Пасля сустрэчы з роднымі, якія хацелі, каб Езус спыніў сваю дзейнасць, кніжнікі з Ерузалема абвінавачваюць Яго ў тым, што Ён дзейнічае пад уплывам злога духа, Бэльзэбуба. Гэты злы дух у разуменні габрэяў з’яўляўся князем злых духаў, а раней гэта было імя фінікійскага бога. Хрысціянская традыцыя зрабіла тоесным імя Бельзэбуб са значэннем сатана.
Езус, абвяргаючы зласлівыя і недарэчныя абвінавачванні, кажа сваю навуку ў прыпавесці. Працягваючы далей размову пра зло, Езус дае магчымасць, каб людзі ацанілі тое дабро, якое Ён зрабіў. Марк евангеліст апісаў на пачатку дзейнасці Езуса шмат цудаў і аздараўленняў. Толькі праз Божага Духа можна такое зрабіць, на чым Езус акцэнтуе ўвагу у сваёй навуцы.
Спрэчкі адносна дзейнасці Езуса, абвінавачванні ў тым, што Ён дзейнічае пад уплывам злога духа, будуць прабачаныя кожнаму, хто пакаецца. Аднак адкідванне збаўлення, якое Бог дае чалавеку, не будзе прабачана ніколі. Езус кажа пра такую зацвярдзеласць сэрца, якая не дапусціць нават думкі пра патрэбу навяртання.
Як ты рэагуеш на абвінавачванні?
У чым табе сёння патрэбна навяртанне?
Што табе дапамагае твайму сэрцу пакаяцца?


Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

 

 

Езус затрымаўся хутчэй за ўсё ў Капернауме, ў доме Пятра. Людзі нават на хвіліну не даюць Яму спакою. Яго папулярнасць у народзе хутка расце, а для Яго сваякоў, якія не разумелі Ягонай місіі, гэта быў трывожны знак – баяліся, што Езус сапсуе рэпутацыю сям’і. Яны магчыма баяліся таксама, што ім самім трэба будзе забіць Езуса, калі акажацца, што Ён фальшывы прарок, бо такімі былі патрабаванні старадаўняга закону (гл. Дрг 13, 5-9; 18, 20; Зах 13, 2-3). Таму вырашылі прадухіліць гэтую небяспеку загадзя.
Езус у гэты момант спазнае на сабе тое, пра што папярэдзіць сваіх вучняў і вызнаўцаў на ўсе часы: давядзецца цярпець незразуменне і непрыняцце з-за веры нават ад некаторых найбліжэйшых людзей. Езус, вядома, не паддаўся націскам - ні цяпер, ні ў садзе аліўным, ні нават на крыжы. Тым большую каштоўнасць мае Яго ахвяра. З дзяцінства аж да смерці Ён заставаўся верным прыцыпу: “Трэба мне быць у тым, што належыць Майму Айцу” (Лк 2, 49).
З якімі цяжкасцямі свайго асяроддзя змагаюся я з-за сваёй веры?
Ці імкнуся знайсці сабе блізкіх па духу веруючых сяброў?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Мы ўсе пакліканыя быць вучнямі, але не ўсе вучні пакліканыя быць апосталамі. На гары, якая ў Бібліі звычайна з'яўляецца месцам боскіх аб'яўленняў, Езус выбірае дванаццаць вучняў, каб яны сталі апосталамі. Апостал азначае «пасланы»,  Хрыстус надзяляе іх сваім аўтарытэтам. Апосталы нясуць адказнасць  за Касцёл. Ён абраў дванаццаць, каб яны былі з Ім, каб, як Ён, неслі Добрую Навіну, аздараўленні і выганялі злых духаў. Дванаццаць - гэта сімвал дванаццаці пакаленняў Ізраэля. Яны з'яўляюцца тымі, якія будуць падтрымліваць новы Божы народ, заснаваны Хрыстом. Касцёл - апостальскі, таму што грунтуецца на апосталах. Усе яго члены ўдзельнічаюць у апостальстве, прыносячы святло і надзею людзям. Апостал і вучань маюць адну і тую ж мэту, нават калі іх служэнне адрозніваецца. Яны абвяшчаюць Евангелле аб Божым Валадарстве ўсім  і да ўсіх пакаленняў. Сярод дванаццаці Езус выбірае таксама Юду, каб зрабіць яго сапраўдным Апосталам, распарадчыкам сваіх таямніцаў (сакрамэнтаў), служыцелем Хрыста, цалкам прысвечаным Евангеллю! Чаму Бог выбраў яго? Няўжо не ведаў, што Юда будзе здраднікам? Езус выбраў яго, таму што не глядзіць на будучыню чалавека, а на тое, які ён сёння. Езус выбірае яго, таму што хоча паказаць усю сваю любоў, вось таму і дае яму сваю ласку.
Ці магу я назваць сябе вучнем Хрыста?
Якая мая місія ў Касцёле?


