свята св. а. Піо

У суботу, 23 верасня, Касцёл успамінае св. падрэ Піо з П'етрэльчыны. У гонар св. Піо названы наш касцёл, таму ў нашай парафіі гэты дзень з'яўляецца святам. 
Узначаліў урачыстую святую імшу кс. канонік Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі Божага Цела ў Беразінскім, які паходзіць з Маладзечна. Таксама прысутнічалі кс. пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі св. Юзэфа ў Маладзечне, кс. канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы і кс. Уладзімір Русак, таксама маладзечанец, пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве.


Гамілію прамовіў а. Алег Шэнда OFM Cap, кусташ беларускай кустодыі братоў меншых капуцынаў. А. Алег падкрэсліў значнасць асобы св. Піо ў сучасным Касцёле і пастараўся наблізіць яго постаць да вернікаў, дзякуючы прыкладам з яго жыцця. «"Вы думаеце, гэтыя раны дадзены мне для прыгажосці? Раны ёсць для таго, каб балець!" - казаў а. Піо. Нашы раны, можа, не заўсёды фізічныя, а духоўныя, дадзены нам, каб балець і тым самым набліжаць да Бога».
Пасля імшы каля касцёла даў канцэрт ужо вядомы хрысціянскі гурт «Рыбы». Парафіяне, молячыся, падпявалі і падтанцоўвалі. Магчыма, гэта стала сведчаннем для некаторых маладзечанскіх мінакоў, якія далучыліся да гэтай часткі нашага свята.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».