ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 20, 1–9

Трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго. 

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

Гэта слова Пана.

 

Барацьба паміж смерцю і жыццём няспынна адбываецца ў кожным з нас. Мы часта не ўсведамляем сабе, што дзесьці паміж радасцю і смуткам, апатыяй і энтузіязмам, пачуццём сэнсу і бессэнсоўнасцю знаходзіцца нашае асабістае стаўленне да жыцця, а выбар можа пайсці толькі ў двух напрамках: за, або супраць жыцця.

Гэтую барацьбу паміж жыццём і смерцю мы бачым у сённяшнім Евангеллі. Калі толькі заглыбімся ў сімволіку гэтага тэксту, то адкрыем ужо на самым пачатку, што барацьба ночы з зараніцай у гэты першы дзень тыдня з’яўляецца знакам барацьбы смерці з жыццём у кожнай з дзеючых асоб гэтага Евангелля.

Марыя Магдалена амаль цалкам пранізана смерцю. Жыве, але, напэўна, хацела б лепш не жыць, бо памёр Езус – Любоў яе жыцця. Аднак ёсць у ёй кволая надзея, што яна сустрэне Езуса, што ўбачыць Яго, што яшчэ магчымае жыццё побач з Ім. Пётр таксама амаль увесь пагружаны ў смерць. Праз яе заслону не можа прабіцца ніводнае святло, бо нават калі ён убачыў пустую грабніцу, то застаўся сляпы прад перамогай Жыцця над смерцю. Праменьчыкам надзеі на новае жыццё з’яўляецца здзіўленне, якое ў ім засталося і пытанні, якія ў ім нараджаліся. Толькі Ян, любімы вучань Езуса, не думае выключна пра смерць. Толькі ў яго адкрытыя вочы, розум і сэрца, каб убачыць і паверыць, што Езус жыве. Для Марыі Магдалены і Пятра толькі сустрэча з жывым Езусам стала момантам поўнага вяртання да іх веры ў жыццё і вяртання сэнсу жыцця.

Сярод няўпэўненасцяў нашага штодзённага жыцця ёсць для нас запрашэнне ўбачыць і паверыць, як любімы вучань. Ян глядзеў на палотны, якія ляжалі ў пустой грабніцы Езуса, так, як мы глядзім на эўхарыстычны Хлеб. Ён убачыў і паверыў. А мы ці верым?

Якое ў мяне стаўленне да жыцця? Ці добра, што я жыву? Ці ўмею берагчы сваё жыццё ад сораму, пачуцця віны або паражэння?

Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 28, 8–15

Паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Жанчыны, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю пабеглі паведаміць вучням Ягоным. І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: Вітайце. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Езус: Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць. 

Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася. Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат сярэбранікаў, кажучы:

Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі. І калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў.

Яны ж узялі сярэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня. 

Гэта слова Пана.

 

Націскі праціўнікаў новага жыцця вялікія. Гэта вельмі яскрава выяўляецца ў сённяшнім евангельскім апавяданні, дзе бачым, як жаўнеры і габрэйскія старэйшыны гатовыя выкарыстаць хітрую хлусню, у якую потым самі ахвотна павераць, абы толькі нікому не дазволіць мець надзею на новае жыццё.

Ёсць у нас нейкае таямнічае супраціўленне перад тым, каб прыняць ад Хрыста – уваскрослага Пана – дар новага жыцця. Ёсць у нас штосьці з тых жаўнераў, якія ахоўваюць хлусню пра перамогу смерці. Ёсць у нас штосьці з тых перашасвятароў бога смерці і бога памерлых, святкуючых адсутнасць надзеі. Аднак Бог уваскрасення і жыцця цярплівы. Гатовы пачакаць адпаведнага моманту. Пачакаць “той гадзіны”, якая будзе часам гатоўнасцю майго сэрца, каб Ён – Пан Жыцця – разбурыў ува мне сцяну варожасці да жыцця, да надзеі на новае жыццё.

Ці заўважаю я ў сабе пазіцыю ў адносінах да жыцця падобную, як у стражнікаў грабніцы і першасвятароў? Ці магу прыняць сведчанне Касцёла пра новае жыццё з Хрыстом? Ці магу я сам сведчыць пра сустрэчу з жывым Панам?

Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 20, 11–18

Бачыла Пана, і Ён сказаў ёй 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі, адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.

І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш?

Адказала ім: Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго.

Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў там, але не ведала, што гэта Езус.

Кажа ёй Езус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?

Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.

Езус кажа ёй: Марыя! А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: Раббуні, — што азначае «Настаўнік».

Кажа ёй Езус: Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага.

Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.

Гэта слова Пана.

 

Існуе небяспека паддацца такой ілюзіі, што новае жыццё з Хрыстом павінна заключацца ў вяртанні найпрыгажэйшых хвілінаў, якія былі ў нашым мінулым. Узгадваем нашае дзяцінства, блізкасць бацькоў і іх любоў. Узгадваем людзей, якіх любілі, але іх забрала смерць, і ўсе тыя моманты супольна пражытага шчасця, любові, узаемнага аберагання і апекі. Узгадваем усё гэта – і нараджаецца ў нас такое прагненне, каб тыя часы вярнуліся, каб было, як раней, калі адчувалі сябе любімымі і шчаслівымі.

Падобныя да гэтых вышэй апісаных прагненняў былі і ў Марыі Магдалены. Яна таксама прагнула вярнуць сабе Езуса, каб было, як раней, калі магла Яго слухаць, быць блізка каля Яго, адчуваць сябе патрэбнай. Яна плача, бо прагне, каб было, як раней, калі яна была такая шчаслівая, ідучы за Езусам праз Галілею, Самарыю і Юдэю… Яна настолькі жыве мінулым, што ў яе закрытыя вочы і сэрца на тое, што адбываецца вакол яе і ў ёй тут і цяпер. Яна не распазнае жывога Пана, бо ў яе сэрцы па-ранейшаму пануе смерць. Але дар новага жыцця – гэта не вяртанне ў мінулае, а здольнасць ствараць блізкую лучнасць з Езусам тут і цяпер.

Як я ўяўляю сабе шчаслівае жыццё? Чаго мне не хапае для поўнага шчасця? Ці ўмею я радавацца свайму жыццю, такому, якое яно ёсць? Ці ўмею я радавацца свайму жыццю з Езусам?

Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.

Разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 24, 13–35

Пазналі Яго ў ламанні хлеба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Вось двое вучняў Езуса ў той жа дзень (першы пасля суботы) ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты напэўна адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх:  Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што яны бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:  Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Гэта слова Пана.

 

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 24, 35–48

Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як яны пазналі Езуса ў ламанні хлеба.

Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: Спакой вам.

Здзіўленыя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.

А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: Ці маеце тут што з’есці? Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: Гэта словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.

І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы – сведкі гэтага.

Гэта слова Пана.