Якія ж яны былі блізкія адзін да другога: Езус з Назарэта і Ян Хрысціцель, якія былі злучаныя повяззю сваяцтва і мелі той самы ўзрост. Але якое ж здзіўленне выклікаюць у гэтым кантэксце словы св. Яна: “…я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях”, Ян ведае, што Езус – Сын Божы. Уваходзім у пачуццё сакральнасці, чагосьці святога. Езус ужо ахрысціў святога Яна Духам Святым падчас той дзівоснай сустрэчы Марыі і Альжбеты. Якія ж блізкія тут словы захаплення св. Францішка Асізскага: “Хто Ты такі, Пане?! А хто я такі?”. Гэтае малітоўнае здзіўленне вядзе мяне да адкрыцця ісціны пра Бога і пра чалавека. Ісціна гэтая збаўляе, аздараўляе і фармуе новага чалавека.

Вершы 9-11 уводзяць нас у яшчэ больш інтэнсіўнае здзіўленне, бо вось новая Незвычайная Постаць прымае ад Яна хрост як звычайны смяротны, прымаючы на сябе людзкія грахі. Такім чынам “умілаваны Сын Айца” становіцца пакутуючым за чалавецтва Слугою Пана (Іс 42, 1).

Езу, Сыне Бога Жывога, як жа моцна Ты здзіўляеш мяне, не магу спасцігнуць Тваю веліч, Тваё неверагоднае прыніжэнне. Уваходзячы ў ваду, Ты мяне ў яе ўводзіш, ачышчаючы і прыводзячы да мяне Духа Святога. Будзь услаўлены за таямніцу вызвалення падчас святога хросту і за дар Святога Духа.

Ці адчуваю я ў сваім сэрцы ўдзячнасць за дар святога хросту і ці дзякую за гэты асноўны сакрамэнт?

Ці спрабую я захапіцца веліччу Бога ў Езусе Хрысце?

Якім чынам самапрыніжэнне Езуса Хрыста фармуе маё мысленне?

Бр. Тадэвуш Кавальскі OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».