ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 1, 40–45

Праказа сышла з яго, і ён стаў чысты 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.

Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.

Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

Гэта слова Пана.

Catholic.by 

У чытанні з Кнігі Левіта апавядаецца пра цяжкі лёс людзей, якія захварэлі на праказу. Такія людзі вельмі часта адчувалі не толькі фізічны боль, але таксама і духоўны. З таго моманту, калі святар сцвярджаў, што чалавек захварэў на праказу, хворы павінен быў знаходзіцца ў ізаляцыі ад сваіх родных, сяброў і знаёмых ажно да таго часу, пакуль не выздаравее. Беручы пад увагу тое, на якім узроўні ў старажытнасці была медыцына, можна з упэўненасцю сказаць, што такія хворыя былі змушаныя доўгі час цярпець разам з фізічным болем духоўны боль ад расстання са сваімі роднымі і блізкімі. У Кнізе Левіта чытаем такія словы: «Ён будзе нячысты ўвесь час, пакуль будзе на ім язва; ён нячысты. Будзе жыць асобна, і жыллё ягонае па-за лагерам». Адзінай надзеяй для такіх людзей было чаканне цуду, які мог учыніць Бог. Цуду, пра які ідзе гаворка ў сённяшнім чытанні з Евангелля паводле Марка.

У сучасным свеце дзякуючы навуцы медыкі навучыліся лячыць вельмі многія хваробы, якія былі невылечнымі ў старажытнасці. Аднак да гэтага часу існуе і, на жаль, распаўсюджваецца духоўная праказа. Распазнаць яе можа дапамагчы святар, але вылечыць яе можа толькі Бог. Іншага сродку ад гэтай хваробы няма. Нячысты дух, добра ведаючы гэта і жадаючы адвярнуць чалавека ад Бога, прапануе яму іншыя варыянты аздараўлення: псіхатэрапія, усходнія духоўныя практыкі. Нярэдка тое, што прапануюць сучасныя псіхолагі, не мае нічога супольнага з Божымі запаведзямі, бо часам у імя так званай «свабоды» яны заклікаюць парушыць наказы Бога. Касцёл увесь час навучае, што сапраўды свабодным чалавек можа быць толькі з Богам. Менавіта дзеля гэтай свабоды Збаўца прыйшоў у свет і аддаў за нас сваё жыццё.

Усходнія практыкі і медытацыі, якія нібыта вядуць да дасягнення дасканаласці, вельмі часта пераацэньваюць магчымасці чалавека, моцна аслабленага першародным грахом. Тым часам да сапраўднай дасканаласці чалавек можа прыйсці толькі пры дапамозе Божай ласкі.

Як у медыцыне вельмі важна зразумець прычыну хваробы, каб яе эфектыўна вылечыць, так і ў выпадку з духоўнай праказаю вельмі важна зразумець, што яе прычына — у граху і ў тым, хто не перастае актыўна спакушаць чалавека. Толькі пакорны чалавек, які спадзяецца не на дасягненні чалавецтва, а на Божую ласку, можа зразумець гэта і атрымаць аздараўленне ад духоўнай праказы.

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 8, 11–13

Гэтае пакаленне патрабуе знаку? 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Езусам, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго. Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму. 

Пасля Ён пакінуў іх, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Апостал Якуб заклікае нас да таго, чаго вельмі не хапае ў сучасным свеце — да цярплівасці. Мы вельмі часта можам назіраць гэта і ў жыцці дарослых людзей, якія хочуць мець усё і адразу, і ў жыцці дзяцей. Не толькі за мяжой, але і ў нашай краіне стала своеасабліваю модай мець у сям’і толькі адно дзіця. І вельмі часта ўжо з дзяцінства бацькі стараюцца захаваць яго ад розных выпрабаванняў, у тым ліку ад выпрабаванняў веры, пра якія піша апостал Якуб у сваім Пасланні. Бацькі часта кажуць, што калі ў жыцці дзіцяці будзе нейкае выпрабаванне, то яны самі вырашаць праблему; спасылаюцца на тое, што дзіця яшчэ малое і яму зарана браць на свае плечы такія цяжкасці; маўляў, калі будзе дарослым, тады няхай і змагаецца з перашкодамі; кажуць, што на яго век яшчэ хопіць выпрабаванняў.

