Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 8, 16–18

Свечку ставяць на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў народу: Ніхто, запаліўшы свечку, не хавае яе пад начынне і не ставіць пад ложак, але ставіць яе на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася. Таму зважайце, як слухаеце. Бо, хто мае, таму дадасца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Што будзе з запаленай свячой, калі накрыць яе якой-небудзь пасудзінай? Яе святло не толькі будзе схавана ў цемру, але яна таксама хутка згасне з-за недахопу паветра. Таму Хрыстос нагадвае сёння як паўсюднаму Касцёлу, так і малым лакальным супольнасцям: “Зважайце, як слухаеце. Бо, хто мае, таму дадасца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае”. Калі б мы, як Ягоныя вучні задаволіліся тым святлом і цяплом, якое самі атрымалі, і намагаліся зберагчы яго толькі для сябе, то непазбежна страцілі б нават тое, што ўжо здавалася б маем.

Таму словы сённяшняга Евангелля на працягу стагоддзяў, зноў і зноў распальваюць у Касцёле місійны дух, які выводзіць па-за межы ўласнай краіны ці сваёй малой суполкі веруючых. Ад выканання гэтага місійнага паклікання залежыць сам сэнс быцця Касцёла і быцця хрысціянінам кожнага з нас. Супольнасць, якая намагаецца зберагчы ад “неўтаямнічаных” скарб Евангелля, найперш становіцца самадастатковай сектай, а пазней пачынае душыцца ва ўласных традыцыях і асуджэннях навакольнага свету.

Таму адзіным спосабам вечнай маладосці нашай веры па-ранейшаму застаецца евангелізацыя рознымі спосабамі. Заключаецца гэта з аднаго боку ў тым, “каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло”, гэта значыць, каб дзверы Касцёла былі адчынены для любога чалавека, які сам шукае праўды. З іншага боку, гэта заклік, каб мы выходзілі да тых, хто па якіхсьці прычынах не можа ўвайсці да нас. Дзеля гэтага сапраўды варта пераадольваць прывязанасць да камфорту, моўныя ці культурныя бар’еры, матэрыяльную сквапнасць ці гістарычныя крыўды на суседзяў.

Ці не намагаюся я наладзіць жыццё ў сваёй супольнасці як закрыты клуб для “абраных”? Ці знайшоў я свой асабісты спосаб дзялення верай з іншымі? Ці гатовы я інвеставаць штосьці з сябе ў евангелізацыю свету?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».