ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 15, 1–3. 11–32

Гэты брат твой быў мёртвы і ажыў 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.

Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: 

У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: Ойча, дай належную мне частку маёмасці. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.

А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму.

Апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны, і зжаліўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам.

Бацька ж сказаў слугам сваім: Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.

А старэйшы сын ягоны быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся: Што гэта такое. Той адказаў яму: Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым.

Ён разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў бацьку: Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляня, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля.

Ён жа адказаў яму: Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

Айцы Касцёла казалі, што гэты фрагмент Евангелля з’яўляецца адлюстраваннем усяго Езусавага паслання, гэта быццам Евангелле ў таблетцы. Езус скіроўвае сваю прыпавесць да двух вельмі розных асяроддзяў. З аднаго боку — грэшнікі і мытнікі, а з іншага — фарысеі і кніжнікі. Езус нібы кажа: «Убачце сябе ў гэтым слове, пашукайце сябе ў кімсьці з гэтых сыноў». Праблема ўзнікае тады, калі аказваецца, што абодва сыны — грэшнікі і што Добрая Навіна, якую абвяшчае Езус, прызначаецца менавіта грэшнікам. Як міласэрны Айцец з прыпавесці, Езус бяжыць да грэшніка, схіляецца да яго і падымае. Падняць, аднак, можна толькі таго, хто прызнае сваё падзенне і хоча пакаяння. Малодшы сын з прыпавесці настолькі моцна прыніжаны ўласным грахом, што сцвярджае сваю нягоднасць называцца сынам: «Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх». Але Айцец не пагаджаецца на такія адносіны. Ён не можа яго любіць неяк інакш, чым як свайго сына.

Бяда для хрысціяніна — прыняць пазіцыю іншага сына. Ні разу з яго вуснаў не выходзіць слова «Айцец». Чаму так адбываецца? Старэйшы сын хоча сказаць адно: «Я б усталяваў лепшы парадак, калі б Цябе не было, без Цябе было б лепш». Старэйшы сын нібыта заслеплены, ён не бачыць любові Айца. Ён сцвярджае, што той не варты называцца яго Айцом.

Езус ніколі не адмаўляецца ад чалавека. Евангелле пра міласэрнага Айца выразна паказвае нам гэтую праўду: Бог любіць нас і хоча, каб мы жылі.

Ці з’яўляюцца мае адносіны з Богам сыноўскімі адносінамі?

Якім чынам я даю адчуць сваім бліжнім, што люблю іх і хачу каб яны жылі?

Хто я ў прыпавесці пра міласэрнага Айца?

Брат Борыс Карчмажык OFMCap

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».