Чалавек, якога звалі “пракажоным”, кім ён быў, якой была гісторыя яго жыцця, адкуль ён быў родам – не ведаем, але можам з упэўненасцю сказаць, што ён вельмі пакутаваў і фізічна, і маральна. Адзін толькі яго выгляд абуджаў агіду, страх, магчыма, напрошвалася пытанне: “чым ён награшыў?”. А што пры гэтым адчуваў Езус? Ён злітаваўся над ім. Святы Францішак Асізскі ў сваім “Тастаменце, зробленым у старасці” піша: “… калі я быў у грахах, выгляд пракажоных быў для мяне горыччу…”, з гэтага можна зрабіць, што ў Божым сэрцы не было агіды, а была літасць, якая выплывае з Любові.

Кожная хвароба вонкава з’яўляецца прыкрым адзеннем, але ўрэшце яна мае свой сэнс, сваю мэту. Яна нагадвае пра першародны грэх, але таксама і паказвае драматычнасць кожнага граху, выгляд якога горшы, чым праказа, бо яго наступствы могуць трываць вечна. Ідэальна, калі да граху мы ставімся, як пракажоны да сваёй хваробы, бо тады Бог “літуецца” і кажа: “Будзь ачышчаны”.

Дух Святы, скажы мне, чым з’яўляецца грэх. Уласнымі чалавечымі сіламі спасцігнуць яго я не магу, калі Ты мяне ў гэтым не пераканаеш. Дазволь мне ўбачыць яго ў правільным святле, каб агіда да яго скрушыла мяне.

Ці ўмею я па-божаму спачуваць хворым, думаючы, што ў пэўным сэнсе яны за мяне нясуць цяжар?

“Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Якім чынам я дапамагаю тым, унутры каго пакутуе Сын Божы?

Чым з’яўляецца для мяне грэх?                      

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».