Пасля сустрэчы з роднымі, якія хацелі, каб Езус спыніў сваю дзейнасць, кніжнікі з Ерузалема абвінавачваюць Яго ў тым, што Ён дзейнічае пад уплывам злога духа, Бэльзэбуба. Гэты злы дух у разуменні габрэяў з’яўляўся князем злых духаў, а раней гэта было імя фінікійскага бога. Хрысціянская традыцыя зрабіла тоесным імя Бельзэбуб са значэннем сатана.
Езус, абвяргаючы зласлівыя і недарэчныя абвінавачванні, кажа сваю навуку ў прыпавесці. Працягваючы далей размову пра зло, Езус дае магчымасць, каб людзі ацанілі тое дабро, якое Ён зрабіў. Марк евангеліст апісаў на пачатку дзейнасці Езуса шмат цудаў і аздараўленняў. Толькі праз Божага Духа можна такое зрабіць, на чым Езус акцэнтуе ўвагу у сваёй навуцы.
Спрэчкі адносна дзейнасці Езуса, абвінавачванні ў тым, што Ён дзейнічае пад уплывам злога духа, будуць прабачаныя кожнаму, хто пакаецца. Аднак адкідванне збаўлення, якое Бог дае чалавеку, не будзе прабачана ніколі. Езус кажа пра такую зацвярдзеласць сэрца, якая не дапусціць нават думкі пра патрэбу навяртання.
Як ты рэагуеш на абвінавачванні?
У чым табе сёння патрэбна навяртанне?
Што табе дапамагае твайму сэрцу пакаяцца?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

 

 

 

 

Радуйся, Валадарка, Святая Каралева, Святая Багародзіца, Марыя, Ты заўсёды Дзева, абраная Найсвяцейшым Айцом з неба. Цябе Ён асвяціў умілаваным Сынам сваім і Духам Суцяшальнікам. У Табе была і ёсць поўня ўсялякай ласкі і ўсялякага дабра. Радуйся, Палац Ягоны! Радуйся, Сховішча Ягонае! Радуйся, Шацёр Ягоны! Радуйся, Аблачэнне Ягонае! Радуйся, Слуга Ягоная! Радуйся, Маці Ягоная! І вы, усе святыя цноты, якія ласкаю і асвятленнем Духа Святога  праліваюцца ў сэрцы верных, каб няверных учыніць вернымі Богу.

Святы Францішак Асізскі “Прывітанне Найсвяцейшай Багродзіцы Марыі”

“Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19). Ці можна маё сэрца, мой дом і маю дзейнасць назваць жыллём для Бога?

Якія цноты могуць яшчэ ўпрыгожыць маю душу, каб яна была больш утульным жыллём для Бога?

 

 

У сваёй навуцы Езус карыстаецца вобразам, знаёмым для ўсіх. Аднак не ўсе здольныя яго зразумець. Спачатку Хрыстос заклікае паслухаць. У біблійным разуменні гэты працэс звязаны не толькі з інтэлектуальным успрыманнем слоў, але і з адкрыццём сэрца. Менавіта сэрца з’яўляецца глыбінёю людскога жыцця і ўсіх яго вымярэнняў: духоўнага, інтэлектуальнага, маральнага, пачуццёвага. У сэрцы чалавек вядзе дыялог з Богам, прымаючы Яго, або адкідваючы.

Добрай весткай для нас ёсць тое, што слова трапляе да усіх, незалежна ад магчымасцяў слухача. Аднак яно, як зерне, можа быць па-рознаму прынята чалавекам - усё залежыць ад стану яго сэрца.

Спачатку мы бачым параўнанне сэрца і дарогі. Гэта тыя людзі, якія абвінавачваць не толькі сябе, але нават і Евангелле, яны паддаюцца сатане (літаральна – “абвінаваўцу”). Успомнім адказ Езуса Пятру, калі той паддаўся спакусе: “Адыдзі ад мяне сатана” (Мк 8, 33), што літаральна азначае “адыдзі за мяне”. Хрыстос так адказаў, бо Пётр хацеў сам пакіраваць і вызначыць, якім шляхам павінен ісці Езус.

Другое параўнанне паказвае нестабільнае сэрца. Чалавек з такім сэрцам прымае з радасцю Добрую вестку, але боязь перад вызнаваннем веры, магчымае неразуменне людзьмі, пераслед робяць такога чалавека няздольным прымаць станоўчыя рашэнні.