Бр. Ігар Колзун OFMCap, Беларусь

 

 

З якой жа заўзятасцю кідаліся да Езуса людзі, абяздоленыя хваробамі і іншымі бедамі! Хацелі абавязкова дакрануцца да Яго, бо “пачулі, што Ён рабіў”. Ён нават быў змушаны сесці ў човен, каб Яго не заціснуў натоўп. Гэтая рашучасць моцна кантрастуе з абыякавасцю да Езуса многіх сучасных людзей. Чаму так адбываецца? Чаму так шмат касцёлаў у свеце пустуюць? Чаму нават у краінах, дзе Добрая Навіна гучала на працягу дзвюх тысяч год да святых сакрамэнтаў не кідаецца і чвэрць тых, што чулі пра Езуса? Магчыма таму, што не бачаць сваёй хваробы. Магчыма таксама, яны не вераць, што “дотык” да Езуса можа іх па-сапраўднаму аздаравіць.
“Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя і Я супакою вас” (Мц 11, 28)
Ці памятаю я асаблівыя моманты свайго жыцця, калі я “дакранаўся” да Езуса?
Колькі ўва мне заўзятасці ў шуканні Бога і Ягонага збаўлення?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Перш чым Езус аздаравіў хворую руку чалавека, ён прапанаваў фарысеям аздаравіць іхнія сэрцы з хваробы вузкасці ў межах закону. Божы закон (у дадзеным выпадку закон пра суботні адпачынак) быў дадзены для таго, каб бараніць Божую славу і дабро чалавека. Фарысеі ж да гэтага закону ставіліся як да інструменту рэпрэсій, якім хацелі асудзіць Езуса на смерць. Калі б яны не былі такімі ўпартымі і азлобленымі, пытанні Езуса пра дабро і зло, а таксама пра згубу і ўратаванне магло б пашырыць іх разуменне Божага закону.
Не заўсёды тое, што справядліва па законе, адначасова справядліва і па любові. Часам любоў да Бога ці да чалавека патрабуе ад нас чагосьці большага, чым выкананне літары закону. Таму Бог, хочучы нас вызваліць з юрыдычнага мінімалізму, запрашае да любові і велікадушнасці.
Ці не бываюць у мяне сітуацыі, калі ў спрэчцы я намагаюся любой цаной даказаць сваю рацыю, нават за кошт прыніжэння іншага чалавека?
Ці гатовы я любіць і чыніць дабра болей, чым таго павінен па нейкіх законах?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Бог дае свой закон для таго, ён каб служыў жыццю, бяспецы і шчасцю чалавека. Але самая важная функцыя закону – стварыць спрыяльную прастору сустрэчы Бога з чалавекам. Калі закон выкарыстоўваюць для нейкіх іншых мэтаў, ён становіцца беззаконнем. Так у часы Езуса фарысеі часам злоўжывалі законам, калі выкарыстоўвалі яго для атакі на чалавека, а не для яго дабра.
Езус - сапраўдны Бог і можа па праву сказаць: “Я - Гаспадар суботы”. Гэта менавіта Бог падарыў людзям закон пра суботу. Каб кожны сёмы дзень чалавек, свабодны ад мітусні, мог прыхінуцца да Яго і адпачыць. Таму, калі вучні знаходзяцца блізка каля Божага Сына, для іх асноўная мэта суботы і так спаўняецца, хоць яны і дасягнулі яе іншым спосабам. Яны сустрэліся з Богам непасрэдна – у Езусе Хрысце.
Для нас, хрысціянаў, мэта святога дня тая ж – сустрэцца з Богам, гэта значыць, з Езусам Хрыстом. Таму святкаванне нядзелі ў ідэале павінна для нас быць не столькі абавязкам, колькі прывілеем і дарам. Святы дзень – гэта калі мы дазваляем Богу накарміць нас хлебам вечнага жыцця.
Ці не выкарыстоўваю я прадпісанні Божага закону або чалавечыя правілы супраць іншага чалавека?
Ці аддаю я дастаткова часу і ці ўкладваю сэрца ў нядзельнае святкаванне Пасхі? 


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Каб глыбей адчуць нейкую страту, людзі здаўна пазбаўлялі сябе розных радасцяў. Рабілі гэта, напрыклад, у жалобе па памерлым, у якасці пакуты за грахі, ці для лепшай падрыхтоўкі да нейкай важнай справы. Рэлігійны ж пост быў скіраваны на тое, каб нават целам адчуць цяжар страты стасункаў з Богам. Чалавек адмаўляўся ад ежы, забаваў ці сексуальных адносінаў, каб ніякія радасці нават не спрабавалі наталіць голад па Богу.
Вучні Езуса слухаюць Яго ў вандроўках і прыглядаюцца да Ягоных адносінаў з Айцом і з людзьмі. Для іх гэта непаўторны прывілей. Яны такім чынам маюць самы непасрэдны доступ да Бога. Прысутнасць Езуса, Сына Божага, з’яўляецца іх найбольшаю радасцю. Тут няма сэнсу пасціць, бо іншыя радасці нават не могуць параўнацца з найвышэйшай радасцю: “Мы знайшлі Месію!”
Калі хтосьці па нейкіх прычынах не бачыць Бога ў сваім жыцці, то пост як адмова ад усяго таго, што можа засланіць сабой Яго, безумоўна, патрэбны.
Ці не спрабую я заглушыць цялеснымі ці эмацыянальнымі «ласункамі» тугу па Богу і вечных каштоўнасцях?
Ці клапачуся я пра святочны настрой духа, ідучы на сустрэчу з Хрыстом ў Эўхарыстыі?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Андрэй ды іншы вучань, пачуўшы словы Яна Хрысціцеля, атрымалі ўпэўненасць, што вось тут праходзіць Месія. А калі гэта сапраўды Месія, то дзеля Яго варта пакінуць нават тое, да чаго ты прызвычаены. Бо Ён – самая вялікая каштоўнасць, Ён варты, каб выбраць менавіта Яго. Гэтыя вучні шчаслівыя, бо яны пазналі Праўду і пайшлі за Ім (пар. Ян 14, 6). Езус адкрывае праўду не толькі пра Бога, але і пра чалавека.
Адным з першых, пра каго Езус адкрыў праўду, быў Сымон. Тоеснасць гэтага чалавека праяўлялася ў розных жыццёвых функцыях – галілеец, рыбак, брат, зяць. У Сымона, вядома, было выпрацавана нейкае меркаванне пра сябе. Але яно не было аб’ектыўным, бо ні ён сам, ні тым больш людзі звонку не бачылі ўсяго Сымонавага патэнцыялу, закладзенага ў ім Богам. Езус глянуў на Сымона Пятра як ніхто іншы, і з дапамогай новага імені трапна акрэсліў яго тоеснасць і пакліканне. Яно аказалася нашмат больш узнёслым, чым усё, што ён уяўляў пра сябе.
На падставе чыіх меркаванняў я будую сваю тоеснасць?
Ці бяру я пад увагу меркаванне Бога пра мяне?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Якія ж кароткія простыя словы: “Ідзі за Мною”, а якая рашучая рэакцыя. Божы дар і імгненнае прыняцце з боку чалавека. Ці ж не было тут ранейшай падрыхтоўкі, чакання, суму па тым, што Божае? Чарговае цудоўнае аздараўленне – Езус вызваляе духа чалавека, прыгнечанага матэрыяй. Левій выражае Езусу сваю ўдзячнасць такім простым людскім спосабам: робіць для Езуса гасціну. Але ёсць там таксама калегі Левія. Езус прагнуў не іх тлустых страваў ці дарагога віна, а іх несмяротных, пакалечаных душаў. Падобным чынам, як не патрэбна Яму была вада самаранкі ці ежа, якую тады прынеслі вучні. Патрэбныя Яму перш за ўсё душы загубленай самаранкі і яе землякоў. Як і не патрэбна Яму было віно ў Кане Галілейскай (Ян 4, 1-42), якое Ён  сам учыніў з вады, як і не патрэбны быў той хлеб на пустыні, які Ён мог атрымаць з камянёў (Мц 4,3).

