ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 7, 1–13

Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль не памыюць старанна рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыццё кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.

Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?

Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.

І сказаў ім: Вы ўмела адхіляеце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. Бо Майсей сказаў: Шануй бацьку свайго і маці сваю, — і: Хто зласловіць бацьку ці маці, няхай памрэ смерцю. А вы гаворыце: Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Корбан, а гэта значыць, дарам ахвярным ёсць тое, чым я мог бы дапамагчы, — то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. Вы адхіляеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

6 лютага, аўторак

Традыцыя. Як шмат для нас сёння гэтае слова азначае. Шмат чаго мы робім і кажам кіруючыся адным сказам: “Так было заўсёды”. Прызвычаенні чалавека да пэўных рэчаў, паводзін так шмат для яго азначаюць таму, што “традыцыя” дае нейкую ўпэўненасць. Яна неяк забяспечвае ў такім крохкім і няпэўным жыцці. Нажаль вельмі часта здараецца што і Бог для чалавека становіцца “традыцыяй”. Трэба ўзаць шлюб у касцёле бо гэта традыцыя. Трэба прыняць святара ў хаце, бо так трэба. Трэба асвяціць яйкі перад Вялікаднем, бо так заўсёды рабілі. Касцёл становіцца для чалавека месцам традыцыі, куды ідуць бо так заўсёды рабілі продкі. Чалавек забываецца, што Касцёл гэта месца, дзе ёсць Бог! Месца асаблівае, якое Бог абраў для размовы і прабывання разам з чалавекам. І гаворка не ідзе пра будынкі…

Касцёл гэта супольнасць, дзе прабывае Бог, які ёсць Богам жывых, Бог канкрэтны а не абстакцыя ці фікцыя. Толькі калі чалавек зразумее, што Бог ёсць Богам жыцця, ён сам зможа жыць. Толькі калі ты адчыніш дзверы свайго сэрца Хрысту які рэальна існуе, Ён зможа перамяніць тваё жыццё і душа, якая да гэтай пары была вадою, стане віном Божай прысутнасці. Віном якое ап’яняе і робіць кожны твой дзень асаблівым.

Кім ёсць Бог, да якога прыходжу, звяртаюся? Кім ёсць Той каго шукаю? Што для мяне больш важна “Традыцыя”, ці Бог які кліча мяне выйсці па-за мае рамкі?

Брат Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».