Наступны вобраз - зняволенае сэрца. Людзі з такім сэрцам засяроджваюцца на сваіх клопатах, лёгка паддаюцца спакусам, пажадлівасці. Гэта ўсё перапаўняе сэрца і не дае дзейнічаць Слову, бо  заглушае яго.

Апошняя алегорыя – трывалае сэрца. Такое сэрца маюць людзі, якія ўважліва слухаюць Бога і прымаюць Яго слова як сваё. Прыняцце Слова робіць вучняў роднымі Езусу, братам сястрою, маці (Мк 3,34-35).

Якое тваё сэрца?

Які плод ты прыносіш?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

 

 

Абвяшчаючы Евангелле праз прыпавесці, Езус паступова дапамагае нам зразумець Божае Валадарства, якое распачалося разам з Яго прыходам  (пар. Мк 1, 15). Адначасова, Ён сам для нас з’яўляецца Словам, Евангеллем, якое, як малое зерне, мы можам, не заўважыўшы, адкінуць, але аднойчы ўкінутае ў зямлю зерне ўзрастае і гэты рост можа быць нябачным нас. Праз гэтую прыпавесць мы шмат чаго можам убачыць у сваім жыцці. Мы часта недаацэньваем тое, што атрымалі: ласку хросту, Евангелле, Эўхарыстыю, падчас якой спажываем Цела і Кроў Хрыста і г.д. Божае жыццё, нябачнае напачатку, прыносіць плод у цішыні.

Зерне гарчыцы меншае за макавае. Такі слабы і малы пачатак Божага Валадарства мае ў сабе вялікую жыццёвую моц. Найважнейшы сэнс прыпавесці такі: тое, што спачатку малое і слабае, становіцца вялікім дрэвам. Галоўнае - не знешні эфект, а плод,  які мы прынясём у свой час.

Важна звярнуць увагу і на сам працэс узрастання зерня для тых, хто хоча хуткіх вынікаў. Мы павінны слухаць і захоўваць слова ў сваім сэрцы, як робіць зямля з зернем. Для нас у гэтай справе прыкладам з’яўляецца Марыя (пар Лк 2,19).

Ці веру я ў моц Божага слова?

Ці дазваляю слову ўзрастаць ува мне?

Якое слова сёння запрашае мяне да малітвы?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

 

 

У свята навяртання святога апостала Паўла варта звярнуць увагу на першае чытанне, якое расказвае нам пра пераломны момант у яго жыцці. Адбыўся ён пасля забойства святога Стэфана і, як заўважае аўтар, Саўл (тады так звалі св. Паўла) жыў пагрозамі і забойствамі ў адносінах да хрысціянаў. Тое, што з Паўлам адбылося, ён сам каментуе некалькі разоў у пасланні да карынцянаў (1 Кар 9, 1; 15, 3-8). Св. Павел кажа, што “бачыў Пана” (1 Кар 9, 1), праз што падкрэслівае сваю сувязь са сведкамі ўваскрослага Хрыста: Марыяй Магдаленай, апосталамі, якія атрымалі ласку бачыць Пана. У момант навяртання бачанне Саўла не было фізічным, гэта была асабістая сустрэча, якая дазволіла будучаму Апосталу народаў убачыць праўду пра сваё жыццё. У гэтай сустрэчы адбыўся гвалтоўны пераварот каштоўнасцяў, які паўплываў на далейшую апостальскую дзейнасць. Духоўнае вымярэнне сустрэчы пацвярджае і тое, што Саўл не бачыў фізічна (“я перастаў бачыць ад бляску таго святла”).

Асабістая сустрэча з уваскрослым Панам фармуе ў св. Паўлу перакананне, што Той, Які быў укрыжаваны пры Понцію Пілаце, жывы. Досвед прысутнасці Уваскрослага вядзе яго да навяртання і канчатковай перамены свайго жыцця. Памірае ў Саўле сляпая нянавісць і помста, а нараджаецца бачанне ў Духу, плодам якога ёсць: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 22). З гэтага моманту Саўл становіцца старанным сведкам Хрыста, які сведчыць,  абапіраючыся не на нейкую мудрасць, а на асабістае аб’яўленне Хрыста.

Ці адбыўся ў тваім жыцці момант перавароту ўласных каштоўнасцяў пасля сустрэчы з Хрыстом?

Да чаго Хрыстус кліча цябе цяпер?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь