Мц 19, 3–12

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 19, 3–12

Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю? 

Ён сказаў ім у адказ: Хіба не чыталі вы, што Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай. І сказаў: Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і абое стануць адным целам. Таму яны ўжо не двое, але адно цела. Таму няхай чалавек не раздзяляе таго, што злучыў Бог. 

Тады яны сказалі Яму: Чаму ж Майсей загадаў даць разводны  ліст і адпусціць яе.

Езус сказаў ім: Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: Хто развядзецца з жонкаю сваёю не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць. 

Сказалі Яму вучні Ягоныя: Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца.

Ён сказаў ім: Не ўсе могуць прыняць гэтае слова, але тыя, каму дадзена. Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. 

Хто можа прыняць гэта, няхай прымае.  

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Прыміце слова Божае не як чалавечае слова, але, што ёсць на самой справе, як Божае слова” – так гучыць верш з акламацыі “Аллелюя” ў сённяшняй літургіі Слова. Ён падкрэслівае адну вельмі істотную праўду, што часта губляецца, як-бы вылятае са свядомасці падчас нашага ўдзелу ў Св. Імшы, а менавіта - што ў гэты момант прамаўляе, кіруе да нас словы не хто іншы, як сам Пан Бог.

У свеце, перапоўненым гукамі ды байтамі інфармацыі, сярод мітусьні і шуму ўважлівае слуханне з’яўляецца бясспрэчным выклікам. Так цяжка сёння пачаць сапраўды слухаць. Слухаць, каб пачуць, а не проста чарговы раз прапусціць нешта міма вушэй і сэрца. Трэба спыніцца. Зрабіць высілак. Стоп! Дзе я? Хто я? І Хто да мяне гаворыць?

Усё пачынаецца з прыняцця. Гэта азначае ўзяць, упусціць слова ў сябе. Мы развучыліся словам верыць, а тут трэба паверыць. І Слову, і Таму, хто кажа, бо гаворыць Бог! Гэтае Слова валодае зусім іншай вартасцю, вагой і сілай. Яно нашмат важнейшае і большае, скіраванае непасрэдна да мяне. Мы чакаем і прагнем гэтага Слова, у ім ёсць паўната любові, сэнсу і праўды. Толькі гэтае Слова можа нас ажывіць, прывесці да сустрэчы з сабой і з Богам. Але прымаць, разумець і  жыць Словам мы не здольныя самі па сабе. Нам з дапамогаю прыходзіць Святы Дух.

Як я слухаю Божае слова, асабліва падчас літургіі? Ці запрашаю Духа Святога? Ці стараюся разумець і перажываць слова Божае ў згодна з навучаннем Касцёла?

Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».