Браты капуцыны разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 11, 27–33

Якою ўладаю Ты гэта робіш? 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з вучнямі зноў прыйшоў у Ерузалем. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны і пыталіся ў Яго: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу, каб рабіць гэта? 
Езус адказаў ім: Запытаюся ў вас пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. Хрост Яна быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.

Яны разважалі паміж сабою: Калі скажам «з неба», то Ён скажа: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам «ад людзей»? Яны баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам, таму сказалі ў адказ Езусу: Не ведаем.

Тады Езус сказаў ім: I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Часам паўстае пытанне: як пазбегнуць хлусні? Складана бывае адказаць на ўсе пытанні, асабліва хітрыя, якія намагаюцца выцягнуць з нас якуюсьці таямніцу. Пан Езус сёння сваім прыкладам кажа, што не мусіш адказваць на любую зачэпку – можаш патрабаваць узаемнасці: адкажы мне ты, і я адкажу табе. Гэта адзін са шляхоў пазбягання хлусні. Не варта баяцца тых, хто пытаецца крывадушна. Трэба ведаць, што Дух Святы прыйдзе на дапамогу, каб адказаць згодна з чаканнямі Бога. Трэба прасіць аб гэтым, а ў дыялогу з апанентам верыць, што, захоўваючы Божыя Запаведзі, не памылімся.

У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін аспект. Яна падказвае нам сёння: не мусіш ведаць усё, не задавай Пану Богу занадта цяжкія пытанні, бо атрымаеш падобныя. Справа не ў тым, што Усемагутны Бог не ведае, як нам адказаць на нашыя пытанні, - проста некаторыя веды нам не патрэбныя. Таму не пытайся, бо будуць табе пастаўленыя такія ж цяжкія пытанні. Ці зможаш адказаць на іх? Вядома, хацелася б, можа, ведаць, калі наступіць, напрыклад, канец нашага жыцця, ці буду збаўлены і іншае. Але ведаем, што адказ Пана Бога будзе залежаць ад нашага адказу на простае пытанне: Ці любіш Мяне? Ці давяраеш Мне?

Ці здараецца са мной, што кагосьці падманваю са страху? Ці не патрабую ад Пана Бога тлумачэнняў на ўсё, забываючыся, што гэта Ён з’яўляецца Богам, а я – стварэннем?

Брат Ян Фібэк OFMCap, Польшча.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».