разважанні капуцынаў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 19, 25-27

 «Каля крыжа Езуса стаяла Маці Ягоная»


Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын Твой. Потым сказаў вучню: Вось Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

catholic.by

Сёння адзначаем чарговае свята, звязанае з Марыяй. Ніводзін святы на працягу літургічнага года не ўспамінаецца столькі разоў, як Марыя. Чаму Найсвяцейшая Панна так шануецца ў Касцёле?

Літургія Слова паказвае нам, што Марыя была побач з Езусам. Гэтая блізкасць вынікала не з Яе мацярынства, а з яе любові. Любоў Марыі дапамагла Ёй вытрымаць усе цяжкасці і застацца вернай Богу. Тая самая любоў чыніць тое, што Марыя дапамагае таксама людзям прыйсці да Бога.

Так, як ад самага пачатку Марыя клапацілася пра Касцёл, які толькі нараджаўся, так і цяпер апякуецца намі з Неба. Яна заўсёды была з Касцёлам: пакутавала пад крыжам, трывала на малітве з апосталамі, прыняла Святога Духа. Раздзяліла са сваім Сынам і Яго вучнямі ўсе цяжкасці і радасці. Марыя з’яўляецца для нас не толькі прыкладам, але таксама заступніцай. Звяртаемся да Яе, як да нашай Мамы. Мама заўсёды выслухае, зразумее і суцешыць. Марыя разам з намі моліцца да Бога ў нашых інтэнцыях.

Як выглядаюць мае адносіны з Богам? Ці я заўсёды побач з Ім? Чаму я магу навучыцца ад Марыі?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

Разважанні над Словам Божым

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 9, 30–37

Сын Чалавечы аддадзены будзе… Хто хоча быць першым, няхай будзе ўсіх слугою

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а баяліся ў Яго спытацца. 

Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус ужо другі раз прадказвае сваю муку і ўваскрасенне. Аднак вучні не разумеюць Ягоных словаў, і нават баяцца запытаць, што яны значаць. Для нас рэакцыя вучняў можа здавацца дзіўнай і незразумелай. Гэта ж тыя людзі, якія заўсёды побач з Езусам. Хто можа зразумець Яго лепш за апосталаў? Вучняў не цікавіць, што гаворыць Езус, яны занятыя сабой.

Ці ж не тое самае адбываецца з намі? Ня важна, як выглядае нашая сувязь з Богам. Ня важна, хто Ты: святар, манахіня альбо свецкі. Мы заўсёды клапоцімся пра сябе. Прыходзіць такі момант, калі мы пачынаем гэта заўважаць. Вельмі часта з’яўляюцца смутак, сорам, няўпэўненасць і нават адчай. І гэта добры момант, бо мы пачынаем адкрываць праўду пра сябе. Але гэта праўда не павінна нас забіваць. Яе заданне – дапамагчы нам палепшыць нашыя адносіны з Богам. Апосталы таксама не былі дасканалымі і прайшлі доўгі і складаны шлях, і ў канцы змаглі аддаць сваё жыццё за Хрыста.

Як я слухаю Словы Хрыста? Што раблю, калі чагосьці не разумею? Як прысутнасць Езуса змяняе маё жыццё?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

 

Разважаем над словам Божым з Братамі капуцынамі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 9, 38–40

Хто не супраць нас, той з намі 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі. 

Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Яшчэ ўчора мы чыталі пра тое, што апосталы не разумеюць навукі Езуса. Замест таго, каб Яго слухаць, вучні спрачаюцца, хто з іх найважнейшы. Езус, канешне, тлумачыць ім, што значыць быць першым. І што адказвае на гэта Ян? Гаворыць, што забаранілі камусьці выганяць дэманаў у імя Хрыста. Думаю, што кожны з нас можа зразумець слабасці і недахопы апосталаў. Лёгка заўважаем ва ўчынках вучняў свае ўласныя памылкі. А вось зразумець паводзіны Езуса нам не так проста. Што Ім кіруе? Чаму не знойдзе сабе кагосьці лепшага за Яна, Пятра і іншых? Гэта і ёсць таямніца Божай Любові, якую мы ніяк не можам ані зразумець, ані прыняць.

