У гэтым фрагменце Евангелля можна заўважыць дзве рэчаіснасці: першая – Божая, з Езусам і Ягоным моцным, адназначным, вучэннем, другая – крыклівы і растрапятаны нячысты дух. Падыход Езуса рашучы, моцны, без ніякіх кампрамісаў: “Змоўкні і выйдзі з яго”. Вынікі ёсць адразу - пашыраецца Божае Валадарства, чалавек вызвалены ад злога. Існуе мноства дэманаў, якія, на жаль, намагаюцца ўціснуцца ў нашае асабістае жыццё, або ўжо ўціснуліся. Пазіцыя Езуса тая ж самая, пра якую пачуў нядаўна памерлы кс. Густаў Курт: “Няхай змоўкнуць у табе дэманы, імя якіх: пыха, прагненне ўлады, дух перавагі над іншымі, агрэсія, разнастайныя формы эратызму, якія азмрочваюць розум і робяць жорсткім сэрца…” (“Любите друг друга”№ 2(10) 2016, стар. 18). Такая пазіцыя Езуса часта адрозніваецца ад нашай, чалавечай пазіцыі і блакіруе Божыя планы. Напрыклад, замест “маўчы”, нашая чалавечая натура спадзяецца: “няхай штосьці скажа, гэта ж так цікава”; замест “выйдзі з яго”, гучыць: “пазней, не зараз”. Але Езус настолькі добры, што заўсёды гатовы дзейнічаць, адразу пасля таго, як мы змяняем меркаванне.

Езу, дай мне свайго Духа, напоўні мяне супакоем, учыні, каб змоўклі ўва мне агрэсіўныя, злыя духі. Учыні, каб я не ўваходзіў у дыялог з імі, а толькі з Табою размаўляў. Дай, каб я распраўляўся з імі рашуча, тут і зараз, а не потым ці заўтра.

Ці баюся я злога духа, калі я з Панам Езусам, Які мае вялікую моц?

Ці не нудзіць мяне цішыня, ці з’яўляецца яна для мяне прастораю маёй сустрэчы з Богам?

Дрэнныя думкі, прагненні, эмоцыі… Ці рашучы я ў адносінах да іх, або, наадварот, ліберальны?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».