Існаваў у старажытных габрэяў звычай, які абараняў чалавека і яго маёмасць ад небяспекі прысваення чужымі людзьмі. Калі хтосьці трапляў у цяжкія даўгі і быў змушаны прадаць сваю маёмасць або калі хтосьці паміраў, пакідаючы пасля сябе базабаронную ўдаву, змушаную прадаць маёмасць мужа, то яго бліжэйшы сваяк павінен быў выкупіць гэтую маёмасць і паклапаціцца пра ўдаву. Калі ж не хацеў або не мог зрабіць гэтага, тады далейшы сваяк сімвалічна здымаў з яго сандаль і такім чынам першынство выкупу браў на сябе (Гл. Рут 4, 7) “Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных”, – гэтымі словамі Ян Хрысціцель сімвалічна акрэсліў сваю ролю ў адкупленні людзей ад граху і ролю Езуса. Ян тлумачыць сваім суразмоўцам, што ён не варты таго, каб прымаць на сябе функцыю Адкупіцеля Ізраэля, бо першынство выкуплення належыць Ягняці Божаму, Які прыйдзе на Ярдан заўтра (Ян 1,29).

Мудрасць і пакора Яна Хрысціцеля патрэбна таксама і нам тады, калі хочацца любой цаной выратаваць свет ці прынамсі сваіх блізкіх ад розных зняволенняў. Але часцей за ўсё мы бачым сваё бяссілле. Тады застаецца толькі гэта - заклікаць да дабра, маліцца і нават пасціцца, каб ў сэрцы былі Божы спакой і надзея – як у Яна Хрысціцеля. Бог – Адкупіцель, а я - толькі голас.
Ці не бяру я на сябе празмерную адказнасць за асабістыя жыццёвыя выбары іншых людзей? Ці хапае мне пакоры і адвагі даручаць сваіх блізкіх Езусу Адкупіцелю?

Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Ян Хрысціцель верна выконваў сваю місію - прарочым словам заклікаў людзей да навяртання. Затым ён хрысціў - гэта значыць, абмываў іх ад бруду папярэдняга жыцця і рыхтаваў да новага жыцця. Янаў хрост ачышчаў розум і душу чалавека ад грахоўнага менталітэту, але не даваў той унутранай моцы, каб жыць па-новаму. Для гэтага патрэбны хрост Духам Святым. А такі хрост можа ўдзяліць толькі Той, хто сам памазаны гэтым жа Духам. Ян разумеў, што ягонага хросту вадою не дастаткова для поўні жыцця ў Богу, і таму вельмі чакаў прыходу Месіі.

Цяпер жа спаўняецца Яго чаканне: Езус, нібы ціхае Ягнё, стаіць ужо незаўважна сярод свайго народу на беразе Ярдану. Місія Яна завяршаецца. Ён паказвае людзям сапраўднага Пана і адпускае іх да Яго. Для Яна Хрысціцеля гэта момант супакою, бо прыйшоў Той, Які мацнейшы, Ён дапоўніць усё, чаго не хапала.

Ідучы па жыцці і пераходзячы з аднаго этапу на іншы, мы можам спазнаваць як радасць паўнаты, так і нейкі недахоп. Усведамляючы тое, што толькі Бог можа ўчыніць усё ідэальна і ў паўнаце, для нас надыходзіць момант супакою. Гэта Ён сапраўдны Пан і Збаўца.

У чым я шукаю супакой, калі нягледзячы на ўсе старанні разумею сваю недасканаласць?

Ці адпусціў я папярэднія этапы свайго жыцця і ці аддаў іх у рукі Бога?

Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Калі нас хтосьці прываблівае і ўзнікае жаданне зблізіцца з гэтым чалавекам - стаць яму сябрам або братам, - тады не дастаткова проста ведаць, дзе ён жыве або што ў яго ёсць. Добра і хораша, калі цікавяць нас не столькі даброты, якія можам атрымаць ад гэтага чалавека, колькі ён сам. Для сапраўднай роднаснасці душаў трэба таксама ведаць чым гэты чалавек жыве, што яго радуе, што яму баліць, аб чым ён марыць, што больш за ўсё цэніць.

Ян Хрысціцель паказаў сваім вучням Ягнё Божае – Месію. Гэта іх настолькі прывабіла і зацікавіла, што яны пайшлі за Ім. Найперш Езус пытаецца ў вучняў: “Чаго шукаеце?”. Гэтае пытанне павінна выявіць іх сапраўдныя намеры: што яны хочуць атрымаць ад Езуса? Але які ж прыгожы адказ даюць на гэтае пытанне Янавы вучні! У сустрэчным пытанні: “Дзе жывеш?” - гаворка ідзе не толькі пра месца жыхарства, яны гэтым пытаннем нібыта кажуць: “Мы хочам ведаць, чым Ты, Настаўнік, жывеш. Мы хочам зразумець, якой руплівасцю Ты прасякнуты”. Калі ж вучні пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, то захацелі падзяліцца з іншымі сваім захапленнем. Так пачала ўтварацца супольнасць тых, каму цікава, дзе жыве Езус.

Наколькі глыбокія мае адносіны з Езусам?

Ці ведаю я, што радуе, а што засмучае Яго Найсвяцейшае Сэрца?

Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

Ізраэль – “той, які змагаўся з Богам”. Такое новае імя атрымаў пасля цяжкай духоўнай барацьбы Якуб – адзін з родапачынальнікаў абранага народу (Быц 32, 28-30). Ён змагаўся з Богам, каб атрымаць Яго благаслаўленне. “Сапраўдны ізраільцянін” – так называе Натанаэля Езус. Магчыма, Ён называе яго так таму, што пад таямнічаю смакоўніцаю адзін толькі Бог бачыў нейкае Натанаэлева змаганне. Магчыма, Езус сваімі Божымі вачыма бачыў не толькі змаганне Натанаэля, але і ягонае пачуццё адзіноты. Гэта і растапіла ў сэрцы Натанаэля пачатковы лёд недаверу.
Калі дзесьці ўнутры сябе з мы з нечым змагаемся, то часта навакольныя людзі гэтага не бачаць і не разумеюць, таму гэта можа стаць прычынаю пачуцця адзіноты. Бог жа ўсё бачыць і разумее, нават тое, што закрыта прад людзьмі. Калі запрасіць Збаўцу “пад сваю смакоўніцу”, ў сваю нябачную для іншых барацьбу, Ён адкрые яшчэ большыя таямніцы: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага”
Якую духоўную барацьбу вяду я? Супраць сваіх грахоў і слабасцяў? Можа, я змагаюся ў пошуках благаслаўлення на свае жыццёвыя праекты?
Ці не пазбягаю я духоўнай барацьбы з-за пачуцця адзіноты? Ці не з’яўляюся я мінімалістам у сваім духоўным жыцці?


Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь

 

 

“І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе”. О Божая Міласэрнасць, якая ніколі не забудзецца пра таго, каму патрэбная! Бо яна заўжды гатовая прыняць таго, хто вяртаецца да Бога… І вось – сказана – зорка. Мудрацы павярнулі да Ірада, згубілі зорку. Тыя, хто адпадае, адыходзіць да д’ябла, да смяротнага граху, - губляюць ласку. Але тыя ж, хто адыходзіць ад злога, зноў знаходзяць ласку, якую яны раней згубілі.

“І вось зорка ішла перад імі”. Пра тое ж гаворыцца і ў Кнізе Зыходу: “Пан ішоў прад імі днём у воблачным слупе, каб паказаць дарогу, а ноччу ў слупе агню, каб свяціць ім, каб быў правадыр у дарозе днём і ноччу” (Зых 13, 21)

“Пакуль не прыйшла і не стала над месцам, дзе было Дзіця”. Вось канец працы, завяршэнне шляху, радасць таго, хто робіць адкрыццё, знаходка таго, што шукаў. Дык узрадуецца ж сэрца тых, хто шукаў Цябе, Езу; а калі [радуецца сэрца] тых, хто шукае, то тым больш [узрадуецца сэрца] тых, “хто знайшоў” (пар. Пс 105 [104], 3). Зорка ідзе прад імі, слуп ідзе прад імі. Зорка паказвае шлях да калыскі Збаўцы, а слуп – да Зямлі Абяцанай, дзе ліецца мёд Божай сутнасці і малако людской [прысутнасці]. Дык спяшайся ж за зоркай, кроч за слупом, бо яны вядуць цябе ў жыццё. Папрацуеш крыху - і дасягнеш хутка і здабудзеш тое, чаго прагнуць сабе святыя і тое, чым радуюцца анёлы.

Святы Антоній Падуанскі. In Epiphania Domini.

 

У якіх асобах, падзеях ці іншых знаках я бачу ў сваім жыцці Божае спадарожніцтва?
У якім абліччы сёння мне аб’яўляецца Бог? Якія духоўныя дары я Яму прыношу?