Праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 1–8

Праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У тыя дні:

Езус увайшоў у човен і пераправіўся ў свой горад. І вось прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложа. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: Будзь адважным, сыне, адпускаюцца табе грахі. І вось некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць. 

А Езус, убачыўшы думкі іхнія, сказаў: Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: «адпускаюцца табе грахі», або сказаць: «устань і хадзі»? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі. Тады кажа паралізаванаму: Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому. 

Той устаў і пайшоў дадому. 

А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Што лягчэй сказаць: «адпускаюцца табе грахі», або сказаць: «устань і хадзі»?” Гэта было б бяспечна - сказаць, што адпускаюцца чалавеку грахі, бо хто і як мог бы гэта праверыць? Факт адпушчэння грахоў сам па сабе нябачны ў зямной рэчаіснасці, ён не матэрыялізуецца. Калі ж Хрыстос сказаў паралізаванаму “Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому”, а той устаў і пайшоў, тады ўсім прысутным стала бачна нябачнае адпушчэнне грахоў.

“А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям”. Гаворка тут ідзе не толькі пра тое, што Езус з Назарэту, будучы чалавекам, мае ўладу чыніць тое, што заўсёды было ў выключнай кампетэнцыі Бога – адпускаць грахі. Першасны апостальскі Касцёл, прадстаўніком якога быў і Евангеліст Мацвей, добра сабе ўсведамляў, што чалавек можа адпусціць грахі чалавеку не толькі ад уласнага імя. Гэта ў сакрамэнце споведзі святар адпускае грахі так, як адпусціць можа толькі Бог. Калі б Хрыстос не перадаў святарам Божую ўладу адпускаць грахі, то сёння адзінае што яны маглі б зрабіць, гэта прабачыць зло прычыненае ім асабіста, не мелі б ніякага права ўмешвацца ў грахі, якія іх асабіста не датычаць.

Бог хоча адпусціць нам малыя і вялікія злачынствы не толькі дзеля таго, каб нас ачысціць з бруду няправеднасці. Грэх, хоць не заўсёды гэта бачым, апроч бруду душы нясе ў сабе параліч, ён скоўвае нармальнае жыццё, перашкаджае ісці наперад. Грэх – гэта заўсёды паталогія. Нармальны ж стан чалавека - гэта жыццё ў асвячальнай ласцы. Не выпадкова Хрыстос кажа, што “адпусаюцца табе грахі”, але таксама кажа: “устань і хадзі”. Таму споведзь аднолькава падобна да абмыцця ў лазні, як і да лячэння ў рэанімацыі. Як вядома, лазню можна і адлажыць на пазней (хоць гэта не пажадана), але калі патрэбна камусці рэанімацыя, тут каштоўная кожная хвіліна.

Ці не паралізуе мяне яшчэ які-небудзь непрабачаны крыўдзіцелю грэх? Ці не губляю свядомасць каштоўнасці жыцця ў асвячальнай ласцы? Ці не адкладаю споведзь без сур’ёзных на гэта прычын? Наколькі старанна я рыхтуюся да споведзі?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».