння беззаконняў і ўсякага роду несправядлівасці з боку духоўнай і палітычнай эліты. Выглядае на тое, што чаканні народу не дацягваюць да рэчаіснасці. Людзі яшчэ не ў стане заўважыць, што Езус з’яўляецца кімсьці нашмат большым, чым яны сабе ўяўлялі.

Паводле чутак, якія сёння ходзяць у свеце пра Бога, Ён абавязаны раз назаўсёды ліквідаваць злачынствы, стыхійныя бедствы і несправядлівасці. Калі ж гэтыя чаканні не спаўняюцца, многія радасна заціраюць рукі і рытарычна пытаюць: “ну і дзе гэты ваш бог?” У пэўным сэнсе высновы гэтых людзей праўдзівыя. Бо такога бога, якога яны сабе ўяўлялі, проста няма – ні тут у свеце, ні нават дзесьці далёка. Сапраўдны Бог – гэта Езус Хрыстус, які памірае і паўстае з мёртвых менавіта там, дзе несправядліва пакутуе чалавек. Сапраўдны Бог не вырашае нашыя беды замест нас, Ён вырашае іх разам з намі.

Ці мае чаканні ў адносінах да Хрыста не заніжаныя да вырашэння выключна надзённых праблем? Ці гатовы я супрацоўнічаць з Богам ў вырашэнні ўласных праблем і бедаў навакольнага свету?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».