Пане Езу, я не адважваюся залічваць сябе да праведнікаў, залічваю сябе хутчэй да грэшнікаў: “Няма ніводнага праведніка, бо ўсе зграшылі…” (Рым 3,10). Таму Ты патрэбны мне як Лекар. Залічваючы сябе да грэшнікаў, я непахісна перакананы, што Ты будзеш са мною. Займаючы месца за эўхарыстычным сталом, агледзь мае раны і аздараві іх.

Ля якой “мытні” я часта праседжваю сваё жыццё?

Ці заклік “ідзі за Мной” не заглушаецца дакорамі сумлення, расчараваннямі, няўдачамі?

Да каго я адчуваю сябе найбольш падобным: да мытнікаў, фарысеяў ці Левія?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь

 

 

Фарысеі кажуць праўду, што грахі можа дараваць толькі Бог. Гэтую праблему вырашае толькі вера ў Езуса з Назарэта як Божага Сына. Менавіта ў гэтым кірунку Езус вядзе размову з тагачаснымі сведкамі цуду аздараўлення і гэтага таксама Ён чакае ад нас. Да гэтай веры Хрыстос прыводзіць дзякуючы фізічнаму аздараўленню паралізаванага. Такога аздараўлення чакаў хворы, чакалі чатыры мужчыны, якія неслі яго, чакаў натоўп людзей, сабраных усярэдзіне і звонку дома і, нарэшце, найбольш недаверлівыя фарысеі. І раптам нягледзячы на свае спадзяванні яны чуюць дзіўныя словы: “Дзіця, даруюцца табе грахі твае”. Ці разумеў хворы сваю грэшнасць, а можа, прагнуў аднаго толькі аздараўлення цела, ці таксама і душы – не ведаем гэтага… Але ж дзякуючы прысутнасці Езуса адбыліся дзівосныя навяртанні, як, напрыклад, грэшная жанчына, мытнік Закхей, “добры” злачынца, таму можна зрабіць выснову, што так было і ў гэтым выпадку, калі Сын Божы вызваляе яго з грахоў.

Пане Езу, нямала ў мяне цяжкасцяў, клопатаў, хваробаў, але перш за ўсё я прашу Цябе, каб Ты падрыхтаваў мяне да расставання з маімі грахамі, каб я не трымаўся за іх, а ахвотна пазбаўляўся ад іх. Дзякую Табе, што Ты вызваляеш мяне ад іх і аздараўляеш.

Якія ў мяне прагненні, на што я спадзяюся?

Ці стаўлю я на першае месца прагненне вызвалення з грахоў?

Што, паводле мяне, лягчэй здзейсніць: аздаравіць з фізічнай хваробы ці аздаравіць душу ад грахоў?

Ці ўдзячны я Пану Езусу за тое, што магу хадзіць і насіць свае цяжары?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь