разважаем над Словам Божым

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 19, 31–37

Прабіў дзідаю Ягоны бок, і  адразу выцекла кроў і вада

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Юдэі ж, паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. І прыйшлі жаўнеры, і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і  адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І Ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. І ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Глыбіня еднасці з іншай асобай непасрэдна залежыць ад ступені адкрытасці нашага сэрца, нашага ўнутранага свету для іншага чалавека. Таму адносіны з іншым чалавекам - гэта шанец на ўзаемнае ўзбагачэнне і адначасова рызыка, што адслоненая інтымнасць можа быць не прынята або нават патаптана.

На таямніцу адкрытага Сэрца Езуса можна паглядзець вачыма святога Яна Хрызастома. У Гадзіне Чытанняў з Вялікай Пятніцы ёсць прыгожы вобраз, дзе Ян Залатавусны параўноўвае еднасць паміж Хрыстом і Царквой да роднасці паміж Жаніхом і Нявестай. Вада і Кроў, якія выцякаюць з прабітага боку Хрыста, - гэта вобраз Хросту і Эўхарыстыі – сакрамэнтаў, у якіх нараджаецца і жыве Царква. «З боку свайго Ён пабудаваў Царкву, як з боку Адама ўзнікла ягоная жонка Ева… І як Бог стварыў Еву з боку Адама, які глыбока заснуў, так Хрыстос пасля смерці даў нам ваду і кроў». Гэта неверагодны шанец для чалавецтва, бо вось Бог адкрывае сваё Сэрца, запрашае прыхінуцца да Яго і супакоіцца. «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11, 28-29).

Адкрыты дзідаю жаўнера Хрыстовы бок застаецца адкрытым нават пасля Яго ўваскрасення. Вучань можа «ўкласці руку сваю» ў Бок Хрыста (Ян 20, 27), дакрануцца да Ягонага сэрца і супакоіцца. Можна падыйсці да Найсвяцейшага Божага Сэрца, як да «ўсялякай хвалы найдастойнешага». Але ж можа таксама намагацца грубымі пальцамі раскалупаць нейкую таямніцу, дамагаючыся ад Бога тлумачэнняў для сваёй цікаўнасці. Хрыстос, ціхі і пакорны Сэрцам, заўсёды пакідае нам выбар.

Ці вучуся ў Хрыста адкрытасці сэрца для іншых людзей? Як рэагую, калі хтосьці не прымае або высмейвае мае перакананні і каштоўнасці? Ці дастаткова ў мяне пакоры, каб звяртацца да Хрыстовага Сэрца ў маёй спрацаванасці і трывозе? Як часта дзякую Хрысту за Хрост і Эўхарыстыю?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».