Асабліваю апекаю Пан Езус ахінае людзей, якія пакутуюць ад розных хваробаў і зняволення злымі духамі. Таму людзі “прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апантаных”. Езус вылечвае, бо Ягонае Валадарства будзе канчаткова вечным Валадарствам радасці і супакою. Збаўца не дазваляе злу нават адзывацца: “не дазваляў злым духам казаць”. Што яны маглі гаварыць і што спрабавалі казаць? Былі гэта вядомыя заклікі: “чаго хочаш ад нас…”, “ведаем хто Ты”, “Ты прыйшоў загубіць нас”, “пакінь нас у спакоі”, “хочам жыць як жылі” і іншыя падобныя словы. На жаль, такога кшталту тэндэнцыі моцна адчуваюцца ў сучасным свеце, між іншым, у розных формах лібералізму, для якога характэрная талерантнасць да справаў злога духа. Таму ён можа спакойна падманваць чалавека наконт істотных справаў вечнага збаўлення душы.

Як вучні Хрыста мы павінны будзем прыняць адпаведную пазіцыю. Перш за ўсё мы не можам баяцца, мы павінны ў супакоі прадстаўляць сваю пазіцыю. Аднак нам трэба быць чыстымі маральна, каб станавіцца годнымі даверу і моцнымі ў барацьбе са злом. Пан Езус паказвае нам сродак нашага ўзмацнення: “устаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся”. Такім чынам, малітва – нашая сіла і святло.

Учыні, Пане, каб сярод штодзённай мітусні я мог выходзіць у “пустыннае месца”, у Тваю пустынную прастору, каб маліцца. Учыні, каб я мог быць з Богам, як Ты быў з Айцом у Духу Святым. Дай мне моц і супакой супраць сілаў зла, як знешніх, так і ўнутраных.

Як уплывае на мяне злы шум сучаснага свету, ці вучуся я сутыкацца з ім Божай моцаю?

Якім чынам і з якімі перажываннямі я прамаўляю словы: “Прыйдзі Валадарства Тваё”?

Што азначаюць для мяне словы: “пустыннае месца” і “малітва”?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».