Разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 15, 26 — 16, 4а

Дух праўды будзе сведчыць пра Мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі прыйдзе Суцяшальнік, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне. Але і вы таксама будзеце сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся. Будуць выганяць вас з сінагогаў. Але прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе вас забіваць, будзе думаць, што гэтым служыць Богу. Будуць так рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне. Але Я сказаў вам пра гэта, каб вы, калі прыйдзе іх гадзіна, успомнілі, што Я сказаў вам пра іх.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

На аб’ектыўнасць судовага працэсу ўплываюць сведкі, адвакат, пракурор і суддзя. Прычым сведкі павінны быць годнымі даверу, відавочцамі тых падзеяў. Адвакат павінен у поўнай меры выкарыстаць свае веды і быць добра матываваным, каб сапраўды абараняць падсуднага. Пракурор не павінен выкарыстоўваць сфабрыкаваныя дадзеныя расследавання. Суддзя ж павінен быць максімальна свабодны ад прадузятасці, браць пад увагу нават тыя акалічнасці справы, якія яму асабіста можа і нязручныя.

Сённяшні фрагмент Евангелля з’яўляецца прароцтвам і прагнозам на далейшы лёс Касцёла. Езус прадугледзіў, што нават пасля Яго смерці, уваскрасення і ўнебаўшэсця свет далей будзе падазраваць Яго і Ягоных вучняў у разнастайных «злачынствах». Пілат на самай справе не завяршыў той судовы працэс, і Хрыстос у сучасным свеце ў нейкім сэнсе па-ранейшаму застаецца падсудным.

«Будуць выганяць вас з сінагогаў». Грамадства, намагаючыся несправядліва ізаляваць сябе ад Хрыста і Ягонага Касцёла, часта становіцца і пракурорам, і суддзёю адначасова. Вось толькі некаторыя абвінавачванні: Касцёл, маўляў, парушае свабоду чалавека, калі аборт называе забойствам, калі не дазваляе назваць сям’ёй гомасексуальныя сувязі, калі знішчае зялёную зону гарадоў для будоўлі сваіх святыняў, калі перашкаджае навуковаму прагрэсу.

У гэтых працэсах хрысціяне, як жывое Цела Хрыста, становяцца падсуднымі. Ёсць у гэтым судзе руплівы Адвакат і сумленны Сведак – Дух Святы, якога Хрыстос нам даў. Аднак нават калі сёння свет не бярэ пад увагу Яго сведчанні, нас чакае яшчэ суд апошняй інстанцыі – у канцы свету. Там нават суддзі будуць падсуднымі, і ўсё тайнае стане яўным, а «Дух праўды, які ад Айца паходзіць» будзе канчаткова пачуты.

Ці прашу я абароны ў Духа Святога, калі выпрабаванню падвяргаецца мая вера і вернасць Касцёлу? Ці не станаўлюся я на баку несправядлівых суддзяў у спрэчках пра Хрыста і Касцёл ў маім асяроддзі? Ці ўсведамляю я міласэрнае дзеянне Хрыста ў маім жыцці, каб рашуча сведчыць пра Яго свету?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».