Ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 1–12

Шчаслівыя ўбогія духам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: 
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. 
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. 
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. 
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. 
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. 
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. 
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. 
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. 
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Нагорную пропаведзь Езуса часам называюць Яго праграмнай прамовай, Ягоным жыццёвым крэда, якім жыве Ён сам і перадае сваім вучням. Здаецца больш чым дзіўным тое, што, паводле гэтага навучання, убогія, засмучаныя, прагнучыя справядлівасці ці прыгнечаныя могуць быць шчаслівымі. Жыццёвы вопыт паказвае нам, што чалавек, апынуўшыся ў падобным становішчы часта пакутуе, становіцца нешчаслівым. Як зразумець гэты парадокс?

Адзіным ключом разумення і доказам праўдзівасці гэтага навучання з’яўляецца сам Хрыстос і тыя, хто паверыў гэтым словам. Езус і ягоныя вучні з розных эпох і народаў на сабе паказалі, што гэтае слова спраўджваецца. У адрозненні ад безлічы простых рэцэптаў шчасця, якія прапануе свет, Езус не дае танных абяцанняў шчасця. Як ведаем, усё, што таннае, пераважна няякаснае. Большасць такіх «бюджэтных» варыянтаў шчасця заключаецца ў нейкіх часовых радасцях, якія раней ці пазней губляюць сваю актуальнасць.

Гэта няпраўда, што чалавеку для шчаця няшмат патрэбна. Мы створаныя на вобраз і падабенства Бога, Які сам у сабе бязмежны, Ён змяшчае ў сабе сусвет і вечнасць. Таму і нашае прагненне шчасця не могуць заспакоіць абмежаваныя даброты і радасці часовага свету. Вось чаму Хрыстос прапануе нам для шчасця такія бязмежныя даброты, як Валадарства нябеснае, вечнае суцяшэнне, Божую міласэрнасць і іншыя неспасцігальныя каштоўнасці. Гэта даброты, за якія Хрыстос заплаціў дзеля нас вялікую цану свайго жыцця, смерці і ўваскрасення. Валодаючы гэтымі таямнічымі скарбамі, нават тутэйшыя пакуты не перашкодзяць нам быць па-сапраўднаму шчаслівымі. Вось чаму мучанікі і вызнаўцы розных эпох жылі ў няспынным праслаўленні і паміралі спяваючы.

Ці не спрабую я запоўніць натуральную пустату душы часовымі дабротамі і радасцямі? Ці разумею веліч і каштоўнасць абяцанняў дадзеных Хрыстом?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

 Вы — соль зямлі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 13–16

Вы — святло свету

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час 

Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям. 

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. 

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

У маштабе гісторыі свету хрысціянства яшчэ вельмі маладое, бо дзве тысячы год – гэта насамрэч толькі імгненне. Аднак уплыў, які Хрыстова Евангелле ўжо аказала на чалавецтва, настолькі адчувальны, што яго не могуць запярэчыць нават самыя зацятыя ворагі Касцёла. Сёння, аднак, часта чуем, што хрысціян з іх Евангеллем іншыя жыхары свету па розных прычанах намагаюцца выціснуць кудысьці на перыферыю грамадства.

 Сённяшняе Евангелле пра хрысціян у вобразе солі зямлі і святла свету нясе нам супакой і адначасова асцерагае перад стратай сэнсу нашага быцця ў свеце. Соль – гэта такое рэчыва, колькасць якога ў большасці прадуктаў харчавання не мусіць быць вялікай. Аднак нават калі солі няшмат, яна дае стравам больш яскравы смак і захоўвае ад сапсавання. Гэтак і хрысціяне як носьбіты праўды пра Бога і пра чалавека, нават калі не будуць у грамадстве большасцю, усё роўна змогуць яго падтрымлмліваць у такім стане, каб яно было Божым грамадствам і не скацілася да ўзроўню звярынай зграі. Падобны сэнс нясе і сімволіка святла. Святло павінна асвятляць ў цемры шлях, яно не павінна быць асляпляльным.

Якасная, салёная соль і лагоднае святло Евангелля проста неабходна свету для яго выжывання. Хрыстос, аднак, асцерагае, што калі мы, хрысціяне, перастанем адрознівацца ад язычнікаў сваімі духоўнымі каштоўнасцямі, імкненнямі і практычнай любоўю, то свет сапраўды будзе мець права выкінуць нас са свайго жыцця. Можа, сучасны свет гэтага пакуль што і не разумее, але яму не патрэбен такі Касцёл, які б не бараніў права чалавека на вечнасць, права чалавека на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, права на здаровае сужэнства паміж мужчынам і жанчынай. Многія народы свету пакуль што спрабуюць наладзіць жыццё без Хрыстовага Евангелля, аднак прыйдзе час, калі смурод сапсаванасці ўжо немагчыма будзе вытрываць, а цемра будзе паралізаваць рух наперад. Тады ўсім стане відавочна, што без солі і святла хрысціянства чалавецтву не выжыць. Вось тады трэба будзе, каб захавалася, прынамсі, невялікая жменя той якаснай солі і святло Божай праўды.

Калі я трапляю ў язычніцкае асяроддзе, ці адчуваецца ў маіх словах, учынках і жыццёвых выбарах, што я хрысціянін? Ці маё хрысціянства не агрэсіўнае ў адносінах да атэістаў, агностыкаў ці іншаверцаў? Мой спосаб выражэння рэлігійных перакананняў прываблівае іншых ці, наадварот, знеахвочвае да пошукаў Божага святла?  

  Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Езус сказаў сваім вучням:

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 17–19

Не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Першыя хрысціяне мелі нямала сумненняў наконт таго, ці выконваць законы Старога Запавету, а калі выконваць, то наколькі дакладна. Адказам на гэтае пытанне стаў сённяшні фрагмент Евангелля, які апісвае Езусава стаўленне да закону і прарокаў. У словах Хрыста «не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць» дзеяслоў «выканаць» азначае – уласнымі дзеяннямі ажыцявіць Божую волю. Езус выканаў закон, гэта значыць, па-першае, падпарадкаваўся яго патрабаванням сваімі ўчынкамі, выконваючы Божую волю. Па-другое, у сваім навучанні Ён адкрыў сапраўдны сэнс закону – адбудаваць зруйнаваную грахом еднасць паміж Богам і чалавекам. (Кс. А. Банашэк)

Многія сучасныя хрысціяне ў выкананні Божага закону трапляюць у падобную пастку, як калісьці кніжнікі. Яны намагаюцца дакладна выканаць кожную літару закону, забываючыся пра першасны яго сэнс – выканаць Божую волю і стаць бліжэй да Бога. Зрэшты, адно з другім сцісла звязана, Бог прагне нас з любоўю прыгарнуць да Сябе, і закон у гэтай справе –  досыць эфектыўны інструмент. Аднак каб выканаць закон ва ўсёй яго глыбіні, неабходна сустрэцца з Хрыстом, бо толькі ён Сам поўнасцю Яго выканаў. Мы, у сваю чаргу, толькі з дапамогай Хрыста і можам выканаць Божую волю. Гэта праўда, якая вызваляе з-пад гнёту легалістычнай бездапаможнасці – «Усё магу ў Тым, хто мяне ўзмацняе» (Флп 4, 13). Калі Дух Езуса Хрыста з Яго стаўленнем да Айца нябеснага і да людзей будзе маім натхненнем і арыенцірам, маё жыццё само будзе выкананнем Божага закону.

Ці не засяродзіўся я празмерна на выканні літары закону, губляючы яго глыбінны сэнс? Ці не ствараецца ўва мне часам уражанне, што Божы закон мяне знявольвае? Ці заклікаю на дапамогу Езуса Хрыста ў выканні Божай волі ў маім жыцці?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 20–26

Кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную.

Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой.

Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Кніжнікі і фарысеі вельмі стараліся, каб іх дзеянні і словы не выходзілі за рамкі дазволенага законам. Здавалася б, чаму гэта Хрыстос так скептычна ставіўся да іх праведнасці? Верагодна, таму, што паміж іх унутранымі прагненнямі і вонкавымі ўчынкамі была вялікая прорва. Хрыстос паказвае сваім вучням перспектыву развіцця, каб яны вырасталі з падобнай крывадушнасці.

