ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 16, 9–15

Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Калі Езус уваскрос раніцай у першы дзень тыдня, Ён з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой Ён выгнаў сем злых духаў. Яна пайшла і абвясціла тым, хто быў з Ім, якія былі ў жалобе і плакалі. А яны, хоць і пачулі, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі.

Пасля гэтага Ён з’явіўся ў іншай постаці двум з іх, якія ішлі ў вёску. Тыя вярнуліся і абвясцілі астатнім, але і ім не паверылі.

Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны сядзелі за сталом, і папракаў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага.

І сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню.

Гэта слова Пана.

 

Новае жыццё з Хрыстом – гэта не штосьці такое, што можна было б раз і назаўсёды здабыць і валодаць ім без магчымасці страты так, быццам валодаеш рахункам у банку або кватэрай ў доме. Новае жыццё з уваскрослым Езусам – гэта штосьці такое, што трэба пражыць. Штосьці, што часам мы губляем з-за сваёй людской слабасці і вяртаем дзякуючы Божаму слову і сакрамэнтам. Гэта штосьці, што можа ў нас памерці, калі мы замыкаемся ў сабе, ізалюемся ад людзей і свету, калі пагружаемся ў няспынны смутак і плач.

Новае жыццё з Хрыстом таксама можа і павінна ў нас развівацца, павялічвацца, памнажацца. Атрымліваецца гэта тады, калі мы прадпрымаем рызыку “пайсці на ўвесь свет, каб абвяшчаць Евангелле ўсякаму стварэнню”. Божае жыццё ў нас замірае, калі мы баімся дзяліцца ім з іншымі людзьмі, і расцвітае, калі абвяшчаем сведачанне пра Яго ўсяму свету. Трэба, аднак, чыніць гэта падобным чынам, як Пан Езус. Трэба быць больш сведкам, чым настаўнікам, больш дзяліцца, чым пераконваць, больш любіць, чым насычаць уласную амбіцыю, здабываючы новых членаў супольнасці. У Божага жыцця, новага жыцця, ёсць шанец быць прынятым многімі людзьмі толькі пры ўмове, што мы самі будзем гатовы даваць гэтым людзям сваё жыццё.

Як я спаўняю даручаную мне місію абвяшчэння Евангелля? Стаўлюся да гэтага як да здабывання новых членаў супольнасці ці як да давання сэрца людзям, якія чакаюць любові?

Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».