Я хлеб жывы, які сышоў з неба

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 6, 41–51

Я хлеб жывы, які сышоў з неба 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў «Я хлеб, які сышоў з неба», і казалі: Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа «Я сышоў з неба»?

Езус сказаў ім у адказ: Не абурайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.

Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта – хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Ці можам мы ўявіць сабе хоць адзін дзень без пасілку, а пасілак – без хлеба? Чалавек пастаянна, увесь час патрабуе спажытку і падмацавання, прычым не толькі цялеснага, але таксама і духоўнага. Бо без ежы, як вядома, раней ці пазней чалавек памірае.  

У сённяшнім Евангеллі Езус навучае нас, што гэта менавіта Ён з’яўляецца хлебам жыцця, нашым надзённым спажыткам для цела і душы. Езус прагне дзяліцца сабой і любоўю Айца, даваць сябе самога нам, галодным і сасмаглым. Бо мы вандруем праз пустыню гэтага свету, дзе зведваем безліч спакусаў і цяжкасцяў, дзе адчуваем недахоп зразумення, дабра, надзеі. Часам можа здавацца, што мы здолеем заспакоіць уласны голад хлебам ілюзій, якія прапануе свет, - тады мы пачынаем карміцца імі, паддаючыся націску чаканняў, канкурэнцыі, шуканню прыемнасці, модзе і г.д. Горыч, раздражненне і абыякавасць паступова пачынаюць авалодваць сэрцам. І пад выглядам знешняга росквіту насоўваецца духоўная смерць.

 Аднак Пан не пакідае нас самотнымі! Раз выбавіўшы ад смерці, не перастае вызваляць нас з яе путаў далей, падчас нашага вандравання на гэтай “даліне слёз”. Езус дорыць нам жыццё, і не проста жыццё, але жыццё вечнае! Дае сябе ў Эўхарыстыі, найвялікшым цудзе Божай міласэрнасці. Ён запрашае нас на вячэру і дазваляе пакаштаваць гэтага хлеба вечнага жыцця – сваё Цела.

Спажываючы Цела Хрыста, мы становімся ў поўні часткай Яго Містычнага Цела, злучаемся ў праслаўленні з трыумфуючым Касцёлам. Хлеб жыцця, Езус, перамяняе нас і суцяшае, дзякуючы Яму мы становімся здольнымі да любові, да спагады і ахвяры, да прабачэння. Гэты хлеб дазваляе нам увайсці на дарогу прыпадабнення да Хрыста і наследавання Бога, зведаць несмяротнасць ды хвалу Неба.

Што з’яўляецца маім хлебам – чым я кармлюся і што здабываю, без чаго не ўяўляю сабе жыццё? Як і чым я падмацоўваю сябе на дарозе хрысціянскай веры? Якое месца ў маёй штодзённасці займае Эўхарыстыя і Божае Слова? Ці жадаю я, каб Хрыстус перамяняў маё сэрца паводле ўзору Свайго Сэрца, поўнага пакоры і любові?

Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».