ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 21, 1–14

Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Дыдым, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не. 

А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.

Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою.

І калі выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу.

Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

Гэта слова Пана.

 

Як для падтрымання і захавання цялеснага жыцця неабходна харчаванне, гэтак жа неабходна своеасаблівае харчаванне, каб падрымліваць і захоўваць Божае жыццё ў чалавеку, каб яно ў ім не памерла. Такая думка выплывае з сённяшняга Евангелля. Вучні не маюць чаго есці, ў іх нічога няма на сняданак. Хоць не пагражае ім смерць з-за голаду, аднак гэты балючы недахоп з’яўляецца сімвалам іншага галадання і іншай смерці: галадання па блізкасці з Хрыстом і смерці з-за аддалення ад Яго. Каб жыць, целу патрэбен хлеб і рыба, а душы патрэбен Той, прысутнасць Якога сімвалізуе спечаная рыба і хлеб – Езус Хрыстус. Блізкасць уваскрослага Езуса з’яўляецца той пажывай, якая наталяе душу, наталяе Божым жыццём. Праблема, аднак, ў тым, што распазнаваць знакі Ягонай рэальнай блізкасці і прысутнасці нам даводзіцца вучыцца. Блізкасць можа праяўляцца разнастайнымі спосабамі, а мы часцей за ўсё ведаем толькі некаторыя з іх, прычым толькі найбольш асноўныя, якія вынікаюць з патрэбаў цела. Бывае таксама, што мы баімся блізкасці, бо менавіта ў ёй, магчыма, мы спазналі насілле.

Блізкасць Езуса не насільная. Блізкасць Езуса – гэта далікатнасць, інтымнасць, чуласць. Яна настолькі далікатная, што нам даводзіцца цярпліва вучыцца, каб не толькі убачыць яе, але перад усім пражыць яе ў сабе і наталіцца ёю, зачэрпнуць з яе сілы, каб прыгожа, Божым спосабам жыць.

Як я пражываю блізкасць? Яна для мяне звязана з пачуццём бяспекі ці пагрозы? Ці блізкі я сам сабе?

Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».