Разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 16, 5–11

Калі Я не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Цяпер Я адыходжу да таго, хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: «Куды ідзеш?» Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае. Але Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас.

І калі Ён прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда. Наконт граху, бо не вераць у Мяне. Наконт справядлівасці, бо іду да Айца і ўжо не ўбачыце Мяне. Наконт суда, бо князь гэтага свету ўжо асуджаны.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Людзі вельмі цэняць ў медыках не толькі іх прафесіяналізм, але і чалавечнасць у зносінах з пацыентамі. Таленавіты доктар, апроч прафесійнага лячэння цела чалавека, умее таксама размаўляць з ім, намагаецца заахвоціць яго супрацоўнічаць у барацьбе з хваробаю. Паміж пацыентам і ўрачом павінен адбывацца поўны ўзаемнай павагі дыялог. Пацыенту трэба неяк дапамагчы без панікі прыняць часам цяжкую праўду пра фактычны стан яго здароўя. Вядома, здараецца, што нягледзячы на ўсе намаганні, пацыент настолькі бунтуецца супраць дыягназу і часамі нават супраць доктара, што далейшае лячэнне бывае досыць праблематычным. Хворы часта намагаецца сам паставіць сабе дыягназ, назначыць лячэнне, і зусім не дбае пра прафілактыку.

Гэты сцэнарый крыху адлюстроўвае дыялог Бога з чалавецтвам пасля бунту, які называецца першародным грахом. Свет не прызнае грэх смяротнай хваробай, свайго роду паталогіяй. Наадварот, людзі, зведзеныя «князем гэтага свету», цвердзяць, быццам гэтая паталогія і ёсць норма. Штучна ствараецца ўражанне, быццам «усе так жывуць». Д’ябал, як ракавая пухліна, намагаецца знішчыць і зяпярэчыць усяму, што ў гэтым свеце здаровае, гэта значыць, Божае.

«Калі Ён [Дух Святы] прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда». Дух Святы прыходзіць праз Хрыстовы Касцёл у гэты свет, каб выкрыць грэх свету, яго недавер Богу. Гэта свайго роду дыягназ, выкрыццё смяротнай хваробы, і калі гэтую праўду прыняць, далей ёсць магчымасць лячэння. Дух Святы паказвае справядлівасць, гэта значыць, нагадвае, што нармальны стан для чалавека — не грэх, а трыванне ў еднасці з Богам. І, нарэшце, Дух Святы паказвае праўду, што на крыжы Езус ужо канчаткова здзейсніў суд над «князем гэтага свету» – сатаной, які будзе назаўсёды звязаны.

Як выглядае мой дыялог з Духам Святым? Ці прымаю Яго дыягназ майго жыцця? Ці імкнуся я да справядлівасці, гэта значыць, да духоўна здаровага ладу жыцця? Ці не паддаюся хлусні «князя гэтага свету»?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».