На пачатковых этапах адносінаў з Богам можа здарыцца, што чалавек выконвае законы толькі таму, што баіцца наступстваў магчымага злачынства, напрыклад, пакарання, а не з-за глыбокага пераканання, што паступаць па законе – гэта сумленна і добра. Ну вось, скажам, калі б хтосьці меў гарантыю, што кагосьці абкрадзе, або счужаложыць і за гэта нічога яму не будзе, то з задавальненнем зрабіў бы гэта. Такі чалавек хоць і паступае па законе, але ўнутры застаецца злачынцам. Гнілыя словы да бліжняга, або катэгарычнае непрабачэнне фармальна не забіваюць чалавека, але гэта сімптом нейкай унутранай агрэсіі. Хоць рукі застаюцца незабруджанымі крывёй, аднак, унутры – сэрца забойцы. Таму пытанне не толькі ў тым, наколькі цяжкія грахі я здзяйсняю словам ці ўчынкам, але і ў тым, які я ўнутры. «Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае».

Пакуль жывём у гэтым свеце, ёсць у нас яшчэ магчымасць вучыцца чыніць дабро не пад прымусам ці страхам, а з глыбокага пераканання. Хрыстос – таленавіты Настаўнік, Ён можа навучыць менавіта такой, сыноўняй, паслухмянасці Богу. Тады выкананне закону ўжо не знявольвае, а становіцца выразам любові і адданасці Богу.

Як рэагуе маё сэрца на Божы закон: як на абмежаванне маёй свабоды ці як на дабро, якога шчыра прагну? Ці ёсць ува мне прагненне праведнасці не толькі фармальнай, але і ўнутранай?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва 

Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 27–32

Кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім.

Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, каб адзін з тваіх членаў загінуў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.

Сказана: Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст. А я кажу вам: Кожны, хто адпускае жонку сваю, акрамя як з прычыны распусты, той робіць яе распусніцай, а хто жэніцца з разведзенаю, той распуснічае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус не прызнае старазапаветнага права на развод, бароніць правы жанчыны і трываласці сям’і. Але навучанне Хрыста пра неразрыўнасць сужэнства Евангелле паводле Мацвея прадстаўляе такім чынам, што да сённяшняга дня вучоныя біблісты спрачаюцца над тым, як разумець гэтую думку Езуса. Сярод мноства інтэпрэтацый, якія намагаюцца растлумачыць гэты складаны тэкст існуе і такая, што слова «распуста» з’яўляецца акрэсленнем сужэнства фактычна несапраўднага. Распустай называецца, між іншым, сексуальнае жыццё людзей, якія перакананыя, што знаходзяцца ў легальна заключаным сужэнстве, аднак насамрэч законны сужэнскі саюз, з-за пэўных перашкодаў, не завязаўся. У такой сітуацыі абодва бакі, пасля сцверджання несапраўднасці іх нібыта сужэнства з’яўляюцца свабоднымі. Калі іншых ці папярэдніх перашкодаў няма, то могуць заключыць новы, а дакладней кажучы, сапраўдны сужэнскі саюз.

Пытаннем неразрыўнасці сужэнскага саюзу займаюцца таксама іншыя Евангелісты (Мк 10, 11 і далей, Лк 16,18), а таксама Святы Павел (1 Кар 7, 10 і далей). Але толькі ў апісанні Мацвея ўзгадваецца гэтае выключэнне, якая магла быць зразумелай непасрэдным чытачам Мацвеевага Евангелля, якім было добра знаёма юдэйская юрыдычная тэрміналогія і акрэсленыя перашкоды, якія чыняць немагчымым заключэнне сужэнства. Аднак гэта толькі здаецца, што Хрыстос тут гаворыць штосьці новае. Сцвярджаючы абсалютную неразрыўнасць сужэнства Езус нагадвае тое, што ўжо было абвешчана ў кнізе Быцця: «Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць адным целам». (Быц 2, 24)

Паводле: Komentarz praktyczny do Nowego Testamentu; Bp K. Romaniuk, O. A. Jankowski OSB, Ks. L. Stachowiak.

Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае.

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 33–37

Я ж кажу вам: не прысягайце наогул

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта  падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш  ніводнага воласа зрабіць белым або чорным.

І няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чалавек Старога Запавету, калі прысягаў, то заклікаў Бога быць сведкам. Такім чынам ён браў на сябе абвязак выканаць абяцанне, не кажучы ўжо пра тое, што нельга было заклікаць Бога як сведку, калі чалавек  не казаў праўду. Хрыстус жа ўвогуле не дазваляе прысягаць. Каб не было ніякіх сумненняў, якіх сфер жыцця гэтая забарона датычыць, Ён называе розныя спосабы прысягі. Нельга прысягаць ні небам, ні зямлёю, ні Ерузалемам ні нават уласнаю галавою. Усе гэтыя прысягі, хоць не ўзгадваецца ў іх Божае імя, з’яўляюцца, аднак, заклікам да самога Бога; бо неба – гэта ж месца прабывання, Божы трон, бо Ерузалем – гэта горад, які Бог асабліва ўпадабаў, зямля – гэта падножжа, таму ўласнасць Бога, галава – тут гаворыцца пра узрост жыцця, пазначаны сівізной – гэта таксама Бог вырашае, а не чалавек.

Паводле: Komentarz praktyczny do Nowego Testamentu; Bp K. Romaniuk, O. A. Jankowski OSB, Ks. L. Stachowiak.

І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 4, 26–34

Найменшае з усяго насення становіцца большым за ўсялякую зеляніну

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво. 

І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя. 

У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі я быў малы, то часта паглядаў на маму з татам і хацеў быць вялікім, як яны. Часам можа нават станавіўся на пальчыкі і казаў: «Глядзіце, які я ўжо вялікі!» Ішлі, аднак, дні, тыдні, месяцы, гады – і сталася так, як з тым зернем, пра якое кажа Пан Езус: «І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае». А можа, я ўжо дастаткова вырас?

Ці пра фізічны рост гаворыць Езус мне, аднаму з кандыдатаў ў Божае Валадарства? Езус, нібы той сейбіт, кіруе да мяне слова Божае. Гэтае слова, калі б нават было малое, як гарчычнае зерне, калі прымаецца мной быццам урадлівай зямлёю, павінна вырасці, як карыснае дрэва, якое дае цудоўныя плады, а ў яго галінах гняздзяцца птушкі нябесныя.

Сёння, калі ўжо дасягнуў фізічны рост, па-ранейшаму прагну быць кімсьці вялікім, мудрым – як Той, хто мяне сфарміраваў. «Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны». (Мц 5, 48) Учыні, Пане, каб я быў тым карысным дрэвам, карані якога чэрпаюць з крыніцы Тваёй ласкі. Каб быў я справядлівы перад Тваім абліччам. Няхай споўняцца ў маім жыцці словы Псальму: «Справядлівы заквітнее, як пальма, вырасце, быццам кедр на Лібане. Пасаджаныя ў доме Пана, яны заквітнеюць на дзядзінцах нашага Бога. Нават у старасці яны будуць пладавітыя, сакавітыя і свежыя».

Ці адчуваю я ў сабе патрэбу духоўнага ўзрастання? Ці з’яўляюся я добра апрацаванай глебай для прыняцця Божага слова? Ці клапачуся пра ўзрастанне Божага слова ў маім жыцці?

Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча

 

Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 38–42

Я вам кажу не працівіцца злому

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Не дазваляй сябе баламуціць, будзь адважны – чуем часам парадыу, калі апынемся пад чыімсьці націскам, калі хтосьці нас атакуе. Ёсць у сапсаванай першародным грахом прыродзе чалавека штосьці такое, што калі нас крыўдзяць, мы гатовы той самай мерай мерай адмерыць гэтаму чалавеку. Існаваў нават старазапаветны закон помсты: «Вока за вока, зуб за зуб». Калі дзіця б’е свайго равесніка, і мы запытаемся ў яго: «Чаму ты б’ешся?», – то можам пачуць адказ: «Бо ён першы пачаў». Датычыць гэта таксама крыўдных слоў, хлусні, крадзежаў і ўсякага зла, якое мы спазнаем ад іншага чалавека. Мы тады гатовыя адплаціць тым самым, часта з падвойнай сілай. А ці ж наш праціўнік становіцца потым лепшы? Хутчэй наадварот. Часцей за ўсё між намі паўстае сцяна, бывае нават на доўгія гады.

