Браты Капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 11, 11–25

Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў. Майце веру ў Бога

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Калі натоўп усклікаў да Езуса, Ён увайшоў у Ерузалем, у святыню, агледзеў усё і адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.

Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён згаладаў. Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы. Тады Езус сказаў ёй: Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду. І Ягоныя вучні чулі гэта.

Калі прыйшлі ў Ерузалем, Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Ён папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі, і не дазваляў нікому праносіць праз святыню хоць нейкую прыладу. Потым вучыў іх, кажучы: Хіба не напісана: дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў? А вы зрабілі яго пячорай злачынцаў.

Пачулі гэта кніжнікі і першасвятары і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму.

Калі настаў вечар, яны выходзілі з горада. А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня. Тады Пётр успомніў і сказаў Яму: Настаўнік, паглядзі: смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла.

Езус сказаў ім у адказ: Майце веру ў Бога. Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары: Падыміся і кінься ў мора, — і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, то будзе яму. Таму кажу вам: верце, што атрымаеце ўсё, чаго просіце ў малітве, і станецца вам. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Не быў гэта час ураджаю смакоўніцы. Пан Езус, аднак, шукаў на ёй пладоў. Часам апраўдваемся, што не варта напружвацца і нешта рабіць, бо ніхто гэтага ад нас не чакае – усе жывуць трывіяльна, без лішняга актывізму. Напэўна, так думалі і гандляры ў святыні. Плацілі святарам за гандлёвыя месцы і ведалі, што ніхто ні ў чым не павінен іх папракаць. Пан Езус вырашае, аднак, прагнаць іх са святыні. Адзін раз гэта зрабіў. Можна часам сказаць, што і са мной Бог павінен быў так паступіць, бо дрэва, якое пракляў Бог, фактычна засохла. Варта, аднак, больш далікатна пра гэта думаць - мы ў далонях Пана Бога, як дзіця ў далонях бацькоў. Не дзеля гэтага нас настаўляе, каб прыніжаць. Настаўляе дзеля таго, каб зразумелі: можаш быць лепшы, унікальны ў любові.

Яшчэ штосьці для нас адкрываецца ў гэтых сённяшніх чытаннях. Наша жыццё – гэта прыклад для іншых. Як Божыя выпрабаванні, так і благаславенні не толькі спрыяюць нашаму ўзрастанню, але і прамаўляюць да ўсяго Касцёла. Так, па жыцці святых вучымся шчырасці нашага даверу да Бога.

Ці ўспрымаю выпрабаванні ў жыцці іншых (іх хваробы, страты маёмасці або працы) як слова Пана Бога да мяне? Ці не радуюся няўдачам іншых? Ці ўмею дзякаваць Богу за складаны досвед у маім жыцці, ведаючы, што можа паспрыяць майму ўзрастанню?

Брат Ян Фібэк OFMCap, Польшча.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».