разважанні

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 14, 6–14

Столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў яму: Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі.

Філіп кажа Яму: Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам.

Адказаў яму Езус: Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. Дык чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго. І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб ўславіўся Айцец у Сыне. Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сучасныя псіхолагі, сацыёлагі і нават душпастыры часта гавораць пра крызіс айцоўства ў сучасным грамадстве. Праяўляецца ён часта, з аднаго боку, у празмерным дэспатызме бацькі, а з іншага боку - бацька часта ўцякае з сям’і ў сваю кар’еру ці залежнасці. Такім чынам, вялікая частка гарамадства па розных прычынах вырасла фактычна без бацькі. На жаль, здараецца, што наступным пакаленням таксама перадаецца крыху сірочая мадэль сям’і. Ёсць розныя вытокі гэтага крызісу: дэмаграфічны дэфіцыт з-за сусветных войнаў і камуністычнага тэрору, удар па мужчынскай тоеснаці з боку агрэсіўнага фемінізму, штучнае абясцэньванне інстытуту трывалай сям’і. У многіх мужчын фарміруецца нізкае пачуццё вартасці і затым як рэакцыя - працагалізм, празмерная агрэсія або розныя формы адчужэння. Адным словам, гэта няпростыя лабірынты, выйсце з якіх трэба неяк шукаць.

Філіп і іншыя вучні Езуса шмат разоў чулі і бачылі, з якім захапленнем Езус хваліў свайго Айца, ганарыўся Ім, дзякаваў за Яго дары. Ва ўсіх знаках, цудах, словах, а таксама ў вандроўках і сустрэчах з рознымі людзьмі Езус наўпрост або пасрэдна ўзгадвае свайго Айца. Таму Філіпа, верагодна, захапляў і натхняў прыклад адносін Езуса з Яго Нябесным Айцом. Вядома, калі мы пра кагосьці няспынна чуем столькі добрага, то хочацца з гэтай асобай пазнаёміцца або прынамсі ўбачыць. Просьба Філіпа гучыць:  “Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам”. Але ж асноўнае, што Езус робіць з таго часу, калі паклікаў вучняў – гэта якраз паказвае ім Айца. Зрэшты, дзеля гэтага і прыйшоў – аб’явіць Айца.

Гэта сур’ёзны шанец на аздараўленне вобразу бацькі ў нашым грамадстве або прынамсі ў паасобных душах. Калі па-сапраўднаму зразумеем, які Ён, Айцец Езуса Хрыста, то будзем мець здаровае паняцце - што значыць быць бацькам. Калі Езус настолькі давярае свайму Айцу, што застаецца паслухмяны Яму нават у смерці, то наколькі ж надзейным павінен быць Бог Айцец! Езусава быццё Сынам, або, інакш кажучы, стыль Ягонага сыноўства, сапраўды эфектыўна аб’яўляе Айца. Нам вельмі патрэбна гэтае аб’яўленне, бо яно адкрывае і Нябеснага Айца, і зямнога бацьку. Прабыванне з Хрыстом аздараўляе, яно вызваляе з “праклёну сіраты” і прыводзіць да благаславення сына. “Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі мяне, ведалі б і Айца Майго”.

Якія ў мяне зносіны з зямным татам, ці не зашмат я патрабую (патрабаваў) ад яго? Як я спаўняю маё бацькоўскае пакліканне? Ці кампенсую недахопы бацькоўскага благаслаўлення праз Хрыста ў Айцу Нябесным?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».