Вядомы для нашай эпохі мучанік благаслаўлёны Ежы Папялушка часта паўтараў і прымяняў у сваім жыцці словы Пана Езуса: «Зло дабром перамагаць!» Пан Езус сёння гаворыць мне нават штосьці большае: «Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую». Па-чалавечы, здавалася б, што гэта паражэнне. Аднак Ён сам, наш Збаўца, не маючы ніякай віны, быў асуджаны як найгоршы злачынца і прыгавораны на поўную ганьбы крыжовую смерць. Ён не толькі прымае прыгавор, але і здзяйсняе найбольшую перамогу дабра над злом: пекла граху і сатаны.

Ці ў стане я прабачаць і не трымаць крыўды ў сваім сэрцы? Ці здолны я на штосьці большае ў даванні дабра тым, хто просіць? Ці становіцца Божае слова святлом на сцежцы майго жыцця?   

Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча

любіце

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 43–48

Любіце ворагаў вашых 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Лёгка любіць таго, хто для мяне мілы, заўсёды памятае пра мяне, падзеліцца дабротамі. Але ці заўсёды гэта сапраўдная любоў, ці, можа, забеспячэнне на будучыню ўсякага дабра, якім гэтая асоба мяне надзяляе? Ці гэта часам не карыслівая любоў, якая шукае ўласных інтарэсаў – эгаістычная любоў? Чым жа з’яўляеццца сапраўдная любоў? Адказ дае сам Пан Езус, які не перакрэслівае любові да тых, хто нас любіць, але дае нам новую запаведзь: «Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас». А Ягоная любоў мае найвышэйшае вымярэнне, бо Бог ёсць Любоў. «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Гэта менавіта Езус паказаў найбольшую любоў да нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Бо любоў вымяраецца ахвярай. Чым большая любоў, тым большая ахвяра. Таму чуем сёння ад Езуса: «Любіце ворагаў вашых». Гэта не азначае, што мы павінны цярпець іх дрэнныя ўчынкі, але нашай дабрынёй і любоўю да тых, якія нам прычыняюць зло, даць ім шанец задумацца і паправіцца. Гэтаму вучыць нас Езус і заахвочвае, каб былі мы дасканалыя, як дасканалы Айцец наш нябесны. Бо Ён любіць нас, прабачае нам нават найцяжэйшыя грахі. А мы так часта молімся: «Ойча наш… адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…»

Ці ў стане я забывацца пра сябе, надзяляючы дабротамі іншых? Няхай мне будзе дадзена ўменне пераадольваць антыпатыю да ворагаў.

Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 1–6. 16–18

Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. 

Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. 

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказацца, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

У прыроду чалавека ўпісана прагненне здабыць як мага большую карысць з любога выкананага дзеяння. Часам узнікае пытанне: «А што я буду мець з гэтага?» Калі маё дзеянне не прыносіць матэрыяльнай карысці, то хочацца каб прынамсі заўважылі або пахвалілі...

Сярод скаўтаў была ў свой час акцыя «нябачная рука». Гэта былі добрыя учынкі для іншага чалавека, але так, каб той не ведаў, хто гэтыя ўчынкі здзяйсняе. Часта знаходзілі пажылых людзей, самотных, ў якіх, напрыклад, было нямала цяжкасцяў у хатняй гаспадарцы. Тады ў адпаведны час, калі той асобы не было ў хаце, скаўты прыбіралі падворак, парадкавалі садок, пакідаючы таблічку з надпісам «нябачная рука гэта зрабіла».

Ці ж гэта не згодна са словамі Пана Езуса з сённяшняга Еваннгелля: «Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе». Як жа часта мы задавольваемся невялікай узнагародай за нашыя добрыя ўчынкі. Дастаткова толькі, каб заўважылі, пахвалілі ці падзякавалі… І калі толькі дзеля гэтага чынім дабро, можам пачуць ад Пана Езуса: «Ужо атрымалі сваю ўзнагароду». А Айцец Нябесны хоча нам даць штосьці большае. Таму будзьма адважнымі, давярайма Богу!

Ці магу я чыніць дабро без адплаты? Ці матывам майго дзеяння ва ўсіх сферах («усё рабіце») з’яўляецца Божая слава? Ці прагну, каб мае інтэнцыі былі чыстымі і спрычыняліся да ўзрастання хрысціянства?

Брат Ян Банькоўскі OFMCap, Польшча