Бацькі павінны ўсвядоміць: гэтак жа, як дзіця не можа ўсе школьныя гады хадзіць у першы клас, так яно не можа паўнавартасна развівацца духоўна і псіхалагічна, калі яго будуць агароджваць ад усіх выпрабаванняў і патрабаванняў. Гэта падобна на барацьбу з інфекцыйнымі захворваннямі: калі арганізм чалавека ўвесь час знаходзіцца ў стэрыльным асяроддзі, калі ён не прывучаны змагацца з пагрозай, то нават самая слабая інфекцыя можа прывесці да сур’ёзнай хваробы.

Пра сучаснага чалавека, які вельмі часта стараецца пазбегнуць выпрабаванняў і патрабаванняў, кажуць, што гэта чалавек аднаго дня. Гэта значыць, што такі чалавек пры ўзнікненні цяжкасцяў паводзіць сябе, як дзіця, што яму не хапае сталасці. А прычына ў тым, што яму не хапае мудрасці. Як жа чалавеку можа хапаць мудрасці, калі ён шукае яе дзе заўгодна — толькі не ў Бога. Таму апостал Якуб кажа не толькі сваім сучаснікам, але і нам, людзям ХХІ стагоддзя: «Калі некаму з вас не стае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму».

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

 

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 8, 14–21

Сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чаўне толькі адзін бохан хлеба. Тады Езус загадаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада. А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба.

Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: Чаму разважаеце, што не маеце хлеба?  Няўжо не заўважаеце і не разумееце? Ці яшчэ зацвярдзелыя сэрцы вашы? Маеце вочы, і не бачыце; маеце вушы, і не чуеце? Ці не памятаеце, калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Яны адказалі Яму: Дванаццаць.

А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы? Адказалі Яму: Сем. І сказаў ім: Усё яшчэ не разумееце?

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Апостал Якуб у сённяшнім чытанні дапамагае зразумець, чым з’яўляецца сапраўднае шчасце для хрысціяніна. Чалавек вельмі часта разважае і нават марыць аб шчасці. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо мы створаныя, каб быць шчаслівымі. Нельга сцвярджаць, што пасля першароднага граху чалавеку засталося толькі марыць аб шчасці, хоць чалавек сапраўды ўчыніў вельмі дрэнна і неразумна, не паслухаўшы загаду Бога не есці плоду з дрэва пазнання дабра і зла, таму што гэта вяло да пазнання смерці. Нягледзячы на грэх непаслухмянасці першых людзей, які вельмі моцна аддаліў чалавека ад Бога, Створца ў сваёй бясконцай міласэрнасці і любові дае кожнаму чалавеку другі шанец.

Вельмі часта, калі Бог спасылае выпрабаванні, Ён робіць гэта для таго, каб чалавек усвядоміў свой эгаізм, свае слабасці і недахопы. Гэтак жа было з апосталам Пятром, які абяцаў Хрысту, што нават калі ўсе здрадзяць і пакінуць Езуса, то ён застанееца з Ім. І, напэўна, Пётр быў перакананы ў сваіх словах. Але ніхто не ведае чалавека так добра, як Створца. Таму Хрыстус сказаў Пятру, што певень тры разы не паспее праспяваць, як той адрачэцца ад Яго.

Сёння апостал Якуб, які ведаў пра здраду Пятра і які сам, як большасць Апосталаў, уцёк з-пад крыжа, дае зразумець, што выпрабаванні даюцца не для таго, каб зламаць альбо знішчыць чалавека, а для таго, каб ачысціць яго і загартаваць у змаганні з тым, што паходзіць ад нячыстага духа.

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 1–6. 16–18

Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. 

Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. 

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by

На пачатку Вялікага посту Бог заклікае нас змяніць сваё жыццё. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сказана, што ў час Вялікага посту мы павінны ўстрымлівацца і ад пэўнай ежы, і ад гучных забаваў.

У жыцці кожнага чалавека ёсць перыяды падрыхтоўкі. Напрыклад, час вучобы ў школе, дзе чалавек не толькі вучыцца чытаць і пісаць, але і пазнае свет. Вышэйшыя навучальныя ўстановы дапамагаюць больш дасканала пазнаць навуку, каб потым, чэрпаючы з атрыманых ведаў, чалавек мог добра выконваць сваю працу і служыць іншым людзям.

Перыяд посту — гэта таксама час падрыхтоўкі да вельмі важнай падзеі ў жыцці хрысціян — урачыстасці Уваскрасення Пана. Немагчыма радавацца з Хрыстом уваскрослым, калі ты не прайшоў разам з Ім Крыжовы шлях.

Хрыстус заклікае нас, каб тое, што мы робім падчас посту, чынілася не напаказ, а з любові да Бога. Вельмі важна ўсведамляць, што Бог усё бачыць, і імкнуцца — наколькі гэта магчыма — адплачваць Хрысту любоўю за любоў і ўдзячнасцю за Ахвяру, праз якую Сын Божы паяднаў нас з Нябесным Айцом.

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 22 — 25

Хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе самога загубіць ці пашкодзіць сабе?

Гэта слова Пана.

Catholic.by

За некалькі тысяч год да таго, як Бог паклікаў прарокаў і спаслаў чалавецтву Збаўцу, Ён праз Майсея прамовіў да выбранага народа словамі, актуальнымі і ў нашыя дні. У Кнізе Другазаконня гаворыцца пра тое, што кожны чалавек мае права выбару. Майсей сказаў габрэям: «…Я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло». Чалавек сам вырашае, па якім шляху ісці. Найважнейшае ў нашым жыцці — зрабіць правільны выбар, гэта значыць, выбраць Бога і ўсё тое, што Ён дае для нашага збаўлення.

Майсей таксама звяртае ўвагу на час, у якім ажыццяўляецца гэты выбар, і ўжывае слова «сёння». Гэта значыць, што свой выбар мы павінны рабіць тут і цяпер, не адкладваючы на потым, на некалькі тыдняў альбо нават гадоў.

У хрысціянскім жыцці гэты выбар датычыць удзелу ў святой Імшы, ў споведзі і іншых сакрамэнтах, чытання Святога Пісання, духоўнай літаратуры, выканання добрых спраў…

Бацькі вельмі часта яшчэ да нараджэння дзіцяці думаюць пра тое, як выбраць добры раддом, каб роды прайшлі добра, без ускладненняў. Калі дзіця народзіцца, клапоцяцца пра добры садок, у якім можна атрымаць добрую падрыхтоўку да школы. Калі дзіця вучыцца ўжо ў старэйшых класах, дбаюць пра добрых рэпетытараў, каб сын або дачка паступілі ва ўніверсітэт і, атрымаўшы адукацыю, маглі ўладкавацца на добрую працу з высокаю зарплатай. І гэта правільна. Але што датычыць духоўнай адукацыі, то вельмі часта яна заканчваецца пасля першай споведзі і Першай Камуніі. Добрая адукацыя адкрывае перад чалавекам самыя разнастайныя магчымасці ў гэтым свеце. А развіццё духоўнасці адкрывае перад чалавекам брамы Нябеснага Валадарства. Таму, гаворачы пра добры выбар, які бацькі могуць учыніць дзеля сваіх дзяцей, мы заклікаем: «Не будзьце бяздушнымі да душаў вашых дзяцей».

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 14–15

Калі будзе забраны ад іх малады, тады будуць пасціць 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць? 

А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць пасціць.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Прарок Ісая вельмі добра тлумачыць чалавеку тое, у чым заключаецца сэнс посту і як пост павінен дапамагаць чалавеку змяняць сваё жыццё. Многія народы, якія не ведалі сапраўднага Бога, прадчувалі, што Бог ёсць, таму што пачуццё Бога закладзена ў натуры чалавека. Яны надзялялі выдуманых багоў якасцямі, характэрнымі для чалавека. Таму лічылі, што з богам можна дамовіцца, падкупіць яго і нават падмануць.

Прарок Ісая тлумачыць народу, што сапраўднага, адзінага Бога немагчыма падкупіць ахвярамі і нават постам. Тым людзям, якія хочуць ісці за сапраўдным Богам, пост і ахвяра павінны служыць для перамены жыцця. Дзякуючы посту і малітве хрысціянін зможа перамагчы тое, што аддаляе нас ад Бога, а таксама глыбей усвядоміць, што ўсе людзі створаныя паводле вобразу і падабенства Божага.

Адна з галоўных мэтаў посту — даць чалавеку зразумець, што неабходна дапамагаць іншым людзям, асабліва прыгнечаным і абяздоленым. Дзякуючы шчыраму посту і малітве мы можам бачыць Хрыста ў іншым чалавеку і жыць паводле наказу Збаўцы: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі»

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 5, 27–32

Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім. 

І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у доме сваім. А было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі. Фарысеі ж і кніжнікі наракалі і казалі вучням Ягоным: Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?

А Езус сказаў ім у адказ: Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Чытаючы Біблію — як Новы, так і Стары Запаветы, — мы вельмі часта можам заўважыць: калі трэба зрабіць выбар у нейкай важнай справе, чалавек і Бог робяць яго па-рознаму. Гэта яшчэ адзін доказ таго, что Створца нашмат лепш ведае сваё стварэнне, чым чалавек — сам сябе. У Евангеллі Хрыстус кажа, што чалавек яшчэ не паспее падумаць, а Бог ужо ведае, што яму трэба. Той выбар, які робіць Бог, часам здзіўляе чалавека, як гэта было ў выпадку з Давідам, калі Бог выбраў яго на караля Ізраэля.

Выбар, які зрабіў Хрыстус, калі паклікаў апостала Паўла, цяжка было зразумець нават многім хрысціянам, бо яны ведалі Паўла як таго, хто іх жорстка пераследаваў. Ніхто, акрамя Сына Божага, не мог так глыбока зазірнуць у душу Паўла і ўбачыць у ёй таго, хто потым будзе названы Апосталам язычнікаў і Апосталам народаў.

Сёння ў Евангеллі паводле святога Лукі мы чулі пра пакліканне мытніка па імені Левій. Вельмі здзіўляе той факт, што чалавек, які матэрыяльна быў вельмі добра забяспечаны, на словы Езуса «Ідзі за Мною» пакідае ўсё, каб сапраўды пайсці за Хрыстом.

Вось адказ на пытанне чалавека пра тое, як знайсці шчасце. Па-сапраўднаму шчаслівымі мы можам быць толькі з Тым, Хто стварыў нас для шчасця.

Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 1, 12–15

Сатана выпрабоўваў Езуса, і Анёлы служылі Яму

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Наш Бог – гэта Бог блізкі і прамаўляе да нас з дапамогай слоў, знакаў і сімвалаў блізкіх нашай штодзённасці. У першую нядзелю Вялікага Посту, калі распачынаем нашу саракадзённую вандроўку да аднаўлення адносін з Богам, такімі знакакамі становяцца вада і вясёлка на небе.

У дажджлівыя дні ў многіх пагаршаецца настрой, шматлікія людзкія актыўнасці ўскладняюцца і нават спыняюцца з-за зацяжнога дажджу. Радасць вяртаецца, калі сонца нарэшце праб’ецца праз заслону хмараў. Часта менавіта тады можна ўбачыць прыгожую з’яву вясёлкі, якая ўтвараецца ў выніку рашчаплення прамянёў святла ў кропельках дажджу. Для гэтага неабходны тры рэчы: Сонца, якое ёсць заўсёды, хоць часамі схавана за хмарамі. Дажджавыя хмары і вецер, які гэтыя хмары разгоніць. Для нас гэта адлюстраванне рэчаіснасці веры: Бог ёсць, хоць часам Яго не заўважаем заслепленыя грахом. Бог дасягае нас сваёй ласкай быццам сонца сваімі прамянямі праз хмары. Адбываецца гэта перш за ўсё ў сакрамэнце хросту, калі праз ваду ўваходзім у святло ласкі і становімся Божымі дзецьмі. Дух Святы як вецер, які разганяе хмары, уводзіць нас у новае, гарманічнае жыццё супакою і радасці.

Дазволім жа Духу Святому весці нас праз гэтыя сорак дзён посту, каб мы крочылі за Езусам і спазнавалі Божыя шляхі. Не будзем жа больш людзьмі патопу – граху, а прымаючы на сябе высілак навяртання, будзем з Божай ласкай станавіцца людзьмі сонца – Хрыста.

Ці здольны я захапляцца хараством прыроды, якая з’яўляецца знакам Божай любові да мяне?

З якімі грахамі, недахопамі я прымаю рашэнне змагацца падчас сёлетняга Вялікага Посту, каб яны мне ўжо не засланялі Бога і поўні жыцця ў Ім?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 25, 31–46

Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. 

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. 

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; 
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне; 
быў голы, і вы апранулі Мяне; 
быў хворы, і вы адведалі Мяне; 
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? 

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; 
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне; 
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?  

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Жыццё па-хрысціянску можна акрэсліць, з вялікім спрашчэннем, як жыццё паволе Божых запаведзяў. Першае чытанне паглыбляе наша разуменне дзесяці запаведзяў, а таксама ясна паказвае, што нават пасля столькіх стагоддзяў людзі па-ранейшаму не схільныя гэтыя запаведзі захоўваць. Ці ж мала вакол нас хлусні, махлярстваў, выкарыстання, затрымання належнай працаўнікам платы, прыніжэння слабых, несправядлівых судоў, паклёпаў паміж сваякамі, нянавісці і помсты? Рэцэптам супраць гэтага зла з’яўляецца прынцып: любі бліжняга, як сябе самога. Гэта заахвочванне, каб перш чым выйдзе з нашых вуснаў слова, перш чым здзейснім задуманы ўчынак, трэба задумацца, якія гэта будзе мець наступствы для іншых. Гэта добра апісваецца прымаўкай: “пабываць у чыёйсьці скуры”. Памятайма, што гэта запаведзь са Старога Запавету. Езус прынёс нам новую запаведзь. Ён праз уцелаўленне прыняў людзкую натуру і “увайшоў у скуру” кожнага чалавека. “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Гэта заклік да большай адказнасці. Абавязвае нас ужо не толькі прынцым “не крыўдзіць”, але таксама “чыніць дабро”. Езус у кожным чалавеку, якога сустракаеш.

Ці ўсведамляю сабе крыўду, якую я прычыніў іншым словамі словамі і учынкамі?

Ці даю сабе час на роздум, перш чым штосьці скажу ці зраблю? Ці можа перш зраблю, а потым шкадую?

Якія ў мяне сёння ёсць нагоды, каб паслужыць Езусу ў іншым чалавеку? Ці не занядбоўваю тварэнне дабра?

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 6, 7–15

Таму так маліцеся 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. 

Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сёння знову слова пра надвор’е. Варта ўвагі тое, што Бог тут гаворыць не пра кароткачасовы дожджык, а пра лівень і снег. Як лівень ці снег сур’ёзна ўплывае на стан зямлі, так Слова Божае прыходзіць з моцаю. Напэўна цябе не аднойчы змачыў дождж або даводзілася мерзнуць на снезе… Падобным чынам Бог хоча цябе прасякнуць сваёй магутнай ласкай. А ці спрабаваў ты калі-небудзь паадбіваць кроплі дажджу або злавіць усе сняжынкі? Вядома, ніхто ўсур’ёз гэтага не робіць. Важна, каб Божае Слова больш прымаць, чым закідаць Бога словамі ўласнымі: “Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі”. Дазволь Божай ласцы перамяніць цябе. Даверся, то калі шукаеш моцы ў Пана, Ён цябе выслухае і вызваліць ад усіх пагрозаў. Пан чуе тых, хто заклікае аб дапамозе і ратуе іх. Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана. З такім настаўленнем прымайма заахвочванне маліцца Малітвай Пана – Ойча наш… У хрысціян ўжо з першых стагоддзяў быў звычай так маліцца прынамсі тройчы ў дзень. Звярні ўвагу, што ў першых словах гэтай малітвы прызнаем Божую айцоўскую любоў да нас і Яго ўсемагутнасць. З гэтага пачынайма кожную нашу малітву.

Калі думаеш пра Бога, уяўляеш больш як суровага суддзю, міліцыянера? Ці можа аднак даверліва звяртаешся да Яго як дзіця да Таты?

Як выглядае твая штодзённая малітва? Ці дазваляеш Божаму Слову кожны дзень перамяняць тваё жыццё?

Падумай наколькі часта ты кажаш ў малітве: “будзь воля Твая” але думаеш “воля мая” – асабліва калі гаворка ідзе пра прабачэнне бліжняму.

Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія