ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 6, 52–59

Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Ці задумваліся вы калі-небудзь, як функцыянуюць у нашым жыцці розныя знакі? Калі пад’язджаем да нейкага населенага пункта, звычайна бачым пры дарозе знак, які папярэджвае і інфармуе пра месца, якое пачынаецца за ім. Сам знак з’яўляецца толькі маленькай часткай той рэчаіснасці, якую азначае, ён кіруе да яе, дапамагае лепш яе зразумець. Гэтак знак населенага пункту не з’яўляецца ўсім горадам, пра які гаворыць, бо горад – рэчаіснасць непраўнальна багацейшая, чым просты знак.

Водар і смак ранішняй кавы, усмешка блізкага чалавека, поспех на працы, асалода адпачынку – усё гэта важныя дробязі, без якіх жыццё было б не такім каляровым. Мы ядзім і п’ем, дыхаем і ходзім, спім і прачынаемся. Здавалася б, з падобных рэчаў і складаецца наша жыццё ў свеце. Але нягледзячы на разнастайнасць гэтых праяваў жыцця, яны не з’яўляюцца самім жыццём. Гэтыя прыгожыя і прыемныя дробязі дадзеныя нам як знак і прадвяшчэнне жыцця сапраўднага, якое ўжо пачынаецца, але яшчэ не споўнілася.

            Самім жыццём і даўцам сапраўднага жыцця з’яўляецца толькі Бог, і толькі ў еднасці з Ім жыццё наогул магчыма. Таму Езус спачатку засцерагае: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае”. Тут Хрыстос гаворыць ужо не пра знакі жыцця, а пра само жыццё як рэчаіснасць: “Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой”. “Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною”.

Было б нейкім непаразуменннем, калі б мы задавольваліся толькі знакамі жыцця і не хацелі ўдзельнічаць у самім жыцці. Гэта словы, поўныя радасці, бо аказваецца, што можна жыць непараўнальна паўней, чым проста есці і піць.

            Ці не пражываю свае дні павярхоўна, без роздумаў пра поўню жыцця? Ці не блытаю знакі жыцця з самім жыццём? Наколькі рэгулярна прымаю Святую Камунію?

            Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».