Мц 19, 13–15

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 19, 13–15

Не забараняйце дзецям прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Вучні ж папракалі іх. Але Езус сказаў: Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Евангеліст Мацвей змяшчае фрагмент пра Езуса і малых дзяцей у сярэдзіне дзевятнаццатага раздзелу, які распачынае апісанне Яго дзейнасці ў Юдэі па дарозе ў Ерузалем. Гаворка ідзе ўжо непасрэдна пра блізкасць і надыход Нябеснага Валадарства. Тут можна заўважыць унутраную сувязь, якая злучае дзьве важныя тэмы навучання Езуса і вядзе да высновы: каб увайсці ў Божае Валадарства, трэба імкнуцца быць як дзіця. Збаўца з пяшчотай прымае дзяцей, благаслаўляе і рашуча сцвярджае: “такім належыць Валадарства Божае”.

А што гэта азначае для нас сёння? Напэўна, не варта быць дзяцінным ці інфантыльным, зусім не ў гэтым рэч. Прыклад такіх паводзін дае нам сённяшні ўрывак Евангелля, у якім вучні негатыўна рэагуюць на тое, што да Езуса пачалі прыносіць дзяцей на малітву і ўскладанне рук. У тым, што Апосталы пачалі папракаць дзяцей і іх пабожных бацькоў, выяўляецца іх нясталасць, неразуменне сітуацыі, зайздрасць, страх, а нават эгаізм.

Вучыцца ж ад дзяцей Езус заахвочвае перад усім іх простай адкрытасці, спантаннасці і даверу. Быць як дзіця - азначае таксама быць чыстым, радасным, шчырым і звычайным, прымаць уласную абмежаванасць і слабасць, ускладаючы надзею на моц Бога. Без крывадушнасці прыходзіць да Яго па благаслаўленне, па дапамогу, па суцяшэнне. Упэўненасць дзіцяці, што яго любяць, не пакідае яго, таму яно заўсёды вяртаецца, бяжыць насустрач, шукае абдымкаў. Дзеці, што акружалі Езуса, не баяліся, хінуліся да Яго. Яны Былі ахопленыя любоўю.

Як я разумею выраз “быць як дзіця”, што гэта значыць для мяне? Ці я стараюся разважаць і рэалізаваць у жыцці словы Езуса: “калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае”?

Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».