ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 2, 22–32

Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

Жыў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, 
паводле слова Твайго, у спакоі; 
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, 
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў 
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

2 лютага, пятніца. Ахвяраванне Пана.

Прароцтва прарока Малахіі прадвяшчае надыход Пана. Месіі, Які прыйдзе, каб навучыць Ізраэль сапраўднаму культу. Каб выправіць жорсткасць сэрцаў і навучыць народ аддаваць пашану Богу ў духу і праўдзе.
Езус Хрыстус прыйшоў на зямлю, каб вызваліць чалавека ад путаў смерці. Каб надаць праву, якое знявольвала чалавека, новы сэнс. Каб гэта зрабіць, Ён сам паддаўся праву. Прыняў чалавечае цела і права, якое накладвала абавязкі.
Сімяон, справядлівы і пабожны чалавек, які выконваў права, бачыць у святыні Месію. Песня Сімяона - гэта прароцтва, якое абвяшчае надыход збаўлення для ўсіх. Месія, які наведвае свой народ, павінен прынесці збаўленне ўсім людзям. Каб здзейсніць тое, дзеля чаго Хрыстос прыйшоў на свет, Ён сам прымае слабае людское цела. У сваім жыцці Езус перажываў расчараванне, жаль, боль, страту блізкіх. Гэта ўсё дзеля таго, каб чалавек мог убачыць, што Бог ведае яго цярпенні і цяжкасці. Бог - гэта не нехта далёкі, якому абыякавыя людскія цяжкасці. Наш Пан - гэта Бог магуццяў, які дасканала ведае, што перажывае чалавек і заўсёды побач, каб дапамагчы. Бог мае тое святло, якое можа асвяціць цемру людскога жыцця. Ад чалавека толькі залежыць, ці прыняць гэтае святло.
Ці веру я, што Бог побач са мною?
Ці гатовы я дазволіць яго святлу ўвайсці ў маё жыццё?
Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».