У свята навяртання святога апостала Паўла варта звярнуць увагу на першае чытанне, якое расказвае нам пра пераломны момант у яго жыцці. Адбыўся ён пасля забойства святога Стэфана і, як заўважае аўтар, Саўл (тады так звалі св. Паўла) жыў пагрозамі і забойствамі ў адносінах да хрысціянаў. Тое, што з Паўлам адбылося, ён сам каментуе некалькі разоў у пасланні да карынцянаў (1 Кар 9, 1; 15, 3-8). Св. Павел кажа, што “бачыў Пана” (1 Кар 9, 1), праз што падкрэслівае сваю сувязь са сведкамі ўваскрослага Хрыста: Марыяй Магдаленай, апосталамі, якія атрымалі ласку бачыць Пана. У момант навяртання бачанне Саўла не было фізічным, гэта была асабістая сустрэча, якая дазволіла будучаму Апосталу народаў убачыць праўду пра сваё жыццё. У гэтай сустрэчы адбыўся гвалтоўны пераварот каштоўнасцяў, які паўплываў на далейшую апостальскую дзейнасць. Духоўнае вымярэнне сустрэчы пацвярджае і тое, што Саўл не бачыў фізічна (“я перастаў бачыць ад бляску таго святла”).

Асабістая сустрэча з уваскрослым Панам фармуе ў св. Паўлу перакананне, што Той, Які быў укрыжаваны пры Понцію Пілаце, жывы. Досвед прысутнасці Уваскрослага вядзе яго да навяртання і канчатковай перамены свайго жыцця. Памірае ў Саўле сляпая нянавісць і помста, а нараджаецца бачанне ў Духу, плодам якога ёсць: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 22). З гэтага моманту Саўл становіцца старанным сведкам Хрыста, які сведчыць,  абапіраючыся не на нейкую мудрасць, а на асабістае аб’яўленне Хрыста.

Ці адбыўся ў тваім жыцці момант перавароту ўласных каштоўнасцяў пасля сустрэчы з Хрыстом?

Да чаго Хрыстус кліча цябе цяпер?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».