Цярпенне і смерць. Дзве рэчаіснасці, прысутныя ў чалавечым жыцці. Дзве рэчаіснасці, сэнс якіх чалавеку вельмі цяжка зразумець. Сёння мы бачым прыклад жанчыны і кіраўніка сінагогі. Абое перажываюць у сваім жыцці цярпенне з-за хваробы, якая ў большай ці меншай ступені закранае іх. І ў першым, і ў другім выпадку аздараўленне - гэта, перш за ўсё, вынік іх уласнай веры.
Часам нам здаецца немагчымым  пераадолець нашыя праблемы. Хвароба і цярпенне настолькі ўваходзяць у нашае жыццё, што чалавек ужо не верыць у добры канец. Ён настолькі засяроджваецца на праблеме і на тым, як яе вырашыць, што забываецца на Бога, Які побач з ім. Вера, сапраўдная надзея ў тое, што Бог трымае нашае жыцце ў сваіх далонях, можа змяніць усё. І нават не маецца тут на ўвазе пазбаўленне чалавека цярпенняў ці аздараўленне. Перш за ўсё вера дае магчымасць зразумець, навошта ў маім жыцці ёсць цярпенне. Зразумець, што цярпенне - гэта таксама пэўны час, каб нанава адкрыць Бога і сябе самога.
Наколькі моцная мая вера ў тое, што Бог апякуецца мною?
Ці магу я таксама праслаўляць майго Бога ў цярпенні так, як і ў радасці?


Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».