Любоў Бога да нас такая вялікая і незразумелая, што вельмі часта замест надзеі і радасці напаўняе нас неспакоем. Гэта адбываецца, бо мы самі не ўмеем любіць іншых,  і таму не можам паверыць, што Бог можа любіць нас і людзей навокал. Колькі розных пытанняў нараджаецца ў галаве: “Я ж такі грэшны, чаму Бог мяне любіць? Гэты чалавек вядзе такое грэшнае жыццё, чаму Бог яго не пакарае? Чаму іншым Бог дапамагае, а ў маім жыцці столькі праблемаў і цяжкасцяў?” Бог не любіць кагосьці больш, а кагосьці менш. Любоў Бога праяўляецца ў жыцці кожнага чалавека па-рознаму. Мы не зможам гэта зразумець, але заўсёды можам яе прыняць. Так проста, без пытанняў.

Ці заўважаю я Любоў Бога ў маім жыцці? Ці не зайздрошчу іншым? Ці Любоў Бога з’яўляецца для мяне прыкладам?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

Разважаем над Словам Божым з братамі капуцынамі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 14,22–25

Гэта Цела Маё. Гэта Мая Кроў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім, кажучы: Бярыце, гэта Цела Маё. І, узяўшы келіх, падзякаваў і даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Аўтар Паслання да Габрэяў параўноўвае ахвяры чалавека з ахвярай Хрыста. Розніца паміж імі відавочная. Нашыя штодзённыя ахвяры ніяк не могуць знішчыць грэх. Аднак хапіла толькі адной ахвяры Хрыста, каб перамагчы грэх назаўсёды. Ці гэта значыць, што наш штодзённы высілак не мае значэння? Канешне, не. Нашая праца над уласнымі слабасцямі вельмі важная. Гэта наш шлях да святасці, шчасця. У сваю чаргу, моц ахвяры Хрыста нагадвае нам, што гэта Бог дае нам збаўленне. Нашая залежнасць ад Бога не падкрэслівае нашую слабасць і бездапаможнасць. Стварэнне заўсёды ў пэўнай ступені залежыць ад Стварыцеля. Гэта нармальна. І нават больш: у нашых адносінах з Богам гэтая залежнасць зусім не перашкаджае Богу любіць нас і выкарыстоўваць яе як магчымасць паклапаціцца пра нас. Гэта як адносіны бацькі і дзіцяці. Тое, што дзіцё, асабліва напачатку свайго жыцця, патрабуе апекі бацькоў, зусім не перашкаджае ім любіць яго больш за ўсё на свеце. Так і любоў Бога да нас: чым больш мы бездапаможныя і слабыя, тым больш Божая любоў да нас праяўляецца ў нашым жыцці.

Ці я добра выкарыстоўваю сваю залежнасць ад Бога? Ці заўважаю, як любоў Бога дзейнічае ў маім жыцці?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

Разважаем над Словам Божым з Братамі Капуцынамі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 10, 1–12

Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае

+ Чытанне святога Евангелля паводле  Марка.

У той час:

Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. І зноў збіраліся да Яго людзі, і Ён, паводле свайго звычаю, зноў навучаў іх.

Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей? 

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Часам, разважаючы пра сваё цяперашняе жыццё, мы вяртаемся думкамі ў мінулае, да моманту навяртання альбо да пачатку свядомага перажывання веры. Вельмі часта здаецца, што раней было лепей. Было прасцей маліцца, хацелася працаваць над сабой, быў энтузіязм. Гледзячы на сябе цяпер, пытаемся: што здарылася? Чаму быць верным Богу ўсё цяжэй? Адказ можа нас адначасова ўзрадаваць і засмуціць. У духоўным развіцці так, як і ў навуцы: калі мы заканчваем адзін этап, з’яўляецца другі, больш складаны. Гэта патрэбна, каб мы ўвесь час развіваліся і імкнуліся да дасканаласці. Аднак чалавек заўсёды застаецца чалавекам, і, акрамя знешніх цяжкасцяў, да ўсяго далучаюцца нашыя слабасці і грахі. І прыходзіць такі момант, калі здаецца, што мы не ідзем наперад, а рухаемся назад. У такія моманты важна не паддавацца. Часам трэба толькі трываць насуперак сумненням і няўпэўненасці.

У сённяшнім Евангеллі Езус удасканальвае адносіны паміж мужчынам і жанчынай і цярпліва паўтарае новыя вымаганні вучням, якія, магчыма, былі здзіўленыя тым, што пачулі. Аднак Езус не змяняе сваіх словаў, хоць і бачыць недасканаласць апосталаў. Ён ведае іх магчымасці, гатовы чакаць, покуль зразумеюць. Акрамя гэтага, Езус не пакідае іх без апекі, а спасылае ім Свайго Духа, які ўмацуе вучняў і павядзе наперад. Але ўсё ў свой час.

Як выглядае мой духоўны рост? Што змянілася за апошні месяц, год? Ці я гатовы ўдасканальвацца і ісці наперад?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія