ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 2, 13–25

Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.

На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні  ўзнясу яе.  

І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?

Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

І калі Ён быў у Ерузалеме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

Напэўна, большасць з нас хацела б, каб пра наш бацькоўскі дом можна было сказаць так, як спявае Лявон Вольскі ў песні «Простыя словы». Езус таксама хоча, каб Яго бацькоўскі дом быў такой прасторай, дзе шмат любові, дзе людзям «ёсць чым сагрэцца, ёсць дзе схавацца». Аднак Хрыстос прыходзіць і бачыць, што святыню ператварылі ў дом гандлю. Ён абурыўся не толькі таму, што людзі там гандлявалі ахвярнымі жывёламі і мянялі валюту між сабой. Але яны ж і з Богам спрабавалі гандляваць! Маўляў, «вось Табе, Божа, два тлустыя бараны, а Ты мне — шчасця, здароўя…». Не так павінна быць у сапраўдным бацькоўскім доме, дзе Бог — Айцец, а не партнёр па бізнесу. Калі вучні ўбачылі рэакцыю Езуса, то ўзгадалі словы псальму: «Руплівасць аб доме Тваім з’ядае мяне» (Пс 69, 10). Як жа рупліва Хрыстос клапоціцца пра святыню — ажно змагаецца!

Духоўнае жыццё хрысціянаў таксама можна ўмоўна назваць святыняй, гэта значыць, такім месцам, дзе дзеці сустракаюцца з нябесным Айцом. Існуе, аднак, спакуса спрабаваць падкупіць Бога дзеля дасягнення нейкіх сваіх смешных мэтаў, амбіцый ці капрызаў. Езус не толькі хоча ачысціць нашую святыню ад гандлярскага менталітэту, але таксама хоча навучыць нас, як прыходзіць да Айца па-сыноўску — сэрца да Сэрца. 

Ці ёсць ува мне сыноўні давер да Бога, калі я прашу Яго аб чымсьці?

Ці прыходжу я на Імшу або адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, каб проста пабыць з Богам, быццам у бацькоўскім доме?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».