“Наблізілася Валадарства Божае”, наколькі ж моцную надзею могуць абуджаць гэтыя словы. Вось страчаны старазапаветны рай становіцца так неверагодна блізкім. Аднак жа рэчаіснасць Божага Валадарства чакае ад нас дваякай пазіцыі: волі адвярнуцца ад таго, што Божым Валадарствам не з’яўляецца, звяртаючыся да яго сапраўдных каштоўнасцяў, а таксама пазіцыі веры, якой супярэчыць сумненне і адкладанне на потым. Такую рашучую пазіцыю і адкрытасць на Божае Валадарства прадстаўляюць пакліканыя Езусам браты.

Варта заўважыць, што Пан Езус не ігнаруе таго, што чалавечае, зямное. Прафесія рыбака – не перашкода ў працы для неба: “Адгэтуль будзеш лавіць людзей”. Набытыя людскія навыкі набываюць новую якасць, вышэйшую мэту, набываюць новую вартасць, якая “не праміне”.

Пане Езу, я хацеў бы нанава перажыць і ўсвядоміць сабе, што гэта азначае, што Валадарства Божае блізка. Каб я на гэтую ісціну правільна рэагаваў – адпаведным навяртаннем і палымянаю верай.

Як выглядае ў маім жыцці еднасць паміж штодзённымі высілкамі, прафесійнай дзейнасцю і справамі Божага Валадарства?

Якія пачуцці абуджае ўва мне заклік “навяртайцеся”?

Ці выказваю я гатоўнасць у розных акалічнасцях маёй штодзённасці падпарадкоўваць свае прыватныя планы патрабаванням агульнага дабра?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».