О, жанчына! Вялікая вера твая

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 15, 21–28

О, жанчына! Вялікая вера твая 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус скіраваўся ў землі Тыру і Сідону. I вось жанчына ханаанэйская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апантаная дачка мая! Але Ён не адказаў ёй ні слова.  I вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: Пане, памажы мне! Ён жа сказаў у адказ: Нядобра забраць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту стала здаровай дачка яе.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У апошнія дні чытаем у Евангеллі пра розныя вялікія дзеянні Пана Езуса: бачым цуд перамянення на гары Табор, цуд над стыхіяй, калі Езус ходзіць па вадзе і шматлікая аздараўленні, а сёння мы сведкі вызвалення з-пад улады злога духа. Жанчына з  народу Ізраэля, ханаанка з ваколіц Тыру і Сідону просіць аб вызваленні яе дачкі з-пад моцы злога духа. Пан Езус нагадвае ёй найперш, што Яго місія – ратаваць “загінуўшызх авечак з дому Ізраэля”. Пасля свайго ўваскрасення Хрыстос дасць вучням даручэнне, каб навучалі ўсе народы і былі Яго сведкамі аж да межаў зямлі. Зараз аднак, час дзеяння сярод сыноў Абранага Народу.

Дыялог паміж Езусам і жанчынай, якая просіць аб дапамозе можа здавацца для нас “няветлівым”, асабліва словы: “Нядобра забраць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам”. Але гэта аднак штосьці паміж прымаўкай і загадкай: Пан Езус часта карыстаецца вобразнай мовай, якую добра разумелі ў тагачасным кантэксце. Зразумела гэта маці, якая прасіла аб дапамозе і адзначылася мудрасцю свайго адказу. Ханаанэйская жанчына дае нам прыклад моцнай веры, вытрывалай просьбы і рашучасці ў імкненні атрымаць ад Езуса дапамогу для свайго дзіцяці.

Ці вытрывалыя мае просьбы, якія накіроўваю да Бога? Ці спадарожнічае ім вера, якая адкрывае ўва мне дзверы для Бога, каб мог прыйсці і дзейнічаць? Ці шукаю дапамогі перш за ўсё ў Езуса, Які мае моц пераадолець ува мне ўсякае зло?

Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».